In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Стэпавы лунь: гнездаванне праз 101 год!

На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь (рус. — степной лунь) – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!

Фота — Уладзімір БондарФота — Уладзімір Бондар

Фатограф-анімаліст Уладзімір Бондар з Магілёва, якому неўзабаве споўніцца 61 год, зрабіў нечаканы падарунак беларускай і еўрапейскай арніталогіі. У сярэдзіне ліпеня ў Магілёўскім раёне Уладзімір сфатаграфаваў злётка і самку стэпавага луня (Circus macrourus) – надзвычай рэдкай для Беларусі птушкі, апошні даказаны выпадак гнездавання якой адзначаны ў нашай краіне ў 1916 годзе! Цікава, што сёлета сенсацыяй еўрапейскага маштабу стаў першы выпадак гнездавання стэпавага луня ў Заходняй Еўропе.

Аднак гісторыю адкрыцця стэпавага луня на гнездаванні ў нашай краіне не назавеш простай. Пачалася яна 15 ліпеня, калі Уладзімір на ўбраным поле азімага рапса сфатаграфаваў злётка луня, які быў ім вызначаны менавіта як стэпавы. Здымкі з'явіліся на адмысловым сайце florafauna.by, дзе беларускія і ўкраінскія арнітолагі пацвердзілі правільнасць вызначэння. Справа ў тым, што маладыя птушкі і самкі стэпавага і поплаўнага луней (звычайнага ў нас на гнездаванні) вельмі падобныя і ўпэўнена адрозніць іх можна толькі па якасных фотаздымках. Птушка была на тым жа полі і 18 ліпеня, калі фатографу атрымалася зрабіць больш здымкаў. Аднак не было ўпэўненасці, што маладая птушка вывялася ў Беларусі, а не прыляцела да нас, напрыклад, з Расіі. Як аказалася пазней, побач са злёткам Уладзімір сфатаграфаваў – таксама якасна, як і маладую птушку – дарослую самку, якая непакоілася побач на тым самым полі. Яна была вызначана як стэпавая.

Самка стэпавага луня з Магілёўшчыны. Фота — Уладзімір БондарСамка стэпавага луня з Магілёўшчыны. Фота — Уладзімір Бондар

Гэта вырашыла спрэчкі аб паходжанні маладой птушкі на карысць Магілёўшчыны і, такім чынам, першы выпадак гнездавання віду ў Беларусі пасля перапынку ў стагоддзе можна лічыць даказаным! Аднак рэгістрацыя гнездавання такога выключна рэдкага для Беларусі віду павінна быць зацверджана Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК) перш, чым стане навукова прызнаным фактам.

Луні — адзіная група драпежных птушак, якія пастаянна гняздуюць на зямлі. Для таго, каб бяспечна схаваць гняздо, на пачатку гнездавання (а гэта для розных відаў звычайна канец красавіка- канец мая) птушкам патрэбная параўнальна высокая расліннасць. Ёй можа быць у гэты час або рудэральныя расліны на пустырах, зараснікі трыснягу або, часцей за ўсё, азімыя зерневыя ці рапс, шматгадовыя травы ці люцэрна. І калі птушкі выбіраюць зялёную расліннасць на сельгаспалетках для размяшчэння гнязда, яны тым самым трапляюць у лавушку. Бо шматгадовыя травы і люцэрну скашваюць звычайна да канца мая і ўсе кладкі луней у такіх месцах гінуць. А азімыя зерневыя і рапс даюць шанец выляцець як мінімум некаторым птушанятам (час ад адкладкі яйка да вылету птушанят з гнязда займае ў луней каля двух месяцаў) у залежнасці ад даты пачатку ўборкі. Чым яна пачнецца пазней, тым больш лунят паспеюць выляцець з гнёздаў.

Фота — Уладзімір Бондар Фота — Уладзімір Бондар

Так атрымалася, напэўна, і ў выпадку гнездавання стэпавых луней на Магілёўшчыне. Хутчэй за ўсё пара загнездавала там на поле азімага рапсу ў першай палове мая, калі рапс ужо мае дастатковую, каб схаваць у ім гняздо, вышыню. Пад час яго ўборкі ў першай дэкадзе ліпеня усе птушаняты, акрамя старэйшага (які ўжо мог лятаць), маглі загінуць пад камбайнам. Таму толькі аднаго злётка з усяго вывадку змог назіраць і сфатаграфаваць Уладзімір Бондар на былым рапсавым поле.

