In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушкі Беларусі

беларускія, рускія, лацінскія назвы

Сямейства: Воранавыя

Від: Сойка

Клікніце, каб павялічыць!
© Т. Раманава Аўтар: © Т. Раманава © Дз. Якубовіч Аўтар: © Дз. Якубовіч

Больш фотаздымкаў гэтага віда глядзіце тут

Сойка

Лацінская назва: Garrulus glandarius
Ангельская назва: Jay
Руская назва: Сойка

Голас можна праслухаць тут:

Апісанне

Перад цела карычнева-ржавага колеру, люстэрка на крылах белае і блакітнае ў чорныя палоскі, белае надхвосце i чорны хвост. Каля асновы дзюбы чорны «вус». Часта падымае пёры на галаве. У розных падвiдаў ёсць розныя варыянты афарбоўкi апярэння. Голас: хрыплае «пррэээч, пррэээч», розныя iншыя хрыплыя выгукі, часта капiруе галасы iншых птушак, асаблiва «клійа» канюха-мышалова. Даўжыня цела 32-36 см, размах крылаў 52-58 см.

Падвіды: розныя аўтары вылучаюць ад 30 да 60 падвiдаў. G. g. glandarius – Скандынавiя, цэнтр. Еўропа, Францыя, паўн. Iталiя, Венгрыя, паўн. Румынiя, паўн. Балгарыя, Славенiя, Харватыя, цэнтр. i паўд.-ўсх. Расiя; G. g. hibernicus – Ірландыя, частка Шатландыі; G. g. rufitergum – Англія да паўд. Шатландыі, Галандыя, Бельгiя; G. g. fasciatus – Пiрэнейскі п-аў; G. g. corsicanus (сін. G. g. ichnusae) – Корсіка і Сардзінія; G. g. albipectus — Сіцылія, частка Апенінскага п-ва, Албанiя, Македонiя; G. g. cretorum – Грэцыя і Крыт; G. g. glaszneri — Кіпр; G. g. rhodius — Родас, G. g. krynicki – паўд. Балгарыя, паўн. Румынiя, Чарнагорыя, Турцыя, Каўказ; G. g. iphigeniae – паўд. Украіна; G. g. severtzowi – ад паўд. Расii да Фiнляндыi i зах. Урала; С. g. hansguentheri — Стамбул.

Біятоп: густыя змяшаныя або дубова-грабавыя лясы, радзей хваёвыя; акрамя таго, групы старых, густых дрэў сярод палёў. Можа пасяляцца ў вялiкiх парках.

Гняздо: у кроне, у развілцы каля ствала, звычайна ад 1,5 да 7 м над зямлёй, рэдка вышэй. Сустракаецца таксама ў лiянах (напр., у плюшчы, бружмелі), у кустах, рэдка ў будынках, дуплах, вялiкiх шпакоўнях або скальных пляцоўках. Няшчыльнае, знешняя частка збудавана з галін (часцей за ўсё бярозавых альбо іншых лісцевых дрэў); высцілка з сухой травы і каранёў, якія старанна пераплецены памiж сабой i з прымессю моху, валосся, лiсця, рэдка пер’я. D= 25-37 см, d= прыбл. 15 см, H= 9-15 см, h= 2-4 см.

Яйкі: 5-7 (3-10), слаба падоўжаныя (звычайна з тупым вузейшым канцом). Светла-зялёныя, блакітнавата-зялёныя, алiўкавыя, алiўкава-попельныя, у выключных выпадках — бела-жоўтыя. Плямкі вельмі дробныя, iржава-карычневыя, раўнамерныя. Памеры: 31,0 х 23,0 мм (26,1-34,5 х 21,0-24,3 мм).

Арэал: Еўропа (акрамя крайняй Пн), цэнтр., паўд.-ўсх. і М. Азія, паўн.-зах. Афрыка.

Пералёты: аселая, паўн. частка папуляцый пералётная (III-V(VI), IX-XI). Часам узімку залятае інвазійна.

Месцы зiмовак:у межах гнездавога арэала.

Беларусь: Звычайны на гнездаванні і на зімоўцы від. Падвідавы склад не выяўлены.