Чэмпіянат па фотабёрдынгу   right_line


Птушкі лятуць і лятуць да нас з выраю, і ўжо хутка ўся краіна будзе актыўна чырыкаць і залівацца песнямі. А мы з табой тым часам падрыхтуем фотаапараты, каб “нашчоўкаць” як мага больш птушыных кадраў на Чэмпіянаце па фотабёрдынгу, што адбудзецца 21 красавіка ў Гомелі!

Чэмпіянат па фотабёрдынгу ў Беларусі АПБ ладзіць ужо сёмы раз. Гэта заўжды яскравая падзея, якая запамінаецца ўсім удзельнікам. Калі маеш фотаапарат — абавязкова далучайся, нават калі ты з іншага горада ці вёскі. Чэмпіянат адкрыты для ўсіх, а ўражанняў ад спаборніцтваў будзе мора!

Жаўна. Фота Наталлі Кароль, якое перамагло на V Чэмпіянаце па фотабёрдынгу

Што трэба рабіць?

Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парадаў.

А каб перамагчы ў Чэмпіянаце, табе трэба за 5 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від табе будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.

Спампаваць правілы Чэмпіянату па фотабёрдынгу

 

Як запісацца на Чэмпіянат?

Спампуй форму простай заяўкі, запоўні яе і дашлі на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 10.00  пятніцы 20 красавікаАле ж просім не зацягваць з падачай заяўкі. Рэгіструйся ўжо цяпер!

Дакладнае месца і маршрут мы абвесцім за тыдзень да Чэмпіянату.

Ты можаш удзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек. Вазьмі ў сваю каманду сябра або дачку ці сына. Далучы да спаборніцтваў жонку ці мужа або кагосьці са сваіх бацькоў. Спадабаецца ўсім!

Удзел у Чэмпіянаце бясплатны.

 

Сямён Левы, прадстаўнік аргкамітэту Чэмпіянату па фотабёрдынгу
Мы як арганізатары вельмі радыя, што ёсць магчымасць праводзіць Чэмпіянат па фотабёрдынгу не только ў сталіцы. Гомель — горад, дзе не толькі ёсць шмат фатографаў-анімалістаў, якія ўжо неаднаразова бралі ўдзел у нашых спаборніцтвах, але і горад, дзе ёсць шмат цікавых птушак. Прыехаць на Чэмпіянат у Гомель – гэта выдатная магчымасць не толькі ўбачыць рэдкую ў Беларусі чырвонакніжную птушку валасяніцу-белашыйку, але і зрабіць яе прыгожы партрэт. Мы запрашаем усіх паўдзельнічаць у Чэмпіянаце, паспрабаваць свае сілы, пазнаёміцца ​​з новымі сябрамі па хобі і актыўна правесці пяць гадзін на прыродзе з карысцю для свайго здароўя!

 

 

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1, 2, 3 месцы), а таксама абраны найлепшы здымак Чэмпіянату. Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фотаздымкаў або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.

Далучайся да цікавых і прыемных спаборніцтваў і рыхтуйся да знаёмства з гомельскімі птушкамі!

 

Даведка:  Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама па адным разе ў Гомелі і Брэсце. VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Цікава

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: