Казьяны


Месцазнаходжанне: Віцебская вобласць, Шумілінскі і Полацкі раёны

Каардынаты: 55°25 N 29°22 E

Плошча: 26060 гектараў

Нацыянальны статус аховы: ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ўтвораны ў 1999 годзе на базе біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе. У 2001 годзе зменены яе межы і плошча ў сувязі са змяненнем межаў заказніка (код – BY003, крытэрый А1, В2, В3). Уключана ў спіс патэнцыяльных Рамсарскіх угоддзяў (крытэрый 1а)

 

Заказнік уяўляе сабой складаны мазаічны комплекс верхавых балот, лясоў, заліўных лугоў, азёр і сельскагаспадарчых зямель. Тэрыторыя характарызуецца разнастайнасцю і кантрастнасцю экалагічных умоў, наяўнасцю ўнікальных прыродных комплексаў: буйных масіваў верхавых і пераходных балот (займаюць значную частку тэрыторыі), адкрытых нізінных балот, шматлікіх рэк і азёр, пясчаных дзюн; а таксама малапарушаных лясоў, у тым ліку і фрагментарных дубраў.

Рачная сетка гэтага рэгіёна належыць да басейна ракі Заходняя Дзвіна. Галоўны яе прыток – рака Обаль – працякае ўздоўж усходняй і паўднёвай межаў заказніка. На тэрыторыі заказніка Обаль прымае два правыя прытокі – рэкі Цэніца і Глыбачка. Поймы рэк слабавыражаныя, рэчышчы – звілістыя. Істотная роля ў фарміраванні ландшафтаў заказніка належыць азёрам, найбольш буйныя з іх – Мошна, Расалай і Красамай. Амаль усе яны – дыстрафіруючыя, мелкаводныя, маюць нізкія забалочаныя берагі і зарастаюць воднай расліннасцю.

Сельскагаспадарчыя землі (ралля, сенакосы, і выганы) складаюць 3% ад агульнай плошчы тэрыторыі. Паколькі ў заказніку пераважаюць забалочаныя лясы, лесакарыстанне тут абмежаванае. Тэрыторыя заказніка з’яўляецца традыцыйным месцам збору грыбоў і ягад мясцовым насельніцтвам.

На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Найбольш значныя з іх прыведзены ў табліцы.


Від / Species

Ацэнка колькасці, пар / Population estimates, pairs

Крытэрый ТВП / IBA Criteria

Pernis apivorus Звычайны асаед / Обыкновенный осоед / Honey Buzzard

12-15

B3

Circaetus gallicus Арол-вужаед / Змееяд / Short-toed Eagle

4-5

В2

Circus cyaneus Палявы лунь / Полевой лунь / Hen Harrier

10

В2

Circus pygargus Поплаўны лунь /

Луговой лунь / Montagu’s Harrier

15-20

B3

Aquila clanga Вялікі арлец / Большой подорлик / Greater Spotted Eagle

1-2

A1

Aquila chrysaetos Арол-маркут / Беркут / Golden Eagle

1-2

B2

Pandion haliaetus Скапа / Скопа / Osprey

5-6

B2

Tetrao tetrix Цецярук / Тетерев / Black Grouse

300-450

B2


Асаблівасці фауны заказніка абумоўлены наяўнасцю разнастайных месцапражыванняў. Занесеныя ў Чырвоную кнігу віды млекакормячых фарміруюць тут даволі ўстойлівыя групоўкі: барсук Meles meles (10 пасяленняў), рысь Felis linx (5-8) і буры мядзведзь Ursus arctos (3-5 пасяленняў).

Група рэдкіх і знікаючых вышэйшых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, даволі шматлікая і прадстаўлена 21 відам. Акрамя іх тут сустракаецца шмат рэдкіх відаў мохападобных.

 Неспрыяльныя фактары

Асушэнне прылягаючых тэрыторый і выраўноўванне малых рэк (каля 60% рэчышчаў малых рэк, якія працякаюць па тэрыторыі заказніка, каналізавана) выклікалі парушэнні гідралагічнага рэжыму балота.

Лакальная здабыча торфу ў паўднёвай частцы тарфянога масіву Обаль-2.

Выпальванне расліннасці аказвае надзвычай шкодны ўплыў на флору і фауну заказніка, асабліва ва ўмовах сухой вясны.

Высечка карэнных лясоў – ельнікаў, а часам і альшанікаў, суправаджаецца рэзкім зніжэннем біялагічнай разнастайнасці.

Прамысловае рыбалоўства, якое ажыццяўляецца Віцебскім рыбгасам на адным з самых маляўнічых азёр – Мошна, можа стаць прычынай скарачэння яго рыбных запасаў.

Раслінныя сукцэсіі. На нізінных балотах адкрытыя ўчасткі зарастаюць хмызняком, што звязана, у асноўным, са змяншэннем сенакашэння.

 Неабходныя меры аховы

Для больш эфектыўнай аховы і рацыянальнага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці неабходна распрацаваць план кіравання заказнікам міжнароднага значэння. У першую чаргу неабходна вырашыць наступныя найбольш важныя пытанні:

  • аптымізацыя гідралагічнага рэжыму;
  • распрацоўка рэжымаў землекарыстання (сельская, лясная і рыбная гаспадаркі, паляванне);
  • аднаўленне балот на выпрацаваных тарфяніках.