In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Вушатай саве — паўгады!

Ліпень дорыць радасць у выглядзе сонечнага надвор’я, а вушатая сава тым часам святкуе паўгады ў статусе птушкі года! Прапануем разам узгадаць самыя цікавыя моманты кампаніі ў нашым дзённіку птушкі года.

19 лістапада 2014

На ўрачыстым узнагароджанні пераможцаў конкурсаў кампаніі «Зязюля – птушка 2014 года» мы абвясцілі, што птушкай 2015 года ў Беларусі стала вушатая сава. 

Хто пераможца? Я пераможца! Фота — Дз.КіцельХто пераможца? Я пераможца! Фота — Дз.Кіцель

Нагадваем, што кандыдаты на Птушку года 2015 вызначаліся як прапановай з боку АПБ, так і шляхам апытанкі на сайце www.ptushki.org, прыняць удзел у якой мог кожны жадаючы жыхар Беларусі. Такім чынам кандыдатамі на Птушку года 2015 былі сіняя сініца, сава вушатая, цецярук, баталён. Канчатковае рашэнне прымалася з дапамогай галасавання ўдзельнікамі З’езда АПБ ў студзені. Вушатая сава перамагла ў складанай барацьбе – з розніцай усяго ў 3 галасы!

5 студзеня

На сайце АПБ з’явілася інструкцыя, якім чынам пабудаваць домік для птушкі года. Мы ўжо ведаем, што сава вушатая не будуе гнёздаў, а займае «кватэры» гракоў, варон, крумкачоў ці сарок, але месцамі назіраецца дэфіцыт падобных пабудоваў. Таму сава часта не адмаўляецца ад падарунка – новага жытла, зробленага чалавекам. А вы ўжо пабудавалі домік для савы? Не? Тады выпраўляйцеся, каб у наступным годзе мець прыемнае суседства. 

Фота — Дз.КіцельФота — Дз.Кіцель

 

15 студзеня 

Адбыўся заачацвер, на якім спецыяліст па прыродаахоўным пытанням АПБ  Сямён Левы распавёў пра асаблівасці жыцця гэтай птушкі і адказаў на пытанні. Спампаваць прэзентацыю вы можаце тут. Заачацвяргі з АПБ адновяцца ўжо гэтай восенню, а пакуль нашыя патэнцыйныя выступоўцы вандруюць ды набіраюцца ўражанняў для новых сустрэч. 

Фота — Zoltán GyőriФота — Zoltán Győri

 

21 лютага

Сябры АПБ з Берасцейшчыны ўласным прыкладам паказалі, якім чынам можна дапамагчы птушцы года. Сустрэліся чацвёра сяброў Юрка Бакур, Дзяніс Табуноў, Раман Шкабара і лакальны каардынатар праекта "Прырода важная для ўсіх" Вадзім Пракапчук 21 лютага ў Белавежскай пушчы ля ваколіц вёскі Вугляны Камянецкага р-на Брэсцкай вобласці ды зладзілі акцыю «Вугляны для вушатай савы», пад час якой развесілі каля 10  скрыняў, якія дагэтуль пабудавалі вучні з гімназіі Маларыты. Дзякуй хлопцам і дзеткам за добрую справу!

Фота — В. Пракапчук Фота — В. Пракапчук

 

Вясна 2015

Жыхары сталіцы маглі пазнаеміцца з птушкай года ў транспарце: каля 300 лістовак у якасці сацыяльнай рэклямы былі размешчаны ў наземным транспарце Мінска.



1 красавіка

У Сусветны дзень птушак Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла паштовую марку «Вушатая сава»з серыі «Птушка года» тыражом 70 тыс экзэмпляраў! Вы зжо набылі?

