In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
ХХІ З'езд АПБ адбыўся: чым быў знакавы 2017 год?

27 студзеня прайшоў ХХІ З'езд АПБ. На штогадовую сустрэчу завітала сотня ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі.

Праграма З’езду была насычаная: цікавыя справаздачы і даклады пра многае, што было зроблена АПБ у 2017 годзе, узнагароджанне самых актыўных аддзяленняў і валанцёраў АПБ, пераможцаў чэмпіянатаў па фотабёрдынгу і – упершыню ў Беларусі – наданне звання Абаронцы дзікай прыроды тром прыродаахоўнікам. А напрыканцы З’езду адбыліся выбары ў Цэнтральны Савет і Рэвізійную камісію.

Удзельнікаў З’езду віталі Старшыня АПБ Васіль Грычык і Ганаровы сябра АПБ са Скідзеля Фрэдэрык Гушча.

Фрэдэрык ГушчаФрэдэрык Гушча

Перад пачаткам асноўнай часткі З’езду Васіль Грычык абвясціў хвіліну маўчання ў памяць Ганаровага сябра АПБ Георгія Васільевіча Гулеўскага з Гродна, які пакінуў гэты свет летась на 76-м годзе жыцця. «Гэта быў вельмі значны чалавек у гісторыі нашай арганізацыі, — сказаў Грычык. — Ён быў ініцыятарам арганізацыі ланшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Азёры», вядомым фотаанімалістам».

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі выступіў з гадавой справаздачай АПБ.

Аляксандр ВінчэўскіАляксандр Вінчэўскі

Сярод многага іншага, ён адзначыў, што будуць працягвацца як акцыя «Выратуй арляня», так і эстонскі праект па вялікіх арляцах. У Беларусі найбуйнейшая пасля Расіі папуляцыя гэтай птушкі. Каб даследаваць і захаваць гэты від, АПБ летась займалася пошукам новых гнёздаў вялікага арляца – у гэтым дапамагалі валанцёры і ахвярадаўцы. Разам з Эстоніяй распачалі праект па сачэнні за міграцыяй арляцоў – неўзабаве мы зможам назіраць за іх вяртаннем з зімоўкі дадому.

Аляксандр заклікаў усіх удзельнічаць разам з АПБ у народным маніторынгу птушак палёў і падпісваць петыцыю супраць пастак і воднага шляху Е40.

На з’ездзе абвясцілі аб уганараванні глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыяй BirdLife Internationalзваннем Абаронцы дзікай прыроды Уладзіміра Іваноўскага, Міхаіла Ярмоліча і Мікалая Вараб’я.

Абаронца дзікай прыроды Мікалай ВарабейАбаронца дзікай прыроды Мікалай Варабей

На З’езд АПБ завітала госця з Кіева – Таццяна Кузьменка, якая прадстаўляла Украінскае таварыства аховы птушак.

Таццяна КузьменкаТаццяна Кузьменка

Сярод таго, на чым акцэнтавалася дзейнасць гэтага таварыства ў 2017 годзе, яна згадала праект па захаванні Карпацкіх пралесаў і барацьбу з нелегальным продажам дзікіх птушак. Таццяна адсочвае абвесткі аб іх продажы ў інтэрнэце, вядзе перамовы з сайтамі аб кантролі за такімі аб’явамі.

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы расказаў пра Птушку 2018 года – чорнагаловага шчыгла. Асноўныя пагрозы для гэтай птушкі – празмернае абразанне дрэваў у гарадах, каты на вуліцы, люстраныя шыбы, знішчэнне бур’яноў на пустках – асноўнай крыніцы ежы шчыгла зімой.

Сямён ЛевыСямён Левы

На З’ездзе адбылося галасаванне за Птушку 2019 года. Кандыдатамі сталі вялікі арлец, чайка-рыбачка і абраная інтэрнаўтамі сівая жаўна. Падлік галасоў і абвяшчэнне птушкі года адбудуцца толькі напрыканцы года – пакуль жа інтрыга захоўваецца.

Каардынатар збору інфармацыі для Атласа птушак Беларусі Анастасія Кузьмянкова з в. Сасновы Бор адзначыла, што летась АПБ завяршыла пяцігадовы збор дадзеных па ўсёй Беларусі для Еўрапейскага атласа гняздуючых птушак. Гэта будзе другое, больш поўнае і актуальнае выданне (першае выходзіла 20 гадоў таму). Плануецца, што пасля праверкі і апрацоўкі дадзеных па ўсіх краінах, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы, атлас выйдзе ў 2020 годзе.

Анастасія КузьмянковаАнастасія Кузьмянкова

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў з Мінску расказаў пра ласасёвых Беларусі.

Максім НямчынаўМаксім Нямчынаў

Дагэтуль у некаторых рачулках нашай краіны нерастуюць гэтыя рыбы. Стронга застаецца тут увесь год, а кумжа і сёмга штовосень вяртаюцца да нас з мора на нераст. Яны любяць плыткія, халодныя, чыстыя рэчкі з каменьчыкамі на дне. На іх шляху шмат перашкодаў, у тым ліку гідраэлектрастанцый, таму даплываюць адзінкі. Каб захаваць ласосяў, важна, каб людзі ведалі пра іх і акуратна абыходзіліся з месцамі іх жыцця, захоўвалі іх чыстымі і не турбавалі рыб. Такую асветніцкую місію мае Ласасёвы цэнтр у Варнянах, адкрыты летась АПБ на базе мясцовай яслі-сада-сярэдняй школы.

