21 красавіка — VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу!

ад 19 красавіка 2018 года

Абноўлена: дадалося месца правядзення і карта!

Птушкі лятуць і лятуць да нас з выраю, і ўжо хутка ўся краіна будзе актыўна чырыкаць і залівацца песнямі. А мы з табой тым часам падрыхтуем фотаапараты, каб “нашчоўкаць” як мага больш птушыных кадраў на Чэмпіянаце па фотабёрдынгу, што адбудзецца 21 красавіка ў Гомелі!

Чэмпіянат па фотабёрдынгу ў Беларусі АПБ ладзіць ужо сёмы раз. Гэта заўжды яскравая падзея, якая запамінаецца ўсім удзельнікам. Калі любіш птушак або фатаграфію, абавязкова далучайся. Уражанняў ад спаборніцтваў будзе мора!

Жаўна. Фота Наталлі Кароль, якое перамагло на V Чэмпіянаце па фотабёрдынгу

Дзе пройдзе Чэмпіянат?

Месца спаборніцтваў – тэрыторыя цэнтральнага парку Гомеля і прылеглай тэрыторыі па левым беразе Сажа (мікрараён Якубаўка).

Тэрыторыя правядзення Чэмпіянату па фотабёрдынгу ў Гомелі

Што трэба рабіць?

Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парадаў.

А каб перамагчы ў Чэмпіянаце, табе трэба за 5 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від табе будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.

 

Як запісацца на Чэмпіянат?

Спампуй форму простай заяўкі, запоўні яе і дашлі на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 10.00  пятніцы 20 красавіка

Ты можаш удзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у Чэмпіянаце бясплатны.

 

Сямён Левы, каардынатар Чэмпіянату па фотабёрдынгу
Мы як арганізатары вельмі радыя, што ёсць магчымасць праводзіць Чэмпіянат па фотабёрдынгу не только ў сталіцы. Гомель — горад, дзе не толькі ёсць шмат фатографаў-анімалістаў, якія ўжо неаднаразова бралі ўдзел у нашых спаборніцтвах, але і горад, дзе ёсць шмат цікавых птушак. Прыехаць на Чэмпіянат у Гомель – гэта выдатная магчымасць не толькі ўбачыць рэдкую ў Беларусі чырвонакніжную птушку валасяніцу-белашыйку, але і зрабіць яе прыгожы партрэт. Мы запрашаем усіх паўдзельнічаць у Чэмпіянаце, паспрабаваць свае сілы, пазнаёміцца ​​з новымі сябрамі па хобі і актыўна правесці пяць гадзін на прыродзе з карысцю для свайго здароўя!

 

 

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1, 2, 3 месцы), а таксама абраны найлепшы здымак Чэмпіянату. Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фотаздымкаў або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.

Далучайся да цікавых і прыемных спаборніцтваў і рыхтуйся да знаёмства з гомельскімі птушкамі!

 

Даведка:  Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама па адным разе ў Гомелі і Брэсце. VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Цікава



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: