|
Неспрыяльныя фактары Паніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку пракладання каналаў сярод балота, выраўноўвання рэк і асушэння перыферыйных участкаў балота. Парушэнне гідрарэжыму прыводзіць да пачашчэння пажараў, змянення відавога саставу флоры, зарастання адкрытых участкаў балот хмызнякамі і лесам. Выпальванне расліннасці і пажары. Пажары і паніжэнне ўзроўню грунтовых вод аказваюць істотны ўплыў на стан папуляцый птушак, якія тут гняздуюцца і спыняюцца падчас міграцый. У першую чаргу, у выніку пажараў змяншаецца плошча тыповых балотных экасістэм, а знішчэнне журавін значна змяншае кармавую базу для многіх відаў птушак. Фактар неспакою. У апошнія гады рыбаловы і паляўнічыя пачалі ўсё часцей наведваць азёры. Гэта прыводзіць да разбурэння гнёздаў многіх відаў птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу. Балота пачынае губляць сваю значнасць як месца канцэнтрацыі мігрыруючых гусей і жураўлёў. Адна з прычын такога становішча – зніжэнне ўзроўню грунтовых вод, што зрабіла балота больш даступным для чалавека вясной. Нерэгламентаваны збор журавін прыводзіць да сур’ёзнага пашкоджання наглебавага покрыва і з’яўляецца яшчэ адным фактарам парушэння спакою жывёл. Неабходныя меры аховы Для вырашэння пералічаных экалагічных праблем неабходна зрабіць шэраг захадаў: · аптымізаваць гідралагічны рэжым балотнага комплексу шляхам перакрыцця каналаў, па якіх вада выцякае з балота; · забараніць асушальныя работы як унутры, так і на перыферыі заказніка; · арганізаваць кантроль за выкананнем забароны на паляванне на азёрах, якія з’яўляюцца буйнейшымі месцамі адпачынку мігрыруючых гусей; · абмежаваць ці забараніць рыбную лоўлю на азёрах, дзе гняздуюцца рэдкія віды птушак; · стварыць спецыяльную структуру па кіраванню гэтай унікальнай тэрыторыяй. |
|
© 2006-2007
Ахова птушак Бацькаўшчыны г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313 +375 17 263 01 30 +375 17 263 06 13 |