Лебядзіны Мох
Месцазнаходжанне: Віцебская вобласць, Полацкі і Расонскі раёны.
Каардынаты: 55°45 N 29°10 E
Плошча: 15000 га.
Нацыянальны статус аховы: не мае.
Міжнародны статус аховы: патэнцыяльная ТВП (крытэрыі: В2: скапа, В3: звычайны асаед).
Высокая мазаічнасць ландшафтаў і цяжкадаступнасць угоддзя вызначаюць яго багатую фауністычную разнастайнасць. Лебядзіны Мох з’яўляецца важным месцам гнездавання для цэлага шэрагу рэдкіх і ахоўваемых птушак, у тым ліку і відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, вялікі арлец Aquila clanga і драч Crex crex.
Угоддзе ўяўляе сабой адзіны леса-балотны масіў на плоскай водападзельнай раўніне. Рэльеф на поўначы і на паўночным захадзе ўскладнён шматлікімі мацерыковымі дзюнамі.
Па структуры расліннага покрыва тэрыторыя з’яўляецца пераважна лясной. Тут растуць сасновыя, яловыя, асінавыя, альховыя і бярозавыя лясы. Прыродаахоўную каштоўнасць тэрыторыі прыдаюць вялікія масівы верхавых балот з градава-мачажыннымі комплексамі і маляўнічымі азёрамі, а таксама парослыя хвоямі дзюны. Забалочаныя нізіны пакрыты яловымі і дробналісцёвымі лясамі. Поймы рэк параслі лазнякамі і алешнікамі.
Сярод балот пераважаюць верхавыя і пераходныя. У поймах рэк і па перыферыі верхавых балот знаходзяцца ўчасткі балот нізіннага тыпу. Сярэдняя глыбіня тарфяной залежы складае 0,5-2 м.
Гідралагічная сетка добра развіта і прадстаўлена вялікай колькасцю малых рэк і азёр. Найбольш буйныя рэкі – Дрыса і яе прытокі Вядзеціца і Марынец. Поймы гэтых рэк моцна забалочаны, шырыня рэчышчаў складае 2-4 м, глыбіня 0,5-1,5 м, берагі нізкія, гразкія. На тэрыторыі ўгоддзя знаходзіцца больш за 20 азёр, самае буйное з якіх – возера Вядзета.
З птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, акрамя вышэйназваных відаў, на гнездаванні адзначаны чорнаваллёвы гагач Gavia arctica, вялікі бугай Botaurus stellaris, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, малы арлец Aquila pomarina, арол-маркут Aquila chrysaetos, пардва Lagopus lagopus, шэры журавель Grus grus, дубальт Gallinsgo media, залацістая сеўка Pluvialis apricaria, сярэдні Numenius phaeopus і вялікі Numenius arquata кулёны, вялікі грыцук Limosa limosa, пугач Bubo bubo, балотная сава Asio flammeus, вераб’іны сычык Glaucidium passerinum, жоўтагаловы дзяцел Picoides tridactylus. Балота Лебядзіны Мох мае вялікае значэнне як аднаўленчы цэнтр глушца Tetrao urogallus: тут яшчэ не рэдкасць такі, на якіх збіраюцца па 20 і больш птушак.
|
|