In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Рэдкая птушка даляцела...

Днямі ў Беларусі адбылася сапраўдная сенсацыя – упершыню ў нашай краіне птушку, пазначаную за мяжою спадарожнікавым радыяперадатчыкам, арнітолагі назіралі на свае вочы.

У мінулую суботу на адрас дырэктара арганізацыі Віктара Фенчука прыйшоў імэйл ад аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх даследчыкаў драпежных птушак, прафесара Бернда Мэйбурга (Bernd Meyburg) з Нямеччыны, які працуе ў Сусветнай працоўнай групе па сокалападобных і совах (WWGPB). У ім вучоны прасіў спраўдзіць факт знаходжання на захадзе Беларусі двухгадовага малога арляца, пазначанага радыяперадатчыкам – і перадаў каардынаты. Сервіс спадарожнікавых здымкаў Google Earth паказаў, што маладая птушка на працягу некалькіх тыдняў трымаецца на сельскагаспадарчых палетках на месцы колішняга балота Харава паблізу вёскі Дабучын, што на Пружаншчыне. Сваю дыслакацыю птушка змяняла адно на некалькі сотняў метраў.

Малый подорлик кормит птенца. Фото Николая Гулинского.Малый подорлик кормит птенца. Фото Николая Гулинского.

Адразу паўсталі дзьве працоўныя версіі: аптымістычная ды песімістычная. Рэч у тым, што яшчэ ніколі дагэтуль у Беларусі не назіралі «ўжывую» птушак, якіх замежныя даследчыкі пазначылі радыяперадатчыкамі. Дзякуючы развіццю сучасных тэхналогій, сатэлітарная тэлеметрыя стала апошнім часам распаўсюджаным спосабам вывучэння біялогіі пярнатых (у тым ліку і ў Беларусі Дзьмітры Вінчэўскі выкарыстоўваў гэты метад пры вывучэнні поплаўных лунёў). На птушчы замацоўваюць прыладу, якая з дапамогай сістэмы глабальнага пазіцыянвання вызначае каардынаты знаходжання асобіны і передае іх даследчыку праз спадарожнік сувязі. Дзякуючы гэтаму вучоныя могуць адсочваць перамяшчэнні птушкі ў прасторы фактычна ў рэальным часе, вывучаць накірункі яе міграцыі, біятапічную прывязку, вылічваць хуткасць, адлегласць суткавага лёту ды іншыя цікавыя акалічнасці, якія раней фактычна немагчыма было кантраляваць. Сачыць за «радыяптушкай» могуць і аматары на адмысловых старонках у інтэрнэце (напрыклад www.Raptor-Research.de).

Карта перемещений малого подорлика помеченного спутниковым передатчикомКарта перемещений малого подорлика помеченного спутниковым передатчиком

Летась беларускія арнітолагі ды аматары птушак ужо мелі магчымасць паназіраць гэткім чынам троіцу сакалоў-балобанаў, пазначаных у Вугоршчыне, якія ўпадабалі Беларусь як транзітную краіну на сваіх шляхах. Увогуле, балобан стаўся паўнапраўным відам арнітафауны Беларусі таксама дзякуючы тэлеметрыі – у 2008 годзе адпаведнае рашэнне ўхваліла Беларуская арніта-фауністычная камісія на падставе паказанняў прыбора, зафіксаваных на адпаведным сайце. Як мінімум тройчы «радыяптушкі» знаходзілі ў нашай краіне вечны спачын – парэшткі шэрага жураўля на поўначы Беларусі ды чорнага бусла пад Мінскам знаходзіў Валерый Дамброўскі, інфармацыю аб здабытай на паляванні ў Магілёўскай вобласці слонцы атрымаў Вадзім Пракапчук. А вось убачыць птушку з перадатчыкам на свае вочы надзвычай складана і дагэтуль у нашай краіне не ўдавалася нікому. Удача блізка?

