«Дражбітка-Свіна»


Месцазнаходжанне: Віцебская вобласць, Полацкі раён.

Каардынаты: 55°35 N 29°25 E

Плошча: 16000 га.

Нацыянальны статус аховы: не мае. Схемай рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2006-2015 гг. прадугледжана стварэнне рэспубліканскага заказніка.

Міжнародны статус аховы: патэнцыяльная ТВП (крытэрыі: А1: дубальт, В2: чорны бусел, арол-вужаед, палявы лунь, арол-маркут, шэры журавель, В3: звычайны асаед, поплаўны лунь, балотная сава).

 

Тэрыторыя прадстаўляе сабой адзіны леса-балотны масіў, у якім сустракаюцца ўсе асноўныя тыпы прыродных супольніцтваў, характэрных для Беларускага Паазер’я. У арніталагічных адносінах яна ўяўляе каштоўнасць як натуральны рэзерват рэдкіх відаў, занесеных ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь і маючых міжнародны ахоўны статус. З прыродаахоўнага пункту гледжання найбольшы інтарэс выклікае масіў нізінных балот, які цягнецца ўздоўж рэчышча ракі Дражбітка. Практычна ўсе балоты такога тыпу ў рэгіёне былі асушаны ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя. Тут пераважаюць адкрытыя асаковыя і маннікавыя асацыяцыі. На поўдні да ўгоддзя прымыкае рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Казьянскі”, які мае статус ТВП.

Рэльеф мазаічны: з мацерыковымі дзюнамі, камамі, озавымі градамі і шматлікімі азёрамі, звязанымі між сабой вялікай колькасцю рэк, ручаёў і пратокаў. Па структуры расліннага покрыву тэрыторыя з’яўляецца пераважна лясной. Пераважаюць сасновыя, яловыя і дробналісцёвыя (асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, барадаўчатабярозавыя і пушыстабярозавыя) лясы.

Самае буйное возера ўгоддзя – Балныра (плошча 2,7 км2) – праточнае, дыстрофнага тыпу, з глыбінямі да 4 м, моцна зарастае вадзяной і прыбярэжнай расліннацю. Возера забяспечвае асноўныя рэкі ўгоддзя – Дражбітку і Свіну. З ракой Свіна возера злучана каналам, пабудова якога ў канцы 1980-х гадоў прывяла да значнага зніжэння як узроўню самога возера, так і ўзроўню грунтовых вод на суседніх тэрыторыях.

Угоддзе моцна забалочана. Балоты прадстаўлены ўсімі трыма тыпамі, гразкія, большую частку года залітыя вадой, цяжкапраходныя. Пераважаюць пераходны і нізінны тыпы балот, якія ў асноўным і вызначаюць гідралагічны рэжым угоддзя.

Усяго на тэрыторыі патэнцыяльнай ТВП вызначана 14 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь – вялікі бугай Botaurus stellaris, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, вялікі Aquila clanga і малы Aquila pomarina арляцы, арол-маркут Aquila chrysaetos, пардва Lagopus lagopus, шэры журавель Grus grus, пугач Bubo bubo, балотная сава Asio flammeus, жоўтагаловы дзяцел Picoides tridactylus, сярэдні Numenius phaeopus і вялікі Numenius arquata кулёны.


Від / Species

Ацэнка колькасці (пар)/ Population estimates (pairs)

