In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
"Нашы вядомыя і невядомыя птушкі" пераляцелі ў Шчучын

Персанальная фотавыстава Дзмітрыя Якубовіча, арганізаваная пры падтрымцы Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і сайта «Птушкі штодня», перамясцілася на наступныя два тыдні ў цэнтр Шчучына. Там, у гасціннай гарадской гімназіі, яна будзе радаваць да пачатку лютага сваімі цудоўнымі здымкамі больш за 350 гімназістаў і некалькі дзесяткаў настаўнікаў.

У мінулым годзе, акрамя гродзенскіх навучальных установаў, фотавыставу і нашых птушак на ёй глядзелі ў Музеі вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, у школе аграгарадка Канюхі на Бераставіччыне, а апошні месяц яна экспанавалася ў Гродзенскім заапарку.

Дзмітры Вінчэўскі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і рэдактар сайта «Птушкі штодня», адкрыў фотавыставу іпрадставіў прэзентацыю пра мінулае і сучаснасць у назіраннях птушак. Ён нагадаў гімназістам 5-х і 8-х класаў, якія сабраліся ў актавай залі, што менавіта на Шчучыншчыне нарадзіліся і нейкі час працавалі знакамітыя арнітолагі Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853) і Тадас Іванаўскас (Тадэвуш Іваноўскі) (1882-1970) і менавіта ў Шчучыне некалі вучыўся і потым выкладаў знакаміты біёлаг, прафесар Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761 – 1847). Пра яго добра памятаюць у гімназіі, і перад уваходам у будынак знаходзіцца спецыяльная кампазіцыя ў яго памяць.

Сёння фактычна ва ўсіх школьнікаў ёсць гаджэты, таму мы прапанавалі гімназістам сачыць анлайн за сталоўкай для птушак. Магчымасць паназіраць за птушкамі падчас нецікавых урокаў вельмі ўзрадавала гімназістаў.

Маем надзею, што цудоўныя фотаздымкі нашых птушак і магчымасць назіраць за некаторымі з іх з дапамогай сучасных дэвайсаў павялічыць кола нашых прыхільнікаў цяпер і ў Шчучыне.

Дзмітры Вінчэўскі для birdwatch.by, фоты аўтара