Брыцалавіцкая пушча


Месцазнаходжанне: Магілёўская вобласць, Асіповіцкі і Клічаўскі раёны.

Каардынаты: 53°23 N 28°54 E

Плошча: 68000 гектараў

Нацыянальны статус аховы: не мае.

Міжнародны статус аховы: патэнцыяльная ТВП, (Крытэрыі: А1: дубальт; В2: жоўтагаловы дзяцел, В3: шэрая кугакаўка, сярэдні дзяцел, пярэстая валасяніца).

 

            Патэнцыйная ТВП знаходзіцца на Цэнтральна-Бярэзінскай раўніне і ўяўляе сабой лясны масіў, раздзелены на тры часткі ракой Бярэзінай і яе прытокам Свіслаччу. Арніталагічная каштоўнасць тэрыторыі вызначаецца, перш за ўсё, наяўнасцю тут такоў і выдатных гнездавых угоддзяў для глабальна пагражаемага віду – дубальта Gallinago media. Рэльеф тэрыторыі плоска-хвалісты, з ухілам да поўдня, ускладнёны шматлікімі эолавымі дзюнамі і марэннымі ўзгоркамі.

            У складзе дрэвавай расліннасці паўночна-заходняй часткі ўгоддзя (левы бераг Свіслачы) пераважаюць ельнікі з прымессю асіны і грабава-дубовыя лясы. Тут жа маюцца два невялікія ўчасткі верхавых балот. Паўднёва-заходнюю частку займаюць старыя шырокалісцёвыя лясы з перавагай дуба і граба і з прымессю ліпы, клёна, елкі і асіны. Асобныя ўчасткі дуброў і ліпнякоў маюць узрост больш за 100 гадоў. У поймах лясных ручаёў растуць чорнаалешнікі. Уздоўж левага берага Бярэзіны працягнуліся старыя дубровы, якія перамяжаюцца з забалочанымі алешнікамі. Берагі Свіслачы больш сухія, але тут таксама сустракаюцца фрагменты старых дуброў. Дзюны і марэнныя ўзгоркі звычайна пакрытыя сасновымі лясамі.

            Аснову гідралагічнай сеткі ТВП складаюць рэкі Бярэзіна і Свіслач са шматлікімі старыцамі і пойменнымі азёрамі. Лясны масіў прарэзаны ручаямі, якія моцна разліваюцца ў паводку і перасыхаюць летам. Частка масіву застаецца забалочанай на працягу ўсяго цёплага часу года.

Асноўнай формай выкарыстання тэрыторыі з’яўляецца лесагаспадарчая дзейнасць. Угоддзе выкарыстоўваецца таксама ў паляўнічых мэтах і для рыбнай лоўлі, мясцовае насельніцтва збірае тут ягады і грыбы, пасе жывёлу, нарыхтоўвае дровы і косіць сена.

Мясцовая папуляцыя дубальта Gallinago media налічвае не менш за 20 самцоў. Усяго ў межах ТВП выяўлена гнездаванне 127 відаў птушак, 17 з іх занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, 32 аднесены да катэгорый 1-3 Спіска відаў Еўрапейскага Ахоўнага Статуса (SPEC).


Від / Species

Статус/ Season

Ацэнка колькасці (пар)/ Population estimates (pairs)

Крытэрый ТВП/ IBA Criteria

Gallinago media

Дубальт / Great Snipe

В

20

А1

Picoides tridactylus

Жоўтагаловы дзяцел / Three-toed Woodpecker

В

40-60

В2

Dendrocopos medius             

Сярэдні дзяцел /  Middle Spotted Woodpecker

В

50

В2

Strix aluco                

Шэрая кугакаўка / Tawny Owl

В

90-150

В2

Ficedula hypoleuca

Пярэстая валасяніца / Pied Flycatcher

В

2500-3000

B3


            Ядро фауністычнага комплексу ўтвараюць віды, экалагічна зывязаныя з ляснымі і балотнымі экасістэмамі. У межах ТВП звычайныя заяц-бяляк Lepus timidus, заяц-русак Lepus europaeus, шматлікія дзік Sus scrofa, высакародны алень Cervus elaphus, сустракаюцца казуля Capreolus capreolus, лось Alces alces, лісіца звычайная Vulpes vulpes, воўк Canis lupus, куніца лясная Martes martes, ласка Mustela nivalis, гарнастай Mustela erminea, вавёрка звычайная Sciurus vulgaris. Па берагах рэк і лясных ручаёў жывуць бабёр рачны Castor fiber і норка амерыканская Mustela vison.

З рэдкіх і экалагічна ўразлівых відаў тут сустракаюцца барсук  Meles meles і выдра Lutra lutra. У паўднёва-заходняй частцы ляснога масіву былі выпушчаны і зараз жывуць некалькі зубраў Bison bonasus.

Флора патэнцыяльнай ТВП багатая і сваеасаблівая, што абумоўлена высокай мазаічнасцю і разнастайнасцю ландшафтаў. Толькі рэкагнацыровачнае абследванне тэрыторыі дало магчымасць выявіць на ёй больш за 750 відаў сасудзістых раслін, 15 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь:  баранец звычайны Huperzia selago, мнаганожка звычайная Polypodium vulgare, цыбуля мядзведжая Allium ursinum, зубніца клубняносная Dentaria bulbifera, плюшч звычайны Hedera helix, званочак шыракалісты Campanula latifolia, шпажнік чарапіцавы Gladiolus imbricatus, касач сібірскі Iris sibirica, пальчатакарнявік балтыйскі Dactylorhiza baltica, ядрушка камарнікавая Gymnadenia conopsea, тайнікі сэрдцападобны Listera cordata и яйцападобны L. ovata, чараўнік зяленакветкавы Platanthera chlorantha, мурожніца высокая Festuca altissima, фіялка багнавая Viola uliginosa, пустапялеснік зялены Coeloglossum viride, асака карэнішчавая Carex rhizina.

Неабходна адзначыць, што дзякуючы мікракліматычным асаблівасцям гэтай тэрыторыі тут расце шэраг немаральных еўрапейскіх відаў далёка за межамі асноўнага арэалу. Сярод іх  плюшч звычайны Hedera helix, буйміна звілістая Cardamine flexuosa, казялец ваўняны Ranunculus lanuginosus.

 Неспрыяльныя фактары

            Асноўную пагрозу прыродным супольніцтвам угоддзя прадстаўляюць высечкі лесу і выпас жывёлы.

            Высечкі лесу. Зараз вядуцца высечкі ў наваколлі пасёлка Ліпень. Высякаецца, у асноўным, стары лес, у тым ліку і лісцёвы, які ўяўляе найбольшую каштоўнасць для захавання рэдкіх відаў жывёл і раслін у рэгіёне.

            Выпас жывёлы праводзіцца ў поймах рэк Свіслач і Бярэзіна і ў цэлым носіць памераны характар. Аднак на асобных участках здараецца перавыпас, а ў асобныя гады жывёлу выганяюць на заліўны луг раней тэрміну, што ў выніку прыводзіць да разбурэння расліннага покрыва і дзернавіны.

 Неабходныя меры аховы

Для захавання прырoдных комплексаў угоддзя ў натуральным стане неабходна стварыць на яго аснове рэспубліканскі ландшафтны заказнік з абмежаваннем гаспадарчай дзейнасці.