Крытэрый ТВП/ IBA Criteria

Ciconia nigra Черный аист

Чорны бусел / Black Stork

10-15

B2

Pernis apivorus Обыкновенный осоед

Звычайны асаед / Honey Buzzard

15-20

B3

Circaetus gallicus Змееяд

Арол-вужаед / Short-toed Eagle

4

B2

Circus cyaneus Полевой лунь

Палявы лунь / Hen Harrier

6

B2

Circus pygargus Луговой лунь

Поплаўны лунь / Montagu's Harrier

10

B3

Aquila chrysaetos Беркут

Арол-маркут / Golden Eagle

1

B2

Grus grus Серый журавль

Шэры журавель / Crane

10

B2

Gallinago media Дупель

Дубальт / Great Snipe

20-30

А1

Asio flammeus Болотная сова

Балотная сава / Short-eared Owl

10

B2


            Спалучэнне адкрытых прастораў, лісцёвых і хвойных маладнякоў, балот рознага тыпу і цяжкадаступных град па балотах вызначае багаты фауністычны склад гэтай тэрыторыі. З капытных тут найбольш шматлікая казуля Capreolus capreolus, звычайныя лось Alces alces і дзік Sus scrofa. Берагі рэк і меліяратыўных каналаў насяляюць норка амерыканская Mustela vison і выдра Lutra lutra. У пойменных угоддзях сустракаецца янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides, радзей барсук Meles meles. Багатая харчовая база стварае спрыяльныя ўмовы для ваўка Canis lupus, зрэдку адзначаецца рысь Lynx lynx. У рэках і азёрах шматлікі бабёр рачны Castor fiber. Гэтае ўгоддзе з’яўляецца адной з нямногіх ТВП, дзе пастаянна жыве буры мядзведзь Ursus arctos. Усё гэта характарызуе тэрыторыю яшчэ і як важны натуральны рэзерват рэдкіх і гаспадарча каштоўных млекакормячых Беларусі.

            Флора ўгоддзя з’яўляецца тыповай для поўначы Беларусі. Увогуле тут пераважаюць барэальныя фларыстычныя элементы, у ліку якіх ёсць рэдкія і ахоўваемыя віды сасудзістых раслін. Гэта баранец звычайны Huperzia selago, ліннея паўночная Linnaea borealis, тайнік яйцападобны Listera ovata, асака заливаемая Carex paupercula, вярба чарнічная Salix myrtylloides, падвей стройны Eriophorum gracile. Вярба лапландская Salix lapponum і бяроза нізкая Betula humilis занесены у Спіс відаў прафілактычнай аховы. Тут таксама адзначаны сон раскрыты Pulsatilla patens, які мусіць ахоўвацца згодна Бернскай канвенцыі.

            На сучасным этапе асноўнай формай выкарысання гэтай тэрыторыі з’яўляецца вядзенне лясной гаспадаркі. У сувязі з тым, што мясцовасць моцна забалочана, а дарожная сетка амаль адсутнічае, высечка лесу тут вядзецца толькі на сухіх узвышшах.

            Лясы і балоты ўгоддзя выкарыстоўваюцца для палявання, а шматлікія азёры – для прамысловага і аматарскага рыбалоўства. Мясцовае насельніцтва збірае тут грыбы і ягады, лекавыя расліны.

 Неспрыяльныя фактары

            Найбольшую пагрозу біялагічнай разнастайнасці ТВП уяўляюць вынікі дзейнасці ваеннага палігона, высечка лесу, гідрамеліярацыя і пажары.

            Раней ва ўсходняй частцы тэрыторыі знаходзіўся ваенны палігон. Каб забяспечыць яго існаванне, большая частка лясоў была высечана, населеныя пункты знесены, а людзі, якія там жылі, пераселены. Зараз палігон зачынены, а землі перададзены Міністэрству лясной гаспадаркі.

            Гідрамеліяратыўныя работы ў межах патэнцыяльнай ТВП праводзіліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя, а ў 90-я гады паміж возерам Балныра і ракой Свіна быў прарыты канал. Гэта прывяло да падзення ўзроўню вады ў возеры, змяншэння стоку па рацэ Дражбітка, што адбілася і на стане возера Дрогава, праз якое яна працякае. Зніжэнне ўзроўню грунтовых вод на нізінным балоце, якое прылягае да ракі, узмацніла працэс яго зарастання, а месцамі прывяло да поўнай змены раслінных фармацый.

 Неабходныя меры аховы

            Для захавання гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу неабходна прыдаць яму статус Тэрыторыі Важнай для Птушак і стварыць на ёй рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Неабходна таксама распрацаваць план кіравання з акцэнтам на аднаўленне гідралагічнага рэжыму і рэгуляванне гаспадарчай дзейнасці. Патэнцыяльна ўгоддзе можна выкарыстоўваць для развіцця экалагічнага турызму.