"Белавежская Пушча"


Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Камянецкі, Пружанскі раёны; Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён

Каардынаты: 52°45 N 24°04 E

Плошча: 87400 гектараў

Нацыянальны статус аховы: беларускі дзяржаўны запаведнік “Белавежская Пушча” быў заснаваны ў 1939 годзе. У 1957 годзе яго рэарганізавалі ў запаведна-паляўнічую гаспадарку, а ў 1990 – ў Нацыянальны парк

Міжнародны статус аховы: у 1992 годзе “Белавежская Пушча” ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Трансгранічны біясферны запаведнік створаны ў 1993 г. ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY009, крытэрыі А1, В2, В3)

 

Белавежская Пушча – буйнейшы і адзіны з тыповых некалі ў Еўропе, масіў пярвічных лясоў, які захаваўся да сённяшніх дзён. Беларуская частка нацыянальнага парка мяжуе з польскай. Захаванню гэтых унікальных мясцін садзейнічала тое, што ў розныя эпохі яны з’яўляліся традыцыйным месцам палявання літоўскіх, польскіх і рускіх каранаваных і іншых высокапастаўленых асоб. У адрозненне ад іншых лясных масіваў раўніннай Еўропы, Белавежскія лясы захавалі амаль што першабытны выгляд. Пакуль яшчэ даволі шматлікія некранутыя ўчасткі Пушчы даюць прытулак цэламу комплексу характэрных жывёл і раслін. Незвычайная для Беларусі і ўзроставая структура лясоў. Пры сярэднім узросце 90 гадоў нярэдка сустракаюцца 200-250-гадовыя дрэвы. Старыя ўчасткі лесу займаюць больш за палову агульнай лясной плошчы. Белавежская Пушча – адзіны ў Еўропе лясны масіў, у якім больш за тысячу шматвекавых дрэў.

Лясы пакрываюць 92 працэнты тэрыторыі нацыянальнага парка, сярод іх пераважаюць хваёвыя, але, увогуле, можна сустрэць усе  асноўныя тыпы лесу, характэрныя для гэтага геаграфічнага рэгіёна. Першабытнасць Пушчы падкрэсліваецца значнай доляй карэнных ясеневых, ліпавых, кляновых лясоў, старых альшанікаў.

Яшчэ трыццаць гадоў назад усходняя частка Пушчы была акружана буйнымі асаковымі балотамі, большасць з якіх цяпер асушана. Да нашых дзён захаваўся толькі адзін вялікі масіў балот – Дзікое. Асушэнне балот з’явілася адной з прычын парушэння гідралагічнага рэжыму Пушчы, што прывяло да шэрагу адмоўных вынікаў. Адным з іх з’яўляецца змяншэнне колькасці лугоў, якія займаюць цяпер толькі некалькі працэнтаў ад агульнай плошчы нацыянальнага парка і размешчаны ў поймах невялікіх рэк.

Белавежская Пушча знаходзіцца ў басейне ракі Вісла. З поўначы і паўднёвага ўсходу да яе прымыкаюць басейны рэк Нёман і Прыпяць, прычым водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў праходзіць у непасрэднай блізкасці ад межаў Пушчы. Праз яе тэрыторыю працякае шмат невялікіх рэк і рэчак, многія з якіх бяруць пачатак у самой Пушчы ці ў непасрэднай блізкасці ад яе. Самая вялікая рака Нараў выцякае з балота Дзікое. Важнейшы прыток Нарава ў межах Пушчы – рака Нараўка, выток якой – балота Дзікі Нікар – было асушана, а сама рака выраўнавана. Па паўднёвай частцы нацыянальнага парка працякае рака Правая Лясная з прытокамі Белая і Перавалока. Натуральных азёр на тэрыторыі няма. З дзесяці штучных вадасховішчаў найбольш буйныя створаны ў пойме ракі Перавалока на месцы былога нізіннага балота і луга: азёры Лядскае (345 гектараў) і Хмялеўскае (75 гектараў). Выраўноўванне рэк таксама аказала істотны адмоўны ўплыў на гідралагічны рэжым ляснога масіву.

