In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Новы для Беларусі від птушак стаў кульмінацыяй справаздачнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

Новы для Беларусі від птушак стаў кульмінацыяй справаздачнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

Як заўсёды на пры канцы лютага ў гасціннай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна адбылася сустрэча сябраў АПБ з Гарадзеншчыны, на якую ў гэты раз сабраліся больш за 60 ўдзельнікаў. Акрамя гарадзенцаў і гасцей з Брэста і Мінска да нас завіталі калегі са Швэцыі – Ленарт Карлсан (прадстаўнік SOF), і Літвы — Крыстэр Кастрэн (бізнесмэн і Ганаровы консул Фінляндыі ў Літве, бёдуотчар з амаль 50ці гадовым стажам).

Пачалася сустрэча з расповеду Фёдара Ігнатовіча пра насычаны падзеямі, але трагічны лёс заснавальніка Гродзенскага заапарку Яна Каханоўскага (1894-1942), 115ці годдзю з дня нараджэння якога і была прысвечана канферэнцыя. Пасля гэтага нашы замежныя сябры распавялі пра станаўленне, сучасны стан і магчымую будучыню бёдуотчынга ў сваіх краінах, а таксама ў краінах Балтыі. З вуснаў прадстаўніка каманды чэмпіёна мінулагодняга чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі К.Кастрэна прысутныя пачулі парады для арганізацыі яшчэ лепшых спаборніцтваў, зробленыя ім на аснове шматгадовага досведу ўдзелу і перамог у гонках за птушкамі ў розных краінах.

Вяртаннем да не зусім прыемнай рэальнасці былі прэзентацыі Аляксандра Вінчэўскага аб гісторыі і перспектывах інтрадукцыі розных хрыбетных жывёл на тэрыторыі Беларусі, а таксама расповеды Мікалая Чэркаса аб ролі арнітолагаў у захаванні Белавескай пушчы, прэм’ера фільма Ігара Бышнёва «Лёс зубра», аналіз Андрэя Абрамчука «Біясферны рэзерват «Прыбужскае Палессе: стан, праблемы, перспектывы» і падсумаванне вынікаў мінулагодняга праекта «Малая крычка на Нёмане. Стан, праблемы, ахова» Яўгена Сліжа.

Акрамя навукова-папулярных прэзентацый, адбыліся відэа-конкурс на веданне птушак для падлеткаў, фотаконкурс на веданне арнітолагаў Беларусі сярод дарослых, адкрыццё фотавыставы найлепшых фотамастакоў Гарадзеншчыны «Нашы птушкі-2009», узнагароджанне пераможцаў абласнога этапу мастацкага конкурсу для дзетак і падлеткаў «Вялікая белая чапля – птушка 2008 года», сябраў АПБ — пераможцаў розных абласных намінацый і выбары ў Савет і Рэвізійную камісію аддзялення.

Адной з прыемных нечаканасцяў стала чацвёртая запар перамога ў штогадовым абласным фотаконкурсе Мікалая Гулінскага. Удзельнікі канферэнцыі аддалі найбольш галасоў за дзве яго фотаработы, такім чынам прызы за першае і другое месца атрымаў адзін аўтар.

На наступны дзень адбыўся сэмінар, прысвечаны магчымасцям па стварэнню і дзейнасці студэнцкіх груп АПБ, пад час якога нечакана была атрымана інфармацыя аб рэгістрацыі ў 8 км ад Гродна новага для Беларусі віду птушак – горнага свірстуна. Птушка была адзначана на незамярзаючых сажалках ачышчальных збудаванняў ВА «Гродна-Азот» у Гродзенскім раёне Крыстэрам Кастрэнам і Аляксандрам Вінчэўскім. Адразу пасля сэмінару каманда з 7 чалавек вырушыла на месца назіранняў, але тры свірстуны, адзначаныя на сажалках, не падпусцілі назіральнікаў дастаткова блізка для таго, каб вызначыць іх да віду. Такой незвычайнай інтрыгай і закончылася сустрэча ў Гродна.
Рэгістрацыя новага віда павінна быць яшчэ зацверджана Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй.

Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ
фота аўтара.

Таксама глядзіце
Апошні званок у чацвертай Школе
Ваўкоў у Белавежскай пушчы страляць не будуць
Длиннохвостая гостья Грушевки
Вітаем Палешука і Альжусю!
Зоочетверг: куда летят птицы?
30 гнезд для сов и уток на Ельне!
90 лет спустя: в Чернобыльской зоне нашли лесного кота!
Жаўрук у кішэні
40 000 птиц с кольцами за 20 лет!
Кто повторяет путь Тихона и почему "абонент" Тур недоступен?