In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Удод — птушка года 2013

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абрала птушыным сімвалам 2013 года ў Беларусі адну з нашых найбольш яскравых птушак – удода. Традыцыйна, у рамах кампаніі «Удод – птушка 2013 года» будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэтай якіх будзе не толькі прыцягнуць увагу да праблемаў гэтага віду, але і змяніць ягоны адмоўны «імідж».

Нацыянальная кампанія «Птушка года» праводзіцца АПБ з 2000 г. Мэта кампанii – прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас. У мінулых гадах птушкамі года станавіліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль.

Няглездячы на невялікі памер, візуальна ён здаецца нашмат буйнейшым, асабліва ў палёце. Яго апярэнне і звычкі настолькі унікальныя, што пераблытаць удода з іншым відам проста немагчыма.

Удод – птушка дзённая, актыўнасць пачынае з першых прамянёў сонца і да самага позняга вечару. На працягу дня вышуквае сабе здабычу – розных казурак, якіх удод збірае на зямлі.

Колькасць удодаў у Беларусі невысокая, і не перавышае 20 тысяч пар. У якасці месца пражывання перавагу аддае даволі адкрытай прасторы: лугам, узлескам, але можа гняздзіцца і ў блізкім суседстве з чалавекам: у сценах будынкаў, у будаўнічым смецці. Сустракаюцца гнёдзы удода і ў пясчаных насыпах, у карэнні дрэў і нават у высахлых шкілетах жывёл.

Існуе шэраг праблемаў, якія датычацца ўдода і патрабуюць вырашэння. У прыватнасці, дагэтуль невядомы арэал распаўсюджвання ўдода і колькасць гэтага віда ў Беларусі. Акрамя таго, удод, як і іншыя птушкі, якія селяцца ў дуплах, часта сутыкаецца з недахопам месцаў для гнездавання.

У сувязі з існымі праблемамі ў 2013 годзе АПБ плануе правесці біятэхнічныя мерапрыемствы па вырабе і размяшчэнні штучных гнёздаў для ўдода. Плануецца таксама правесці ўлік гэтага віда ў рэгіёнах Беларусі. Таксама будуць праводзіцца традыцыйныя конкурсы – конкурсы малюнкаў і казак для дзяцей.

10 цiкавых фактаў пра ўдода

1. Беларусь насяляе не больш 20 тысяч пар удодаў (1998). Колькасць іх скарачаецца па ўсёй Еўропе з-за інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, узбуйнення палёў і трансфармацыі стылю сельскай забудовы.

2. Больш магчымасцей сустрэць ці пачуць удода на Палессі. Ён любіць сельскую мясцовасць, асабліва адкрытыя лугі і ўзлескі з голымі ўчасткамі зямлі. Гнёзда размяшчае ў дуплах ці у сценах будынкаў, у кучах камянёў.

3. Песня удода — глухі, трохскладовы «упупуп», якую ўвесну і летам ён паўтарае да 30 разоў у хвіліну. Звукападражальнай з’яўляецца назва птушкі на мовах многіх народаў.

4. Дыета ўдода, ў асноўным, насякомыя і іх лічынкі даўжынёй 2-3 см: жукі, конікі, мядзведкі, якіх птушкі або збіраюць на паверхні, або з дапамогай доўгай дзюбы могуць спрытна дастаць з глебы. Адмысловыя мышцы на галаве дазваляюць адкрыць дзюбу ў зямлі.

5. У асноўным удод жывіцца відамі, якіх людзі лічаць шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. Злавiўшы буйнага жука, удод б'е яго аб зямлю ці камень, каб забіць і пазбавіць здабычу панцыра і ног.

6. Удоды жывуць парамі. Наседжвае яйкі толькі самка, а самец забяспечвае яе кормам.

7. Зімуюць нашы удоды ў Афрыцы.

8. Для абароны ў птушанят ёсць адмысловая залоза каля аснавання хваста, з якой яны выпырскваюць смярдзючую падаллю масляністую вадкасць у бок ворага, які правярае занятае птушкамі дупло або іншую гнездавую нішу ўдодаў. Птушаняты таксама добра «страляюць» памётам.

9. Удод быў святой птушкай ў Старажытным Егіпце, быў намаляваны на сценах пірамідаў і храмаў. Згадваецца ў святых пісаннях — Бібліі і Каране. У 2008 годзе ўдод быў абраны нацыянальнай птушкай Ізраіля.

10. У Польшчы і заходніх рэгіёнах Беларусі удода завуць «дудэк». Ад гэтай назвы паходзіць шмат распаўсюджаных прозвішчаў, у тым ліку «Дудко». У Польшчы нават праводзяцца злёты людзей з прозвішчам «Dudek».

Таксама глядзіце
Свитшоты с птицей 2018 года в поддержку дикой природы!
Щегол — птица 2018 года в Беларуси!
Кто победил в "хохлатых" конкурсах?
Жаворонки — тоже люди!
Хохлатый жаворонок "загнездился" на доме!
Дзе жыве самы вялікі жаўрук-смяцюх?
5 чэрвеня — конкурс "Птушка-арт"!
Гоголь дома!
Пра што "звініць" кот і як ратаваць птушку года?
Тут гняздуецца жаўрук-смяцюх!