27-30 сакавіка

Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ пры падтрымцы нацыянальнага парка «Белавежская пушча» ды аграсядзібы «Залессе» зладзілі традыцыйны летнік «Начныя жыхары ляСОЎ».  Сёлета галоўнымі тэмамі летніку, акрамя савінай, сталі Бернская канвенцыя і «Смарагдавая сець» у Беларусі, а таксама лясная сэртыфікацыя па сістэме FSC. Праграма была насычанай: будоўля скрыняў для соў, шпацыры ў пошуках птушак па балоце і лесе (у тым ліку начныя!), кожны з удзельнікаў меў магчымасць далучыцца да сапраўднага маніторынгу развешаных гнездавых скрыняў. Восенню вельмі раім патрапіць на «Савіны фэст», які адбудзецца ў Залессі.

Фота — В. Каскевіч Фота — В. Каскевіч

 

29 сакавіка

У Лошыцкім парку адбылася экскурсія для клуба «Рэдкая птушка» – адной з катэгорый сяброўства АПБ. Экскурсію праводзіў знакаміты сававед Дзяніс Кіцель, які ў перапынках паміж сумеснымі птушынымі назіраннямі лёгка адказваў на самыя незвычайныя пытанні.
Удзельнікам экскурсіі давялося не толькі пабачыць гаспадыню гэтага года – вушатую саву, але і стаць сведкамі размяшчэння на дрэвах 2-х гнездавых скрыняў для птушкі года.

Фота — П. АляксееўФота — П. Аляксееў

Сябры клуба  «Рэдкая птушка» мужна перанеслі экскурсію –назіраць, як на тваіх вачах чалавек без страхоўкі лезе на дрэва і знаходзіцца там разам са скрыняй на вышыні 10 метраў –  відовішча не для слабанервовых. Скрыні паспяхова былі развешаны, а ўдзельнікі экскурсіі  засталіся задаволеныя і трошкі збянтэжаныя – да канца экскурсіі не верылася, што вушатая сава жыве зусім побач!

19 красавіка

Гродзенскае аддзяленне АПБ зладзіла акцыю ў мясцовым заапарку па будоўлі скрыняў для вушатай савы. Падчас мерапрыемства наведвальнікі заапарка пад кіраўніцтвам  арнітолагаў вучыліся будаваць кватэры для птушак года. Гатовыя скрыні адправіліся ў заказнік «Азёры», які дапамог з будаўнічымі матэрыяламі. Нават самыя маленькія гарадзенцы прынялі ўдзел у добрай ініцыятыве, падрабязны фотаагляд тут. Дзякуй Гарадзенскаму аддзяленню АПБ і ўдзельнікам акцыі!




 

Травень

Мы атрымалі справаздачу ад арнітолага Дзяніса Кіцеля па маніторынгу ўжо існуючых  штучных гняздоўяў вушатых соў– у мінулым годзе на тэрыторыі Маларытскага раёна былі развешаны 50 скрыняў. Гняздоўі былі размешчаны з большага ў тых месцах, дзе раней жылі совы, але скрыні з часам сапсаваліся. У выніку былі правераны 60 домікаў. Апынулася так, што 10 з іх былі заселеныя (20%).  Праверка праводзілася, калі гнездавы сезон  яшчэ не быў скончаны, але нават па папярэднім вынікам можна сказаць, што год для вушатай савы добры. Аб асноўных пагрозах для гнездавання птушкі года, а таксама незвычайных знаходак у гнездах, падрабязней можна прачытаць тут. 

Фота — Дз. КіцельФота — Дз. Кіцель


Свае гнёзды праверыў і арнітолаг Уладзімір Іваноўскі. Справаздача па Віцебскім рэгіёне размешчана на сайце "Птушкі штодня"

Фота — У.ІваноўскіФота — У.Іваноўскі

5 чэрвеня

У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя АПБ прапанавала дзеткам паўдзельнічаць у конкурсе малюнка на асфальце "Як вушатая сава снедае?". Больш  за 200 фота мы атрымалі ў гэтым годзе на паштовую скрыню кампаніі. У акцыі прынялі ўдзел звыш 400 чалавек. Дзякуючы цудоўным работам нашых маленькіх таленавітых сябраў АПБ, цяпер усе ведаюць, што галоўны рацыён птушкі года – мышападобныя грызуны. Нас вельмі парадавалі новыя ўдзельнікі конкурсу з праекта "Аб'ядноўваючыся вакол прыроды", які АПБ пры падтрымцы ЕС ладзіць на тэрыторыях, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Наша сям'я расце! 

