Балота Дзікое

Месцазнаходжанне:Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён

Каардынаты: 52°41 N 24°20 E

Плошча: 15206 гектараў

Нацыянальны статус аховы: У 1999 годзе 92% балотнага масіва "Дзікое" далучана да Нацыянальнага парка "Белавежская Пушча", але перадача зямлі да цяперашняга часу поўнасцю не завершана

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY010, крытэрыі А1, В2, В3). Патэнцыяльнае Рамсарскае ўгоддзе (крытэрыі 1а, 2а). Большая частка тэрыторыі нацыянальнага парка "Белавежская Пушча" (92%) уключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца трансмежавым біясферным запаведнікам.


        Дзікое – адно з буйнейшых у Еўропе балот нізіннага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане. У цяперашні час яно знаходзіцца на пераходнай стадыі развіцця паміж гіпнава-асаковым і асакова-сфагнавым тыпамі балот, прычым заходняя частка прадстаўлена тыповым нізінным балотам, а ўсходняя – пераходным. Па плошчы пераважаюць асаковыя балоты, сярод якіх размяшчаюцца шматлікія астравы, пакрытыя лесам. З драўнінных парод дамінуюць хвоя, елка і барадаўчатая бяроза. На балотах растуць, у асноўным, алешнікі і беразнякі.

Балотны масіў размешчаны на водападзеле двух буйных басейнаў: Балтыйскага і Чарнаморскага. Ён фарміруе і падтрымлівае гідралагічны рэжым нацыянальнага парка “Белавежская Пушча” і рэгіёна ўвогуле. З цэнтральнай часткі балота бяруць пачатак дзве ракі – Нараў і Ясельда. Гідралагічны рэжым на большай частцы тэрыторыі захоўваецца блізкім да натуральнага; грунтовыя воды падтрымліваюцца на ўзроўні паверхні балота з невялікімі адхіленнямі ў перыяд раставання снегу, моцных дажджоў ці летняй межані. Толькі ў паўднёва-усходняй частцы масіва ў выніку меліярацыі сумежных тэрыторый адбылося значнае зніжэнне ўзроўню грунтовых вод.

Асноўны від землекарыстання – сенакашэнне. Дзікое – адзінае балота ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі, якое мае вялікія запасы журавін. На сумежных, у асноўным меліяраваных, землях вырошчваюцца шматгадовыя травы, прапашныя і зерневыя культуры.

Арнітафауна масіва прадстаўлена 99 відамі птушак, 14 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод апошніх – барадатая кугакаўка Strix nebulosa (2-3 пары) і пугач Bubo bubo (2 пары) – віды, якія маюць нацыянальную значнасць. Міжнародная значнасць балота заключаецца, у першую чаргу, у тым, што на яго тэрыторыі гняздуецца вялікая колькасць відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка Acrocephalus paludicola, вялікі арлец Aquila clanga, драч Crex crex, дубальт Gallinago media.


 

Від / Species

Ацэнка колькасці, пар/ Population estimates, pairs

Крытэрый ТВП / IBA Criteria

Aquila clanga Вялікі арлец / Большой подорлик/Greater Spotted Eagle

4-5

А1

Aquila chrysaetos Арол-маркут / Беркут/Golden Eagle

1

B2

Crex crex Драч / Коростель / Corncrake

50-100 самцоў / males

А1

Gallinago media Дубальт / Дупель / Great Snipe

20 самцоў / males

А1

Anthus pratensis Лугавы свірстун / Луговой конек / Meadow Pipit

3000-4000

В3

Locustella naevia Звычайны цвыркун / Обыкновенный сверчок / Grasshopper Warbler

400-700

В3

Acrocephalus paludicola Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка / Aquatic Warbler

1200-1500 самцоў / males

А1


Фауна іншых пазваночных заказніка даволі разнастайная і ўключае 28 відаў млекакормячых, 4 віды паўзуноў і 5 відаў амфібій. На тэрыторыі балота адзначана рэдкая ў Белавежскай Пушчы рысь Felix linx. Асабістае значэнне Дзікое мае для захавання ў нацыянальным парку абарыгеннай папуляцыі лася Alces alces.

Акрамя гэтага, на балотным масіве выяўлена 13 відаў насякомых, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і 3 віды з Еўрапейскага Чырвонага спіса жывёл і раслін.

На тэрыторыі балота Дзікое расце 14 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Некаторыя з іх (асака ценявая Carex umbrosa, лікападыела заліўная Lycopodiella inundata і вярба чарнічная Salix myrtilloides) адзначаны ў Пружанскім раёне ўпершыню. Ва ўсходняй частцы балота сканцэнтраваны буйнейшыя ў краіне зараснікі бярозы каржакаватай Betula humilis.


 Неспрыяльныя фактары

Скарачэнне сенакосаў з’яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызняком .

Асушэнне. Істотны ўплыў на гідралагічны рэжым аказвае няправільная эксплуатацыя існуючых меліяратыўных сістэм.

Паскарэнне натуральных сукцэсій. Балота Дзікое знаходзіцца на пераходнай стадыі развіцця (паміж гіпнава-асаковым і асакова-сфагнавым тыпам балот). Гэты працэс значна паскорыўся ў апошнія 30-40 гадоў, калі балоты перасталі выкарыстоўваць для сенакашэння.


Прапанаваныя меры аховы

Распрацоўваецца план кіравання балотам Дзікое, у якім будуць дадзены рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем.