Балота Спораўскае


Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі, Драгічынскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі раёны

Каардынаты: 52°23 N 25°20 E

Плошча: 19384 гектараў

Нацыянальны статус аховы: біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Спораўскі” ўтвораны ў сучасных межах у 1999 годзе

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY002-003, крытэрыі А1, В2, В3). Першае Рамсарскае ўгоддзе заснавана ў 1999 годзе (крытэрыі 1а, 2а)

 

Тэрыторыя ўяўляе сабой адзін з буйнейшых у Еўропе комплекс пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў натуральным стане. Дзякуючы сваім памерам балотны масіў застаецца стабільнай экасістэмай, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад змен на прылягаючых тэрыторыях.

У цэнтры заказніка працякае рака Ясельда з вельмі звілістым і зарослым воднай расліннасцю рэчышчам. Пойма шырынёй ад 0,5 да 2 кіламетраў з абодвух бакоў рэчышча ўяўляе сабой тыповае нізіннае балота. У цэнтры заказніка знаходзіцца возера Спораўскае. Асноўная частка тэрыторыі заказніка занята адкрытымі нізіннымі балотамі (43,2%), нізінныя балоты з мазаічна размешчанымі хмызнякамі займаюць 17,9% плошчы, на долю балот, парослых хмызнякамі, прыходзіцца 4,1%. Сярод балот раскіданы шматлікія невысокія пагоркі і ўзвышшы (мінеральныя астравы). У мінулым мінеральныя астравы былі пакрыты дубова-хваёвымі лясамі, але пазней іх высеклі і гэтыя ўчасткі сталі выкарыстоўваць у якасці выганаў і пашаў. У цяперашні час большая частка сельскагаспадарчых тэрыторый закінута і на іх аднаўляецца натуральная расліннасць.

Раней, да меліярацыі, гідралагічны рэжым ракі Ясельда быў тыповым для раўнінных рэк: кожную вясну бывала высокая паводка, якая змянялася летней межанню. На працягу ўсяго года здараліся рэдкія навадненні, выкліканыя ападкамі. У цяперашні час увесь участак ракі Ясельда вышэй заказніка выпрамлены і зарэгуляваны. На рацэ створаны вадасховішча і рыбгас “Сялец”, ад дзейнасці якіх залежыць гідралагічны рэжым на тэрыторыі заказніка. У апошнія гады веснавыя паводкі адсутнічаюць, затое пачасціліся летнія навадненні. Парушэнне гідралагічнага рэжыму прыводзіць да інтэнсіўнага зарастання рэчышча ракі і возера, да штогодніх затапленняў поймы ці, наадварот, моцных засух і пажараў.

Тэрыторыя заказніка выкарыстоўваецца для наступных відаў гаспадарчай дзейнасці: сенакашэння і выпасу жывёлы (10-15% плошчы), лясной гаспадаркі, палявання і рыбнай лоўлі. На прылягаючых да ўгоддзя, у асноўным меліяраваных, землях вырошчваюцца прапашныя і зерневыя культуры.

Тэрыторыя з’яўляецца вызначальным месцам гнездавання віда, які знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola. Тут гняздуецца каля 9% сусветнай папуляцыі і  адзначана самая высокая ў свеце шчыльнасць гэтага віду. Заказнік забяспечвае існаванне папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх і знікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч Crex crex і дубальт Gallinago media) таксама знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 20 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Акрамя гэтага, тэрыторыя заказніка падтрымлівае папуляцыю чаплі-бугая Botaurus stellaris, якая мае міжнародную значнасць, і папуляцыю чорнага бусла Сісonia nigra нацыянальнай значнасці. Усяго на гнездаванні ў заказніку адзначана 123 віды птушак. Дадзеныя аб найбольш значных з іх прыведзены ў табліцы.


Від / Species

Ацэнка колькасці (пар)/ Population estimates (pairs)

Крытэрый ТВП/ IBA Criteria

Anas querquedula  Чирок-трескунок             

Качка-чырка / Garganey

400-600

B2

Aquila clanga Большой подорлик

Вялікі арлец / Great Spotted Eagle

2-3

А1

Porzana porzana Погоныш

Звычайны пагоніч / Spotted Crake

250-400 самцов

B3

Crex crex Коростель

Драч / Corncrake

200-300 самцов

А1

Gallinago media Дупель

Дубальт / Great Snipe

20

А1

Larus minutus  Малая чайка

Малая чайка / Little Gull

20

B2

Chlidonias nigerЧерная крачка

Чорная рыбачка / Black Tern

50-200

B2


Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным, хаця і не вельмі багатым складам раслін. Звязана гэта з тым, што нешматлікія ўзвышэнні рельефу (мінеральныя астравы), якія робяць больш разнастайнай бедную флору балот, у значнай ступені трансфармаваны. На тэрыторыі заказніка налічваецца 18 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і 13 відаў, якія маюць рэгіянальную значнасць. Акрамя гэтага, тут адзначаны ўнікальныя супольнасці травяністай расліны булаваносца сівога Corynephoretum canescentis, якія прыстасаваліся да росту на сухіх пясчаных выспах ва ўмовах, неспрыяльных для выжывання іншых відаў раслін.

З іншых рэдкіх прадстаўнікоў нашай фауны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у заказніку адзначаны 1 від паўзуноў (балотная чарапаха Emys orbicularis) і 18 відаў насякомых, 2 з якіх уключаны яшчэ і ў Еўрапейскую Чырвоную кнігу.

 Неспряльныя фактары

Парушэнне гідралагічнага рэжыму ракі Ясельда з’яўляецца важнейшым фактарам, які вызначае стан экасістэмы балота і яго біялагічнай разнастайнасці. Эксплуатацыя вадасховішча і рыбгаса “Сялец” з’яўляецца прычынай паводак і засух на балоце, якія, у сваю чаргу, прыводзяць да затаплення гнёздаў птушак, паскарэння раслінных сукцэсій, зарастання рэчышча ракі і возера, веснавых пажараў і, як вынік, да змены відавога складу флоры і фауны.

Забруджванне вады цяжкімі металамі, пестыцыдамі, арганічнымі рэчывамі.

Узворванне глебы на мінеральных астравах, дзе растуць рэдкія віды раслін.

Скарачэнне сенакашэння з’яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызнякамі.

Штогоднае веснавое выпальванне расліннасці практыкуецца мясцовым насельніцтвам і наносіць істотную страту біялагічнай разнастайнасці. Асабліва буйныя пашкоджанні адбываюцца ва ўмовах сухой вясны і адсутнасці паводак, калі разам з расліннасцю выпальваецца верхні пласт глебы, карэнні раслін і гінуць усе насякомыя. На такіх выпаленых балотах і лугах большасць відаў птушак перастае гнездавацца.

 Неабходныя меры аховы

У 2001 годзе распрацаваны план кіравання заказнікам “Спораўскі”, у якім змешчаны рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем. Асноўная ўвага ў плане ўдзелена вырашэнню праблем, звязаных з колькасцю і якасцю вады.