In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Бёрдвотчынг: што, дзе, і з чаго пачаць?

А вы ведаеце, што людзі гатовыя плаціць больш за тысячу еўра, каб прыехаць да нас і паглядзець на птушак? Так што калі сёлета маеце некалькі вольных дзён — далучайцеся да птушкавання і назірайце бясплатна! 

Шчыгел чорнагаловы. А вы яго ўжо бачылі? Шчыгел чорнагаловы. А вы яго ўжо бачылі?

Што за птушкаванне? 

Бёрдвотчынг, ці птушкаванне, дасяжны чалавеку не ў залежнасці ад месца жыхарства. Нават у вялікім горадзе разнастайнасць птушак захапляе. Гэта далёка не толькі галубы, вароны, шпакі ды вераб’і. А ўсяго па краіне можна назіраць больш за 300 відаў! Гэты занятак настолькі цікавы, што можа ператварыцца ў сталае хоббі, бо азарт натхняе ехаць за тысячы кіламетраў, каб пабачыць пэўны від.

Такая забава дазволіць вам больш рухацца, бываць на вольным паветры, развіваць уважлівасць, канцэнтрацыю і шмат чаго іншага. А яшчэ гэта сувязь з чароўным светам прыроды і выдатнае сямейнае хоббі. 

Палічыце, колькі тут шпакоў! Палічыце, колькі тут шпакоў!

Дзе паглядзець на птушак? 

У Менску ёсць некалькі самых папулярных месцаў для назірання за птушкамі. Так, толькі ў Батанічным садзе і Парку Чалюскінцаў можна ў розныя сезоны пабачыць больш за 60 відаў. У Лябяжым сустракаюцца чырвонакніжнікі, а ў Драздах добра назіраць за вадаплаўнымі.

Для тых, хто хоча большага паглыблення ў прыроду, можна параіць пабываць у Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы.

Што для гэтага трэба?

Калі вы пакуль не надта добра разбіраецеся ў птушках і можаце хіба што адрозніць сароку ад шэрай вароны, то вам дапаможа палявы вызначальнік — невялікая кніга з рознай інфармацыяй пра птушак. У нас самы папулярны папяровы варыянт «Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік» (прадаецца ў ЛогвінаЎ,). Сёння ЕПАМ распрацоўвае мабільны дадатак для Беларусі, а пакуль можаце скарыстацца ЭкоГид: Птицы и Голоса ці CollinsBirdGuide. Багата карыснай інфармацыі ёсць і на адпаведных сайтах.

Варта надзець зручны абутак: трэкінгавыя боты – ідэальна, красоўкі – прымальна. Зручней будзе ў адзенні з доўгімі рукавамі, а нагавіцы павінны хутка сохнуць. Калі хочаце назіраць за птушкамі з акна – можна ўсталяваць зімой кармушку, а летам – паілку (толькі не забывайцеся іх даглядаць).

Акрамя вызначальніка і бінокля (не трэба вайсковы, пачніце з простага) не будзе залішнім нататнік – калі вы спрабуеце апісаць птушку, вы разглядаеце яе больш уважліва. Калі атрымаецца зрабіць цікавы здымак, ім можна падзяліцца з Birding Belarus ці на Angry birdwatchers. Таксама вітаюцца назіранні на сайце www.florafauna.by

Яшчэ ў Беларусі есць цудоўная асобная  інэт-прастора для аматараў назіранняў за птушкамі "Птушкі штодня" . Тут вы знойдзіце ўсё — ад парадаў, дзе і як пачаць займацца птушкаваннем, да — дзе знайсці кампанію і куды рвануць за рэдкім відам, які завітаў у Беларусь.  Цікавыя артыкулы з адмысловымі навінамі са ўсяго свету! Гэта платформа- выдатная магчымасць атрымаць карысную параду ад дасведчаных бердвотчараў, арнітолагаў ды знайсці сяброў-аднадумцаў.

Кралька. Убачыў рэдкую птушку — падзяліся назіраннем!Кралька. Убачыў рэдкую птушку — падзяліся назіраннем!

Як гэта рабіць? 

Птушак можна назіраць у розных «рэжымах». Можна проста ўзяць бінокль, вызначальнік і адправіцца на шпацыр. 

Больш сталыя назіральнікі вядуць дзённікі, дзеляцца назіраннямі, удзельнічаюць у розных акцыях кшталту Жывая вясна, Салаўіныя вечары. Для тых, каму трэба больш драйву, штогод праходзіць чэмпіянат па фотабёрдзінгу лакальны і міжнародны, а для дзетак ёсць Юны арнітолаг. Каб больш камунікаваць з аднадумцамі, можна далучыцца да Клубу 200.

Калі вы адразу не пабачыце шмат відаў птушак, не варта адчайвацца, бо ўважлівасць прыходзіць з досведам. Для больш інтэнсіўнай вучобы можна завітацьна курсы ці летнікі АПБ, а таксама ў Музей прыроды і экалогіі ў Менску.

І напрыканцы, вось выдатны фільмы для натхнення заняцца птушкаваннем – Вялікі год і A Birderʼs Guide to Everything

Пачніце — і не зможаце спыніцца! 

Марыя Грыц 

Таксама глядзіце
Апошні званок у чацвертай Школе
Ваўкоў у Белавежскай пушчы страляць не будуць
Вакансия АПБ: преподаватель Школы бердвотчеров!
Длиннохвостая гостья Грушевки
Будь здоров с птицами!
Вітаем Палешука і Альжусю!
Зоочетверг: куда летят птицы?
30 гнезд для сов и уток на Ельне!
Жаўрук у кішэні
40 000 птиц с кольцами за 20 лет!