In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Гусі ўзімку змяншаюць метабалізм і тэмпературу цела

Даследаванні праводзіліся міжнароднай групай навукоўцаў пад кіраўніцтвам д-ра Клаўдзіі Вашэр (Dr Claudia Wascher) з Anglia Ruskin University на даследчай базе імя Конрада Лорэнца, якая належыць Венскаму ўніверсітэту (Аўстрыя). Там на 25 дзікіх шэрых гусяў (Anser anser) з чарады прыкладна ў 170 птушак былі прымацаваныя мініятурныя датчыкі, якія перадавалі тэмпературу цела і хуткасць сэрцабіцця гусяў на працягу 18 месяцаў. Апошні паказчык быў абраны як адзін з некалькіх, які адлюстроўвае агульны ўзровень метабалізму птушак.

Фота С.СаковічаФота С.Саковіча

Птушкі — эндатэрмныя жывёлы, якім патрэбна шмат энергіі, каб падтрымліваць параўнальна высокую тэмпературу цела і адпаведна хуткі метабалізм. Таму ў халоднае надвор’е расход энергіі на падтрыманне высокага ўзроўню метабалізму рэзка павялічваецца.

Усе гусі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, паказалі аднолькавыя сезонныя змены: хуткасць сэрцабіецця і тэмпература цела былі максімальнымі летам і змяншаліся зімой. Першы паказчык у сярэднім змяншаўся на 22 % у снежні і студзені ў параўнанні з летнімі месяцамі. А тэмпература цела гусяў узімку была меншай у сярэднім на 1° С у параўнанні з летняй.

Д-р Вашэр сказала: "Мы цікавіліся тым, як гусі рэгулююць свой узровень метабалізму і, адпаведна, выкарыстанне энергіі на працягу гадавога цыклу. Асабліва нас цікавіла, як яны спраўляюцца з гэтым узімку. Некаторыя звяры, якія не ўпадаюць у спячку, такія як высакародныя алені ці казярогі, вядомыя тым, што змяншаюць узровень метабалізму і тэмпературу цела ўзімку. Наша даследаванне паказала, што шэрыя гусі выкарыстоўваюць падобную стратэгію».

Крыніца:

Claudia A. F. Wascher et al, Free-living greylag geese adjust their heart rates and body core temperatures to season and reproductive context, Scientific Reports (2018). DOI: 10.1038/s41598-018-20655-z

Паводле www.phys.org падрыхтаваў для сайта «Птушкі штодня» Дзмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Саковіча