Рэдактар сайта vouk.by Юрась Ускоў падрабязна расказаў пра Воўчы блог і тых ваўкоў, за якімі цяпер можна сачыць штодня. Хтосьці з іх мае зграю, а хтосьці – адзіночка. Хтосьці застаецца ў Белавежскай пушчы, а хтосьці заняты падарожжамі ва Украіну і Польшчу.

Юрась УскоўЮрась Ускоў

Пра перамяшчэнні ваўкоў інфармацыю даюць адмысловыя ашыйнікі, якія перадаюць СМС-сігналы. І калі ў першы год праекта ваўкі ніколы не пакідалі Беларусь, то цяпер адразу два «карыстаюцца роўмінгам».

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Мікалай Чэркас з в. Лядскія расказаў падрабязнасці пра «воўчы праект» у Белавежскай пушчы, які АПБ праводзіць сумесна з гэтым нацпаркам і Франкфурцкім заалагічным таварыствам з 2015 года. Вывучаюцца іх паводзіны, харчаванне, роля ў экасістэме. Трэба сказаць, што мараторый на адстрэл ваўкоў, які дзейнічаў у нацпарку, вельмі спрыяў паўнавартаснаму правядзенню даследавання.

Мікалай ЧэркасМікалай Чэркас

У Белавежскай пушчы Мікалай займаецца і іншымі пытаннямі. Напрыклад, кальцаваннем вялікіх арляцоў (дарэчы, летась мы атрымалі вестку з Ізраіля пра акальцаванага намі арляца).

Мікалай звярнуў таксама ўвагу на інвазіўны від, які стварае небяспеку для пушчы: амерыканскі чырвоны дуб, які пасадзілі тут упершыню ў ХІХ стагоддзі. Цяпер ён займае тэрыторыю ў амаль паўтары тысячы гектараў. АПБ разам  з вучонымі распрацавала адмысловы план па барацьбе з гэтай раслінай для нацпарка. Жалуды гэтага дуба ніхто не есць, а распаўсюджваюцца яны сойкамі на тры кіламетры. Гэты дуб можа расці на ўсіх тыпах глебы і блакуе рост іншых дрэваў. З ім цяжка змагацца, бо на пні хутка з’яўляецца мноства новых парасткаў. Гэта барацьба на дзесяцігоддзі, нават калі не марудзіць з яго вынішчэннем.

Андрэй АбрамчукАндрэй Абрамчук

Андрэй Абрамчук, сябра ЦС АПБ з Брэста, расказаў, як летась разам з Дзянісам Кіцелем знайшоў больш за 30 участкаў, дзе жыве палятуха. Гэты начны звярок унесены ў міжнародную Чырвоную кнігу і ў Беларусі сустракаецца толькі на паўночным усходзе на мяжы з Расіяй, часцей за ўсё ў асінніках, ельніках, бярозавых гаях і змяшаных лясах.

Палятуху ўдалося зняць за момант да таго, як батарэя камеры разрадзіласяПалятуху ўдалося зняць за момант да таго, як батарэя камеры разрадзілася

Дзмітры Вінчэўскі расказаў пра цікавосткі леташніх назіранняў за птушкамі ўдзельнікаў Клуб200 АПБ. Ён спадзяецца, што кандыдаты ў новыя віды птушак (у «чарзе» іх шэсць!) неўзабаве будуць зацверджаныя Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй і унесеныя ў афіцыйны спіс.

Зміцер ВінчэўскіЗміцер Вінчэўскі

Напрыканцы З’езду сябры АПБ зацвердзілі фінансавую справаздачу і справаздачы Старшыні ды Рэвізійнай камісіі, пераабралі Старшынём АПБ Васіля Грычыка, абралі ў члены Цэнтральнага Савета на трэці тэрмін Ірыну Самусенка, а таксама прагаласавалі за тое, каб у склад Рэвізійнай камісіі ўвайшоў Генадзь Міндлін.

Спадзяемся, што гэты год таксама пройдзе плённа. Далучайся да сяброў АПБ і дапамагай нам захаваць родную прыроду. Разам мы можам зрабіць болей!

Фота Марыі Вінчэўскай, Даната Ермаковіча, Андрэя Абрамчука.

Таксама глядзіце
Запрашаем на XXI З'езд АПБ
Щегол — птица 2018 года в Беларуси!
"Ахова птушак" — гэта не толькі птушкі, і не толькі ахова"
Грач, щегол и? Кто — третий кандидат на птицу 2018 года?
Збіраем сяброў: 28 студзеня — З'езд АПБ!
У Савет АПБ!
Птицы, волки, люди: как прошел XIX Съезд АПБ?
АПБ збірае сяброў: 23 студзеня — З'езд!
Галка, озерная чайка и ? Кто — третий кандидат на птицу 2017 года?
Запрашаем у Савет АПБ!