Як валанцёры ратавалі Жаду

ад 31 жніўня 2018 года

З 17 па 26 жніўня АПБ правяла валанцёрскі летнік па аднаўленні балота Жады. Плаціны, пабудаваныя 7 гадоў таму, патрабавалі рамонту.

Падтрымай арганізацыю валанцёрскага летніка на Талацэ!

 

У свой час палову балота перакапалі асушальнымі каналамі. У 2011 годзе АПБ пачала яго аднаўленне. На каналах паставілі сотню плацін. Але з гадамі яны псуюцца і разбураюцца, прапускаюць ваду.

Жада. Фота Надзеі Бяляўскай

Жада. Фота Надзеі Бяляўскай

 

Даведка. Рэспубліканскі водна-балотны заказнік “Жада” плошчай 7118 га месціцца ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Жада – частка вялікай балотнай сістэмы, куды ўваходзіць і знакамітае балота Ельня.  

 

Участники волонтерского лагеря на Жаде

Удзельнікі летніка. Фота Надзеі Бяляўскай

У летніку ўдзельнічалі 16 валанцёраў з розных куткоў: з Мінска ды Жодзіна, з Гародні ды Ліды, з Гомеля і нават з замежжа, з Германіі.

Эллени Вендрас

Элені Вендрас

Элені Вендрас, валанцёрка, спецыяліст АПБ: «Я сама з Германіі, і працавала ў галіне аховы прыроды шмат дзе па ўсім свеце, але я ніколі не была на верхавым балоце, як Жада: багацце сфагнавага слою і ягад, а таксама колькасць драпежных раслін мяне ўразіла! Праца валанцёраў патрэбная для захавання жыцця гэтага дзівоснага свету, і гэтыя людзі цудоўныя і захопленыя справай. Я вельмі радая, што цяпер працую над праектамі разам з АПБ і дазнаюся больш  пра цікавую і добрую працу арганізацыі«.

Плотина на канале болота Жада

Плаціна. Фота Надзеі Бяляўскай

Удзельнікі летніка адрамантавалі 7 плацін на паўночным магістральным канале, прычым дзве з іх давялося амаль цалкам перабудоўваць.

 

Максім Нямчынаў, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях
Папрацавалі вельмі плённа. Тыя, хто раней бачыў гэтыя плаціны, казалі, што будзе добра, калі мы паспеем «апрацаваць» больш за палову канала. Мы ж зрабілі ўвесь магістральны канал. Работа фізічна цяжкаватая, але ўсе ўдзельнічалі, і хлапцы і дзяўчаты, размяркоўвалі справы. Дзякуй усім, хто дапамагаў дзікай прыродзе захаваць будучыню.

 

Валанцёрам пашанцавала з надвор’ем – дождж замінаў працы ўсяго адзін дзень. Гнюсу амаль не было, гэта спрыяла настрою, а значыць — і справе.

Ремонт плотин на болоте Жада

Валанцёры за працай. Фота Любы Дударэвіч

Праца на прыродзе дорыць прыемныя моманты. Па-над лагерам з палёў на балота ляталі жураўлі, чаплі — да возера, круціліся вакол зборныя чародкі сініц з дзятламі «на чале». Над палямі і лесам валанцёры назіралі драпежных птушак: асаедаў, канюкоў, шулякоў. А ў канале часам плюхаў хвастом бабёр.

Журавли по дороге на Ельню

Жураўлі. Фота Надзеі Бяляўскай

На балоце была процьма ягад – і журавіны, і чарніцы, і брусніцы. Елі і свежымі, і варэнне рабілі. Ды і грыбоў трохі пазбіралі.

Озеро Илово на рассвете

Світанак на возеры Ілаве. Фота Надзеі Бяляўскай

Часам уставалі на досвітку, каб сабраць журавінаў на сняданак і сустрэць узыход сонца.

Купанье в болотном озере

Балотныя СПА-працэдуры. Фота Любы Дударэвіч

Папрацаваўшы з рання да вечара, удзельнікі летніка выпраўляліся купацца ў «балотны басейн» — на возера Ілава. 

Волонтерский летник на Жаде

Перапынак у працы. Фота Любы Дударэвіч

Што ні кажы, а пабыць сам-насам з прыродай, гэта — ужо скарб!

Дарэчы, бываюць і прыгоды. Люба Дударэвіч ужо не першы раз удзельнічае ў валанцёрскіх праектах АПБ. Рамонт плацін быў для яе новай цікавай задачай: хацелася даведацца, як спраўляцца з цяжкасцямі, а заадно паглядзець новыя мясціны.

«У апошні дзень працы, калі мы вярталіся ў лагер, мяне чакаў яшчэ адзін выклік. Я ішла апошняй, збірала журавіны і брусніцы, не турбавалася, бо ўжо вярталася ў лагер адна. Але гэтым разам не прайшло, я трохі заблукала… Звярнула да лагера раней, чым трэба, і пару разоў выйшла не на тыя месцы. Вярнулася да галоўнай дарогі, зрабіла яшчэ пару спробаў і зразумела, што лепш варта вярнуцца зноў на галоўную і пазваніць астатнім. Да таго ж, было ўжо досыць цёмна. Добра, што тэлефон быў зараджаны (слава паўэрбэнку кіраўніка лагера!). Я патэлефанавала і мы зладзілі пераклічку. Крычалі з лагера, я іх пачула: значыць, я не вельмі далёка. Міша і Надзя выйшлі мяне шукаць, мы часам стэлефаноўваліся і перагукваліся, я ўжо рыхтавалася, як варыянт, пераночыць у лесе. Церусіў дождж, лес быў напоўнены гукамі, і мне ўвесь час здавалася, што нашы ўжо падыходзяць. Мы дамовіліся, што я буду стаяць на дарозе, каб яшчэ больш не згубіцца. У выніку ўсё абышлося і яны мяне хутка знайшлі, напэўна, хвілін за 15. Мы вярнуліся ў лагер, дзе нас чакала ўтульная святочная вячэра з блінцоў з яблыкамі і цёплая сяброўская атмасфера!»

Волонтерский лагерь на Жаде

Лагер. Фота Надзеі Бяляўскай

Надзея Бяляўская валанцёрыць пачала нядаўна: гэтым летам была ў археалагічным летніку ў Міры, а цяпер выбралася, як і марыла, на балоты. «Ад летніка ў мяне толькі пазітыўныя ўражанні, — дзеліцца яна. – Хоць я нячаста хаджу ў паходы, мне гэта вельмі падабаецца. Кіраўнік летніка Максім – вельмі адукаваны чалавек, ён столькі нам расказаў і паказаў! Я першы раз на свае вочы пабачыла расянку, даўгахвостую сініцу – я б у жыцці не падумала, што гэта сініца! Працаваць было нескладана. Нават калі да месца было даволі далёка, ісці па лесе было прыемна, і тых, хто адставаў, заўсёды чакалі. Ніхто не адчуваў сябе пакінутым – усе былі разам«.

 

Летнік скончыўся, але ты можаш зрабіць унёсак у аднаўленне Жады. Да 5 жніўня працягваецца збор грошай, каб пакрыць выдаткі на арганізацыю летніка (напрыклад, харчаванне і транспарт).

Падтрымай валанцёрскі летнік на Талацэ і атрымай памятны падарунак-падзяку ад АПБ!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: