In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Свята птушак ў Тураве адбылося!

Свята птушак ў Тураве адбылося!

1 мая 2009 года адбыўся фестываль «Свята птушак у Тураве». Нават дрэннае надвор’е не сапсавала таго добрага настрою, які панаваў сярод удзельнікаў свята з самага ранку. Скульптура куліку-марадунцы, якая быццам бы заўсёды стаяла насупраць галоўнага ўваходу у мясцовы гатэль, прываблівала ўсіх: і старых і малых. Людзі дакраналіся да яе рукой, каб здзейсніліся ўсе самыя смелыя жаданні, фатографы мітусіліся, каб зрабіць найлепшы здымак, прадстаўнікі мясцовай улады з гонарам пазіралі на птушак. Так, гэта яны, кулікі-марадункі, сталі галоўнымі героямі нашага свята і сімвалам адраджэння гістарычнай славы Турава.

Адкрыццё помніка адбылося з выкананнем усіх адпаведных цырымоній – прамовамі гасцей і гаспадароў свята, пераразаннем стужкі і, нават, са стрэлам велізарнага фейерверку. Скульптура з’явілася перад вачыма гасцей, а уражанне было такое, быццам сядзелі на галінцы дзве жывыя птушачкі і дзівіліся «Чаго гэта тут столькі народу сабралася?». Пасля прамоваў і віншаванняў усе накіраваліся ў мясцовы дом культуры, бо дождж, які раптам лінуў з неба, не абяцаў хутка скончыцца.
А ў вестыбюлі ўжо завіхаліся актывісты АПБ: арганізоўвалі пляцоўку з жартаўлівым фота, ладзілі майстар-клас для жадаючых па коміксам і надзімалі паветраныя шарыкі. Кожны, хто прысутнічаў на свяце, атрымаў памятны буклет АПБ з апісаннем Тураўскага балоння і парадамі, як яго захаваць. І дзеці, і дарослыя актыўна удзельнічалі ў розных інтэлектуальных конкурсах, якія бязперапынна ладзіў Руслан Шайкін з дапамогай сваіх калег. Такую актыўнасць мясцовых жыхароў да удзелу ў конкурсах мы нават не чакалі!

На сцэне ж ДК разгортваліся тэатральныя баталіі. Фальклорныя калектывы з Тураўскіх ваколіц распавядалі пра мясцовыя традыцыі сустрэчы вясны і абуджэнні роднай зямлі, і, вядома ж, галоўнымі героямі ў гэтых расповедах былі птушкі. А школьныя каманды з гумарам і жартамі абаранялі кожны свой від птушкі-жыхара Тураўскага Балоння. Там былі качка-лапаноска і звычайны бусел, крывок і вялікі зуёк, кнігаўка і баталён. У прыгожых і цікавых касцюмах, зробленых сваімі рукамі, дзеці з захапленнем распавядалі пра лад жыцця «сваёй птушкі», расказвалі легенды, ладзілі казкі. А перапоўненая зала не шкадавала далоняў, пляскаючы пасля выступлення кожнага калектыву.

Свята падыходзіла да свайго завяршэння, і каб не было так сумна развітвацца з новымі сябрамі, арганізатары зрабілі прыемныя падарункі усім удзельнікам свята. Кожны калектыў атрымаў у падарунак плакаты з птушкамі паплавоў, каляровыя карты Сярэдняй Прыпяці і значкі з выявай вяртлявай чаротаўкі – сімвала АПБ. А лепшыя калектывы – пераможцы школьнага конкурсу, атрымалі у дадатак кнігі-вызначальнікі птушак і вялікія фатаграфіі птушак у рамках. І з гэтага дня каманды кожнай школы, якія ўдзельнічалі у нашым свяце, узялі на сябе абавязак клапаціцца пра тых птушак, якіх яны абаранялі на свяце: яны іх будуць вывучаць, ладзіць назіранні і, па-магчымасці, дапамагаць ім.

Хочацца закончыць сваё распавяданне пра свята словамі мясцовых жыхароў, якія па сялянску проста казалі: «Вялікі дзякуй! У нас даўно не было такіх цудоўных святаў. Гэты фестываль нам запомніцца надоўга, абавязкова прыязджайце да нас яшчэ!»

Глядзі фотарэпартаж з Турава ТУТ

Таксама глядзіце
30 гнезд для сов и уток на Ельне!
Волонтерский лагерь в Турове: к возвращению дупелей — готовы!
Я тебя вырублю!
Клюква, журавли и дигископинг
17 сентября — на "Жураўлі і журавіны" в Миоры!
Туров: люди против ивы
Летник на Туровском лугу — помоги кулику!
Волонтеры, едем в Туров!
"Отпросился с работы и поехал помогать лососю"
Хранители АПБ — лучшие общественные экологи Витебщины!