Клуб "Крылаты дазор" СШ №9 г. Слуцка пад кіраўніцтвам Жанны ВалеткаКлуб "Крылаты дазор" СШ №9 г. Слуцка пад кіраўніцтвам Жанны Валетка

28 чэрвеня

У Дзень моладзі на мерапрыемстве «Супер парк» мы разам з дзеткамі не толькі разважалі, як зрабіць парк Горкага лепей, але і малявалі любімых крылатых сяброў – шэраг малюнкаў быў прысвечаны вушатай саве.


Вялікі дзякуй усім, хто ўжо паспеў прыняць удзел у кампаніі, вы натхняеце астатніх сваім добрым прыкладам! Дзякуй, сябры, што дасылаеце свае лісты і фотаназіранні на нашыя электронныя паштовыя скрыні – яны поўныя добрых словаў і цёплага стаўлення да птушак і прыроды ўвогуле. Расповеды, якія мы атрымліваем, з’яўляюцца ў адмысловай суполцы «Птушкі года»  ў Фэйсбуку (далучайцеся!), а бывае, што і на сайце – так атрымалася са шчырай гісторыяй дзяўчынкі Яніны.

Якія цікавосткі яшчэ хавае «Птушка года» ?

  • Заклікаем усіх быць уважлівымі і дапытлівымі – вывучаць соў сваёй мясцовасці і дадаваць свае назіранні на сайт біяразнастайнасці Беларусі. Усе сабраныя дадзеныя занесеныя ў ан-лайн базу па біяразнастайнасці дапамогуць у стварэнні першага нацыянальнага і другога еўрапейскага Атласа гняздуючых птушак.
  • Працягваюцца мастацкія конкурсы ў рамках кампаніі – спяшайцеся паўдзельнічаць! Восенню мы абярэм пераможцаў, якія будуць адзначаны прызамі на ўрачыстым мерапрыемстве, а ўсе жадаючыя змогуць наведаць выставу найлепшых творчых работ. Спампаваць палажэнне аб конкурсах у межах кампаніі "Сава вушатая — птушка 2015 года
  • Напрыканцы восені чакаем памятную манету ад Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 
  • У весцы Залессе адбудзецца «Савіны фэст» – выдатная магчымасць даведацца ўсё пра соў  і адпачыць у кампаніі людзей, улюбёных у дзікую прыроду Беларусі.
  • Графіці вушатай савы ў Мінску, конкурсы ў сацыяльных сетках, цішоткі з выявай птушкі года – усе гэта чакае наперадзе! Сачыце за абвесткамі ды заставайцеся разам з «Птушкай года» ў наступным паўгоддзі – вушатая сава не дасць сумаваць!

Вушатая сава: едзем далей! Вушатая сава: едзем далей!

Карына Салавей,каардынатар кампаніі «Птушка года» 

Таксама глядзіце
Свитшоты с птицей 2018 года в поддержку дикой природы!
Щегол — птица 2018 года в Беларуси!
Кто победил в "хохлатых" конкурсах?
Жаворонки — тоже люди!
Хохлатый жаворонок "загнездился" на доме!
Дзе жыве самы вялікі жаўрук-смяцюх?
5 чэрвеня — конкурс "Птушка-арт"!
Гоголь дома!
Пра што "звініць" кот і як ратаваць птушку года?
Тут гняздуецца жаўрук-смяцюх!