Але не выключаўся і песімістычны сцэнар – на занадта кароткія адлегласці перамяшчалася птушка напрацягу некалькіх тыдняў. Тыя адлегласці месціліся ў граніцах дапушчальнай памылкі GPS-абсталявання. Магчыма, прыбор ляжыць нерухома, а арлец, ягоны носьбіт – нежывы?...

Каб высветліць сітуацыю, ў спешным парадку па просьбе АПБ на месца выправіліся супрацоўнікі найбліжэйшай навукова-даследчай установы – Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Вячаслаў Краўчук ды Антон Кузьміцкі (пазней туды ж высунецца Вадзім Пракапчук з Брэста, каб зрабіць фота і відэа). Праз некалькі гадзінаў ад іх прыйшло паведамленне – ёсць! Малады арлец з выразна бачным замацаваным на спіне перадатчыкам спрабаваў ухіліцца ад «боесутыкнення» са «звяном» з чатырох маладых канюхоў-мышаловаў. Урэшце вайна яму надакучыла і арол прысеў адпачыць на галіну дрэва з палявой лесаахоўнай паласы пасярод часткова скошаных сенажацяў.

Калі паведамленне пераказалі Бернду Мэйбургу, той выказаў здзіўленне што арлец трымаецца самотна. І меў рацыю – неўзабаве непадалёк выявілася яшчэ адзін малы арлец, таксама малады. Назіранні Вадзіма на наступны дзень пацвердзілі наяўнасць менавіта дзвюх маладых птушак на дадзенай тэрыторыі.

Увогуле, выкарыстанне тэлеметрыі ў апошняя дзесяцігоддзе перегарнула ўяўленне аб паводзінах маладых птушак гэтага віду. Раней лічылася, што, з’явіўшыся на свет, напрыклад, у Беларусі, маладыя птушкі адлятаюць у Афрыку і там, у выраі бавяць час, ажно пакуль не дасягнуць «паўналецця». І толькі тады, у пяцігадовым веку вяртаюцца яны ў свой гнездавы арэал, каб стварыць ўласную пару. Аднак, выяўляецца, што гэта прынамсі не заўсёды бывае так. Напрыклад, адначасова з «нашымі», у Літве выяўлены яшчэ адзін малы арлец у маладым веку.

Поля, на которых кормится подорлик. Фото В. Прокопчука.Поля, на которых кормится подорлик. Фото В. Прокопчука.

Той факт, што птушка доўгі час фактычна не рухаецца з месца, імаверна тлумачыцца багаццем паляўнічых угоддзяў культурных сенажацяў на асушаных тарфяніках колішняй Харавы. Нездарама тут жа былі зафіксаваныя чатыры балотныя луні, мноства белых буслоў, а агульны лік мышаловаў склаў ажно шэсць «баявых адзінак». Спрыяльным чыннікам з’яўляецца і мноства месцаў для прысад і адпачынку – уздоўж дарог і каналаў маюцца тапалёвыя насаджэнні. Беларусь гасцінна сустрэла арлінага маладзёна – каб жа толькі зноў вяртаўся да нас, калі надыдзе пара завесці сям’ю ды працягнуць арліны род.

Застаецца пажадаць яму ўдачы, а сабе – новых цікавых сустрэчаў са «спадарожнікавымі» птушкамі. І са «звычайнымі» таксама.

Таксама глядзіце
Волк в Беловежской пуще: стрелять нельзя помиловать?
В «Выгонощанском» хищники чувствуют себя хорошо
Эфиопские приключения Тихона и новости от Альжуси
Вітаем Палешука і Альжусю!
Кто повторяет путь Тихона и почему "абонент" Тур недоступен?
За шестью большими подорликами из Беларуси можно следить онлайн!
"Заповедные" волки — новый сезон
Тихон не из тихих!
Большой подорлик и такое же путешествие
Большим подорликам — больших полетов!