            У нацыянальным парку пераважаюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: абмежаваныя лесанарыхтоўкі, паляўнічы і экалагічны турызм.

Птушкі Белавежскай Пушчы прадстаўлены 253 відамі. З 75 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, тут адзначаны амаль усе. Сярод іх: барадатая кугакаўка Strix nebulosa, вераб’іны сычык Glaucidium passerinum, касматаногі сыч Aegolius funereus, пугач Bubo bubo, арол-вужаед Circaetus gallicus, малы арлец Aquila pomarina, чапля-лазянік Ixobrychus minutus, чапля-бугай Botaurus stellaris. Тут таксама гняздуюцца віды, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, вялікі арлец Aquila clanga, вяртлявая чаротаўка Acrocephalus paludicola.


Від / Species

Ацэнка колькасці, пар / Population estimates, pairs

Крытэрый ТВП / IBA Criteria

Ciconia nigra / Чорны бусел /Черный аист/ Black Stork

15-20

B2

Ciconia ciconia / Белы бусел / Белый аист/ White Stork

220-250

B2

Pernis apivorus / Звычайны асаед / Обыкновенный осоед / Honey Buzzard

15-25

B3

Aquila pomarina / Малы арлец / Малый подорлик/ Lesser Spotted Eagle

30-40

B2

Aquila clanga / Вялікі арлец / Большой подорлик/ Greater Spotted Eagle

1-2

A1

Crex crex / Драч / Коростель / Corncrake

40-70 самцоў/males

A1

Gallinago media / Дубальт / Дупель / Great Snipe

50-80 самцоў/males

A1

Bubo bubo / Пугач / Филин / Eagle Owl

12-20

B2


Сярод іншых пазваночных Пушчы – 59 відаў млекакормячых, 28 – рыб, 11 – земнаводных, 7 – паўзуноў. Красой і гордасцю пушчанскіх лясоў з’яўляецца зубр Bison bonasus. Гэта самая буйная жывёліна на еўрапейскім кантыненце, якая жыла тут яшчэ ў перыяд мамантаў і шарсцістых насарогаў. Сёння ў нацыянальным парку налічваецца каля 300 зуброў.

Разнастайнасць глебы Белавежскай пушчы спрыяе відавому багаццю флоры: на яе тэрыторыі сустракаецца каля 900 відаў сасудзістых раслін, 40 відаў з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Сярод драўнінных парод сустракаюцца рэдкія: піхта белая Abies alba, дуб скальны Quercus petraea (Mattuschka), вязы – шурпаты Ulmus glabra і гладкі Ulmus laevis. Растуць рэдкія віды хмызнякоў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі – плюшч звычайны Hedera helix, жаўтазель германскі Genista germanica, вярба чарнічная Salix myrtilloides. Усе яны знаходзяцца на межах свайго арэала: плюшч – на ўсходняй, жаўтазель – на паўночнай і вярба – на паўднёва-ўсходняй.

 Неспрыяльныя фактары

Асушальная меліярацыя была праведзена на ўскраінах і ў самой Белавежскай Пушчы ў 50-60-ыя гады, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень грунтовых вод.

Знішчэнне падросту дзікімі капытнымі, колькасць якіх значна павялічылася ў выніку зімовай падкормкі і адстрэлу ваўкоў.

Лесагаспадарчая дзейнасць. Пасля пераўтварэння запаведніка ў нацыянальны парк лесагаспадарчая дзейнасць на яго тэрыторыі значна пашырылася. Гэта стала адным з істотных фактараў адмоўнага ўздзеяння на экасістэмы.

Хімічнае забруджванне. Белавежская Пушча знаходзіцца на мяжы трансгранічнага пераносу паветраных мас і з’яўляецца натуральным бар’ерам на шляху міграцыі забруджваючых рэчываў. У выніку, на яе тэрыторыі асядаюць многія цяжкія металы.

Прамысловыя нарыхтоўкі ягад, грыбоў і лекавай сыравіны зніжаюць кармавую базу жывёл, а таксама з’яўляюцца фактарам парушэння іх спакою.

 Неабходныя меры аховы

Неабходна распрацаваць план кіравання нацыянальным паркам.