Стэпавы лунь мае статус блізкі да глабальна пагражаемага (Near Threatened), з асноўным арэалам у стэпавай зоне Расіі, Казахстана і Манголіі. Прычым як і іншыя віды луней, якія распаўсюджаны і ў Еўропе, і ў Азіі, частка птушак зімуе ў Афрыцы па поўдзень ад Сахары, а іншая — ў Паўднёвай Азіі. Памер еўрапейскай папуляцыі ацэньваецца ўсяго ў 600–2140 гняздуючых пар (Galushin et al. 2003, Forsman & Erterius 2012). Аднак прыкладна з 1970 да 2000 г. (BirdLife International 2004) адбылося змяншэнне памеру расійскай папуляцыі на 30-50% ! Від знік на гнездаванні ў Румыніі і , напэўна, ва Украіне і Малдове.

Для стэпавага луня характэрныя гнездавыя інвазіі за межы асноўнага арэалу, аднак толькі з пачаткам нашага стагоддзя іх можна лічыць рэгулярнымі ва Усходняй і Паўночнай Еўропе. Так, з 2007 г. нерэгулярнае гнездаванне стэпавых луней рэгіструюць у Маскоўскай вобласці Расіі Адзначана мінімум 3 выпадкі гнездавання віду (у 1999, 2005 і 2007 гг) і ў Разанскай вобласці.

Вельмі падобна рэгулярнае гнездаванне як мінімум некалькіх пар з 2003 г.пасля доўгага перапынку ў 70 гадоў адзначана і ў Фінляндыі. Цікава, што як мінімум некаторыя фінскія стэпавыя луні ляцяць на зімоўку ў Афрыку і назад праз Беларусь. Аднак адкуль паходзіць пара луней, якая загнездавала сёлета на Магілёўшчыне – з Фінляндыі ці Расіі – застаецца невядомым.

Прыклад вясновай міграцыі 2017 г. пазначанай спадарожнікавым перадатчыкам самкі стэпавага луня з сайта https://satelliitti.laji.fiПрыклад вясновай міграцыі 2017 г. пазначанай спадарожнікавым перадатчыкам самкі стэпавага луня з сайта https://satelliitti.laji.fi

Неабходна таксама адзначыць, што ў аглядзе міграцыі віду праз Гішпанію зімуючых у Афрыцы птушак падкрэсліваецца значнае павелічэнне з 2011 году мігрыруючых праз гэту краіну ўвосень луней (што магло б азначаць павелічэнне менавіта еўрапейскай часткі папуляцыі) і пастаяннае і рэзкае павелічэнне агульнай колькасці рэгістрацый ў гэтай краіне з 2008 году.

Невялікае павелічэнне рэгістрацый стэпавых луней на пралёце ў нашай краіне таксама адзначаецца менавіта ў апошнія гады. Паводле кампедыюма «Птицы Белоруссии» (А. В. Федюшин, М. С. Долбик, 1967), апошні выпадак, які можна лічыць даказаным гнездаваннем стэпавага луня, зроблены нямецкім арнітолагам Цэдлітцам у 1916 годзе: маладая і дарослая птушкі былі здабытыя у сярэдзіне жніўня ў Пінскім раёне. Такім чынам, з гэтага часу мінуў амаль 101 год да сёлетняга гнездавання!

Дз. Вінчэўскі, па матэрыялаx www.birdwatch.by

Даведка: заносьце свае назіранні птушак на сайт www.florafauna.by! Хто ведае, можа ваш наступны фотаздымак стане сенсацыяй! Дарэчы, менавіта праз гэты сайт знайшліся АПБ і аўтар гнездавання стэпавага луня Уладімір Бондар. Жадаем поспехаў! Разам для птушак і людзей! 

Таксама глядзіце
В «Выгонощанском» хищники чувствуют себя хорошо
90 лет спустя: в Чернобыльской зоне нашли лесного кота!
Некрошечная находка
Первое в Беларуси гнездо шилоклювки — в Турове!
Орел-могильник под Могилевом!
На Полесье — сибирский черноголовый чекан!
Летяга "прилетела" спустя 20 лет
В новый год — с 329 видами птиц!
Средиземноморская чайка: еще плюс один вид птиц в Беларуси!
У Минска появился бургомистр