Балота Званец

Месцазнаходжанне:Брэсцкая вобласць, Драгічынскі, Кобрынскі раёны

Каардынаты: 55°05 N 24°50 E

Плошча: 15873 гектараў

Нацыянальны статус аховы: біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Званец” агульнай плошчай 10460 гектараў створаны ў 1996 годзе. У 2002 г. плануецца пашырыць тэрыторыю заказніка на ўсю плошчу ТВП (15873 гектары)

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY016, крытэрыі А1, В2, В3). Патэнцыяльнае Рамсарскае ўгоддзе (крытэрыі 1а, 2а)

 

Балотны масіў Званец размешчаны ў міжрэччы Днепра-Бугскага канала і яго прытокаўБелаазёрскага і Арэхаўскага каналаў. З паўднёвага і паўночна-заходняга боку масіў абмежаваны меліярацыйнымі сістэмамі. Званец – буйнейшае ў Еўропе нізіннае балота мезатрофнага тыпу са шматлікімі адкрытымі мінеральнымі астравамі. Непасрэдна балота, па якім раскіданы астравы розных памераў (ад 0,2 да 10 гектараў), займае 70,2% масіву. На лясы і хмызнякі прыходзіцца 16,2% агульнай плошчы. Параўнанне аэрафотаздымкаў 1950-ых і 1990-ых гадоў сведчыць аб змяншэнні плошчы адкрытых балот і павелічэнні плошчы лясоў і хмызнякоў.

Вадаёмы з адкрытай вадой прадстаўлены адным возерам і сеткай каналаў. Возера Залескае ў выніку меліяратыўных работ на прылягаючай тэрыторыі моцна абмялела і ператварылася ў дыстрафіруючы вадаём. Дзякуючы значным памерам і размяшчэнню на водападзеле басейнаў Прыпяці і Буга, балотны комплекс уяўляе сабой стабільную экасістэму, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад змен на навакольных тэрыторыях. Аснову воднага сілкавання балота састаўляюць грунтовыя воды, вясной і восенню нязначную ролю адыгрываюць атмасферныя ападкі. Істотны ўплыў на гідрарэжым балотнага комплексу аказваюць прылягаючыя да яго меліяратыўныя сістэмы і сетка каналаў, па якіх вада выцякае з балота. Узровень грунтовых вод на балоце ў многім залежыць ад характару выкарыстання вады на гэтых асушаных землях і можа вар’іраваць у межах +-0,5 метра. Такі рэжым водакарыстання выклікае ў заказніку альбо паводкі альбо засуху з вялікімі пажарамі, якія наносяць істотную шкоду біялагічнай разнастайнасці.

Асноўным відам землекарыстання на тэрыторыі ўгоддзя з’яўляецца сенакос, яго праводзяць амаль на 10% плошчы балотнага комплексу. Мінеральныя астравы выкарыстоўваюцца для вырошчвання прапашных культур, у асноўным, бульбы. Найбольш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца усходняя і заходняя часткі балота (апошняя знаходзіцца за межамі запаведнай тэрыторыі).

Усяго на балоце Званец гняздуецца 110 відаў птушак, 21 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Асаблівае значэнне тэрыторыя мае для захавання наступных відаў:


Від/ Species

Ацэнка колькасці, пар / Population estimates, pairs

Крытэрый ТВП / IBA Criteria

Circus cyaneus Палявы лунь / Полевой лунь / Hen Harrier

5-10

B2

Circus pygargus Поплаўны лунь / Луговой лунь / Montagu’s Harrier

10-20

B3

Aquila clanga Вялікі арлец / Большой подорлик / Greater Spotted Eagle

1-2

A1

Porzana porzana Пагоніч / Погоныш / Spotted Crake

1000-4000 самцоў / males

В3

Crex crex Драч / Коростель / Corncrake

50-100 самцоў / males

А1

Grus grus Шэры журавель / Серый журавль / Crane

50-100

В2

Bubo bubo Пугач / Филин / Eagle Owl

15

B2

Asio flammeus Балотная сава / Болотная сова / Short-eared Owl

100-200

В2

Locustella naevia Звычайны цвыркун / Обыкновенный сверчок / Grasshopper Warbler

100-200

В3

Locustella luscinioides Салаўіны цвыркун / Соловьиный сверчок / Savi’s Warbler

1500-3000

B3

Acrocephalus paludicola Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка / Aquatic Warbler

3000-6000 самцоў / males

А1

Acrocephalus schoenobaenus Звычайная чаротаўка / Камышевка барсучок / Sedge Warbler

5000-8000

В3


Міжнародная значнасць балота Званец вызначаецца, ў першую чаргу, падтрыманнем буйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola і іншых відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікага арляца Aquila clanga, драча Crex crex. Акрамя гэтага, на тэрыторыі балота гняздуецца каля 1% еўрапейскіх папуляцый чаплі-бугая Botaurus stellaris і вадзянога пастушка Rallus aquaticus. Тэрыторыя таксама мае рэспубліканскае значэнне для захавання папуляцый такіх рэдкіх відаў як шэры журавель Grus grus, бакас Gallinago gallinago, вялікі кулён Numenius arquata.

На балоце зарэгістраваны і іншыя прадстаўнікі фауны Беларусі (2 віды млекакормячых, 15 наземных і 3 віды водных насякомых), занесеныя ў Чырвоную кнігу.

У межах балота Званец выяўлена 67 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, якія патрабуюць розных форм аховы. Большасць з гэтых відаў знойдзена на мінеральных астравах, якія з’яўляюцца сапраўднымі аазісамі багацейшай, а часта і проста ўнікальнай флоры сярод аднастайнай расліннасці забалочанай прасторы. На тэрыторыі балота растуць 10 рэдкіх для Беларусі і Еўропы раслінных супольнасцей, раней шырока распаўсюджаных на нізінных балотах Палесся. З раслін, якія сустракаюцца на Званцы, 23 віды занесены ў Чырвоную кнігу РБ.

 Неспрыяльныя фактары

Парушэнне гідралагічнага рэжыму балотнага масіву пад уплывам прылягаючых меліяратыўных сістэм прыводзіць да паводак альбо засух і пажараў.

Узворванне глебы на мінеральных астравах, дзе растуць рэдкія віды раслін.

Скарачэнне сенакашэння з’яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызнякамі.

Няўстойлівае лесакарыстанне. Лесакарыстанне на тэрыторыі заказніка праводзіцца без уліку яго значнасці для захавання біяразнастайнасці.

Штогоднае выпальванне расліннасці ў вясенні перыяд практыкуецца мясцовым насельніцтвам і наносіць істотную шкоду біялагічнай разнастайнасці. Асабліва буйныя пашкоджанні адбываюцца ва ўмовах сухой вясны і адсутнасці паводак, калі разам з расліннасцю выпальваецца верхні слой глебы, карэнні раслін і гінуць усе насякомыя. На такіх выпаленых балотах і лугах большасць птушак перастае гнездавацца.

 Неабходныя меры аховы

У 2001 годзе распрацаваны план кіравання заказнікам “Званец”, які ўтрымлівае рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем. Асноўная ўвага ў плане ўдзелена аднаўленню гідралагічнага рэжыму, правядзенню спецыяльнага лесаўпарадкавання, укараненню прынцыпаў экалагічнага прыродакарыстання.

Прапанавана таксама пашырыць тэрыторыю заказніка на ўвесь балотны комплекс і заснаваць структуру кіравання.