|
Неспрыяльныя фактары Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на патэнцыяльную ТВП, з’яўляюцца асушальная меліярацыя, торфараспрацоўка навакольных зямель, нерацыянальнае сельскагаспадарчае выкарыстанне, зарастанне поймы хмызнякамі. Асушальная меліярацыя. Гідралагічны рэжым балота парушаецца дрэнуючай дзейнасцю меліярацыйных каналаў, пракладзеных непасрэдна па пойме. Зарастанне пойменных зямель і, асабліва, нізіннага балота хмызнякамі звязана са змяненнем характару і ступені гаспадарчай нагрузкі на гэтай тэрыторыі. Раней сенакашэнне і выпас жывёлы праводзіліся практычна на ўсіх прыдатных для гэтага ўчастках. Зараз, калі ў рэгіёне створана вялікая колькасць польдэрных сістэм, такая неабходнасць адпала. Працэс зарастання поймы паскараецца ў выніку змянення гідралагічнага рэжыму і перыядычных пажараў. Торфараспрацоўка праводзілася на правабярэжным участку поймы ракі Убарць, які прымыкае непасрэдна да нізіннага балота. У наш час гэтыя землі закінуты, знаходзяцца на стадыі натуральнага зарастання і з’яўляюцца патэнцыяльным асяродкам узнікнення пажараў. Неабходныя меры аховы Гэтыя адносна некранутыя фрагменты нізінных балот уяўляюць несумненную каштоўнасць для захавання біялагічнай разнастайнасці рэгіёна. З мэтай іх аховы ў першую чаргу неабходна прыдаць угоддзю статус ТВП і стварыць на гэтай тэрыторыі рэспубліканскі заказнік (альбо далучыць яе да праектуемага заказніка “Данілевіцкі”); правесці работы па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму шляхам рэгулявання вады ў асушальных каналах і паўторнага забалочвання былой торфапляцоўкі. |
|
© 2006-2007
Ахова птушак Бацькаўшчыны г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313 +375 17 263 01 30 +375 17 263 06 13 |