In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Як клімат змяняе паводзіны рэчкі: у Белавежскай пушчы прайшоў Тыдзень водна-балодных угоддзяў

Без балотаў і лясных рачулак пушча была б не такой, як ёсць. Наступствы колішняга асушэння пушчанскіх балотаў і спраставання рэк сумныя: экасістэма змяняецца, знікаюць рэдкія віды раслін, грыбоў і жывёл, павялічваюцца парніковыя выкіды. Таму АПБ разам з нацыянальным паркам і Франкфурцкім заалагічным таварыствам з 2013 года рэалізуе ў пушчы шэраг праектаў дзеля аднаўлення водна-балотных угоддзяў.

Пра важнасць балот і рэчак – крывяноснай сістэмы пушчы – публіцы расказалі навукоўцы Наталля Карліёнава і Павел Пінчук на адкрытай лекцыі, якая адбылася ў эколага-асветніцкім цэнтры нацпарку 29 студзеня.

Фота npbp.byФота npbp.by

30 студзеня ў Брэсце прайшоў круглы стол, на якім абмяркоўваліся праблемы рэчкі Лясной.

На круглым стале ўдзельнічалі намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і  аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук, намеснік прарэктара па навуковай працы БрДТУ Мікалай Шашко, прадстаўнік Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Вадзім Пракапчук і прадстаўнікі АПБ Віктар Фянчук, Юрый Янкевіч і Мікалай Чэркас. Прысутнічалі таксама журналісты газет «Вячэрні Брэст» і «Навіны Камянеччыны».

Фота газеты "Навіны Камянеччыны"Фота газеты "Навіны Камянеччыны"

Удзельнікі абмеркавалі план мерапрыемстваў па аздараўленні рэчкі Лясной, які летась распрацавала ААТ «Палессегіправодгас» пры падтрымцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Як паказалі даследаванні, на некаторых участках ракі ў вадзе мала кіслароду, бо падчас разліваў трава пачынае гнісці, забіраючы кісларод.

Раней увесну адбываліся вялізныя паводкі, але гэтая вада сплывала хутка і не застойвалася. Цяпер зімы маласнежныя, няма стабільных маразоў, снег выпадае і хутка растае. Таму вялікія вясновыя паводкі зніклі. Затое з’явіліся летнія паводкі, бо кліматычныя змены прывялі да павелічэння ападкаў улетку. Летняя вада не сплывае так хутка, у спякоту моцна праграваецца, працэсы гніення паскараюцца. Ад гэтага ўтвараюцца заморы і гіне рыба.

З гэтым прапаноўваюць змагацца праз чыстку рачнога дна ад глею або праз выкошванне травы. Глею на некаторых участках ракі так шмат, што рацэ проста няма куды дзецца і яна разліваецца. Але каб пачысціць раку, трэба зайсці глыбока ў пойму, зладзіць інфраструктуру вакол (пад’езды да ракі, пантонныя працы, вываз грунту). Такія меры надоўга парушаць экалагічны баланс ракі. У якасці альтэрнатывы прапаноўвалася выкошваць прыбярэжную і водную расліннасць. Але цалкам гэта не вырашыць праблемы, а на забалочаных участках выкасіць траву не атрымаецца тэхнічна.

Аднак важна разумець, што ў заморах як такіх праблемы няма. Заморы – частка натуральнага жыцця любой ракі, яны забяспечваюць харчаваннем некаторыя віды птушак і звяроў. З імі як са з’явай змагацца не трэба. Але варта зменшыць антрапагенны чыннік і спыніць выкарыстанне палёў у пойме ракі пад сельскую гаспадарку. Трэба даць там сфармавацца расліннасці, устойлівай да паводак, якая не гніе пры разлівах вады.

Каб вада сцякала па рэчышчы больш павольна і раўнамерна, у вышнявіне ракі прапанавана вярнуць спраставанае рэчышча ў свой натуральны стан і правесці паўторнае забалочванне. Тады рака лягчэй адаптуецца пад глабальныя змены клімату, якія цяпер адбываюцца. Але каб рачная экасістэма ўсталявалася, знайшла раўнавагу, патрэбны час – 5-7 гадоў. І паскараць гэты працэс, спрабуючы раку зрабіць такой, якой яна была 40 гадоў таму – у зусім іншых кліматычных умовах – не найлепшае рашэнне.

Рака Лясная. Фота М. БышнёваРака Лясная. Фота М. Бышнёва

Таксама ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні біяразнастайнасці пушчанскіх рэк, у тым ліку Лясной Левай і Лясной Правай, якія знаходзяцца на тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднага значэння (ТВП «Рака Лясная»)

31 студзеня ў Камянюцкай сярэдняй школе, што знаходзіцца пасярод пушчы, прайшлі экалагічныя майстар-класы. Вучні даведаліся, чаму важна захоўваць рэкі чыстымі і як гэта зрабіць, а таксама самі пашылі сабе экаторбы.

АПБ дапамагае аднаўляць і захоўваць беларускія балоты ад самага свайго заснавання. Ты таксама можаш далучыцца да добрай справы і падтрымаць нашу дзейнасць.

Таксама глядзіце
Ваўкі Белавежскай пушчы: паляваць ці ахоўваць?
Вакансия АПБ: специалист по кампаниям и акциям АПБ
«Болотные» мастер-классы прошли в Каменюкской средней школе
Водна-балотны тыдзень у Белавежскай пушчы
Ошейники у волков, отловленных в 2015 году, отсоединились
Арнітолагі абяцаюць многа незвычайных птушак гэтай зімой
Падарожжа з драпежнікам, альбо вітаем на "Воўчым блогу"
По пуще гуляет рысь с тремя котятами! Есть надежда на рост популяции.
Разам з птушкамі ў новым годзе — працягні сяброўства з АПБ!
Новы нумар часопіса "Птушкі і мы": цікавосткі бёрдвочынгу — у любы сезон і ў розных краінах