Хаваншчына
Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі і Бярозаўскі раёны.
Каардынаты: 54°34 N 25°17 E
Плошча: 26500 га.
Нацыянальны статус аховы: не мае. На тэрыторыі знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Чыстая дуброва”, створаны з мэтай аховы ўчастка шырокалісцёвага лесу, узрост асобных дрэў у якім перавышае 150 гадоў.
Міжнародны статус аховы: ТВП плошчай 26500 га заснавана ў 2003 годзе, (Крытэрыі: А1: вялікі арлец, В2: палявы лунь).
ТВП з’яўляецца адным з найбольш значных у Беларусі месцаў гнездавання глабальна пагражаемага віду птушак – вялікага арляца Aquila clanga і ўяўляе сабой буйны масіў забалочаных лясоў, размешчаны між заказнікам “Спораўскі” і аўтамагістраллю Брэст – Масква.
Асноўным кампанентам у структуры раслінных супольніцтваў з’яўляюцца дробналісцёвыя лясы – забалочаныя бярэзнікі і альшанікі. Значная іх частка ў розны час была асушана, што прывяло да замены натуральных фітацэнозаў на меліярацыйна-вытворныя асацыяцыі. Ва ўзроставай структуры лясоў пераважаюць прыспяваючыя і даспелыя дрэвастоі. На слаба выяўленых мінеральных астравах сярод балот растуць шырокалісцёвыя лясы з багатым грабавым падлескам і перавагай у верхнім ярусе ясеня звычайнага і дуба чарэшчатага. Узрост асобных дрэў перавышае 150 гадоў.
Аснову гідралагічнай сеткі ўгоддзя складаюць меліярацыйныя каналы, вада па якіх сцякае як у паўночным, так і ў паўднёвым напрамках. У заходняй частцы ТВП знаходзяцца асушаныя і выпрацаваныя тарфянікі. Зараз эксплуатацыя іх спынена, каналы-калектары часткова перакрыты і пачаўся працэс натуральнага забалочвання гэтых тэрыторый. Паўднёвая мяжа ўгоддзя прымыкае да возера Чорнае.
Асноўныя тыпы выкарыстоўвання ўгоддзя – лесагаспадарчае і паляўнічае. У заходняй частцы ТВП знаходзяцца невялікія пясчаныя кар’еры. У лясах мясцовыя жыхары збіраюць ягады і грыбы. Шматлікія населеныя пункты знаходзяцца ў асноўным па перыметры ляснога масіва. На навакольных сельскагаспадарчых землях вядзецца сенакашэнне, выпас жывёлы, радзей вырошчваюцца прапашныя культуры.
У цэнтральнай частцы ўгоддзя на мінеральным востраве сярод балота знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”. Тут у перыяд Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся штаб партызанскага руху Брэсцкай вобласці. Комплекс уключае ў сябе мемарыяльны помнік, адноўленыя зямлянкі, драўляныя пабудовы і інфармацыйныя стэнды. Да яго вядзе пешаходны мосцік, з якога адкрываецца від на тыповыя балотныя ландшафты.
У белаазёрскім лясным масіве жыве буйная групоўка глабальна пагражаемага віду птушак – вялікага арляца Aquila clanga. Яго паляўнічымі ўгоддзямі з’яўляюцца лугі на ўсходняй ускраіне возера Чорнае, забалочаныя лесасекі ў глыбіні ляснога масіва і старыя торфараспрацоўкі. Зараз мясцовая папуляцыя вялікага арляца знаходзіцца ў крытычным стане, паколькі гаспадарчае выкарыстоўванне ўгоддзяў вядзецца без уліку экалагічных патрабаванняў гэтага віду.
З іншых рэдкіх відаў птушак тут гняздуюцца чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, пугач Bubo bubo, барадатая кугакаўка Strix nebulosa і беласпінны дзяцел Dendrocopos leucotos. Возера Чорнае і старыя забалочаныя торфараспрацоўкі з’яўляюцца месцам гнездавання многіх водна-балотных птушак (вялікі бугай Botaurus stellaris, качка-чырка Anas querquedula, качка-лапаноска Anas clypeata, малы пагоніч Porzana parva, салаўіны цвыркун Locustella luscinioides). З усходу да ўгоддзя прымыкаюць меліяраваныя землі, занятыя ў асноўным пасевамі шматгадовых траў. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для пражывання такіх відаў як драч Crex crex, вялікі кулён Numenius arquata, балотная сава Asio flammeus. На гэтым участку ў летні час у 2003 годзе адзначаўся непалаваспелы арол-маркут Aquila chrysaetos.
|