Бярэзінскі запаведнік
Месцазнаходжанне:Віцебская вобласць, Лепельскі і Докшыцкі раёны; Мінская вобласць, Барысаўскі раён
Каардынаты: 54°38 N 28°21 E
Плошча: 81756 гектараў
Нацыянальны статус аховы: Дзяржаўны запаведнік, створаны ў 1925 годзе
Міжнародны статус аховы: Біясферны запаведнік быў зацверджаны ў 1979 годзе. У 1993 г Саветам Еўропы тэрыторыя ўключана ў сетку біягенетычных запаведнікаў. У 1995 г. Бярэзінскі Дзяржаўны Біясферны Запаведнік (БДБЗ) узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы. ТВП утворана ў 1998 годзе (код - BY005, крытэрый В2, ВЗ). Патэнцыяльнае рамсарскае ўгоддзе (крытэрый 1а)
Бярэзінскі запаведнік – гэта буйнейшы комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца з верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк. Прыродныя ўмовы запаведніка характарызуюцца некранутым абліччам лясоў і вялікіх сфагнавых балот. Тут захаваліся ўнікальныя ў Еўропе балотныя масівы, агульная плошча якіх складае 50700 гектараў. У паўночнай і цэнтральнай, больш узвышаных частках запаведніка, пераважаюць пераходныя і верхавыя балоты, сярод якіх размешчаны пакрытыя хваёвым лесам мінеральныя астравы. У паўднёвай частцы запаведніка знаходзяцца буйныя масівы нізінных балот (у тым ліку і ўся пойма Бярэзіны). Сярод лясоў дамінуюць хвойнікі, якія ўтвараюць буйныя масівы. Больш за палову хваёвых лясоў забалочана альбо прымеркавана да верхавых і пераходных балот.
Вялізнае значэнне мае водная сетка запаведніка: рака Бярэзіна, дробныя вадацёкі (рэчкі, ручаі, пратокі), каналы, старыцы, пойменныя вадаёмы, азёры.
Тэрыторыя запаведніка адносіцца да басейнаў рэк Бярэзіна і часткова Эса, якія, у сваю чаргу, адносяцца да Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў адпаведна. Водападзел між імі праходзіць па паўночна-ўсходняй частцы запаведніка. Увогуле, рачная сетка тэрыторыі прадстаўлена 69 рэкамі, галоўнай сярод якіх з’яўляецца Бярэзіна. Яна бярэ пачатак у 45 кіламетрах ад паўночнай аканечнасці запаведніка, даўжыня яе ў межах запаведніка складае 110 км. Рэчышча ракі звілістае, у яе даліне знаходзіцца многа старыц і пойменных азёр. Неабходна адзначыць і буйнейшы прыток Бярэзіны – раку Сергуч даўжынёй у 35 км. Веснавая паводка пачынаецца ў другой палове сакавіка – першай палове красавіка і працягваецца 20-40 дзён.
Усе азёры запаведніка адносяцца да эўтрофнага тыпу і знаходзяцца на стадыі інтэнсіўнага зарастання. Самае буйное з іх – возера Палік (712 гектараў) – уяўляе сабой натуральнае пашырэнне рэчышча Бярэзіны на паўднёвай ускраіне запаведніка.
На тэрыторыі запаведніка знаходзіцца паўднёвы адрэзак штучнай бярэзінскай воднай сістэмы, якая злучае рэкі Бярэзіна і Заходняя Дзвіна. Гэта сістэма адыгрывае пэўную гідралагічную ролю тым, што падтрымлівае ўсталяваны водны рэжым навакольнай тэрыторыі і не аказвае істотнага ўздзеяння на балотныя сістэмы запаведніка.
У Бярэзінскім запаведніку праведзена дыферынцыяцыя тэрыторыі на ўчасткі з розным рэжымам аховы. Усяго створана 6 зон: абсалютна запаведная, буферная, эксперыментальна-гаспадарчая, экскурсійная, ахоўная і гідралагічная. Абсалютна запаведная зона складае 47,2% ад агульнай плошчы запаведніка. Гаспадарчая дзейнасць (сельская гаспадарка) дазволена ў эксперыментальна-гаспадарчай зоне (7000 гектараў). Вакол запаведніка праходзіць ахоўная зона шырынёй 2 кіламетры, якая належыць лясгасам, калгасам і саўгасам. У гэтай зоне забаронены тыя віды гаспадарчай дзейнасці, якія могуць аказаць адмоўны ўплыў на прыродныя комплексы запаведніка. У гідралагічнай зоне, якая працягнулася вакол запаведніка кальцом шырынёй 5 км, забаронены пошукавыя і меліярацыйныя работы.
Разнастайнасць прыродных умоў тэрыторыі абумовіла багацце расліннага і жывёльнага свету. Фауністычны спісак Бярэзінскага запаведніка ўключае 230 відаў птушак, з якіх 179 адзначана на гнездаванні. Пераважна гэта лясныя і водна-балотныя віды, у меншай ступені – віды адкрытых тэрыторый і населеных пунктаў. На тэрыторыі запаведніка адзначана 56 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
|