Нечакана: тыя ж самыя вясковыя ластаўкі ляцяць зусім рознымі пралётнымі шляхамі ўвосень і вясной

ад 27 верасня 2018 года

Як мігруюць ластаўкі? Вучоныя высветлілі цікавыя факты пра шляхі іх пералётаў.

Сезонныя адрозненні паміж рознымі пралётнымі шляхамі падчас міграцыі на месца зімоўкі і назад, на месцы гнездавання вясной, былі знойдзены ўжо для многіх відаў птушак з Еўропы — гэта так званыя «петлявыя міграцыі» (loop migrations). Аднак дагэтуль былі вядомыя толькі некалькі відаў, якія выкарыстоўваюць вельмі розныя пралётныя трасы для сваіх сезонных вандровак. Цяпер, дзякуючы выкарыстанню мініатурных геалакатараў на вясковых ластаўках (Hirundo rustica) з Літвы, атрымалася не толькі дадаць від да гэтай нешматлівай групы, але і ўпершыню запісаць і убачыць усе гадавыя пярэмяшчэнні ластавак.

Деревенская ласточка

Пасля паступовага знікнення апошняга ледавіка ў Еўропе, пералётныя птушкі з розных частак кантыненту, якія ляцяць на зімоўку ў Афрыку, выкарыстоўваюць тры асноўныя міграцыйныя шляхі: заходні (праз Гібралтар), цэнтральны (праз Грэцыю або Італію) і ўсходні (праз усходнюю (азіяцкую) частку Турцыі). Каб прасачыць, як і куды ляцяць вясковыя ластаўкі на зімоўку і назад, літоўскія і швайцарскія арнітолагі пазначылі геалакатарамі (прыладамі, якія запісваюць толькі дату і час заходу і ўсходу сонца, на аснове якіх потым больш ці менш дакладна можна вызначыць каардынаты знаходжання птушак) 20 дарослых ластавак у 2012 і 25 — у 2015 годзе, прычым прылады разам з мацаваннем важылі 0,6 г і не павінны былі аказаць негатыўнага ўплыву на птушак.

Усе птушкі, ад якіх атрымалася спампаваць дадзеныя геалакатараў,  паказалі падобныя паводзіны: падчас восеньскай міграцыі ластаўкі трымаліся цэнтральнага шляху пералётаў пры перасячэнні Міжземнага мора і Сахары на шляху ў Паўднёвую Афрыку, тады як вясной усе птушкі змянілі гэтую трасу на ўсходнюю і праляцелі над Аравійскім паўвостравам, трапіўшы на яго праз праліў Bab-el-Mandeb. Больш за тое, дзве з ластавак перад вяртаннем на месцы гнездавання ў Літву праляцелі яшчэ далей на ўсход — над Каўказам.

Миграция деревенских ласточек

Прыклады круглагадовых пералётаў некалькіх вясковых ластавак з Літвы. Паводле Briedis et al. 2018

Цікава, што максімальная адлегласць паміж рознымі шляхамі міграцыі ластавак увосень і вясной часам даходзіла нават да амаль 2 тысяч км на той жа геаграфічнай шырыні!

Миграция деревенских ласточек

Усярэднены шлях сезонных міграцый вясковых ластавак з Літвы. Паводле Briedis et al. 2018

Нягледзячы на значна больш доўгі шлях пралёту вясной праз Аравійскі паўвостраў і нават Каўказ, усе самцы і адна з двух самак пераадолелі яго хутчэй за восеньскі. Хутчэй за ўсё гэтак адбылося таму, што птушкі выкарысталі больш спрыяльныя магчымасці для адпачынку і ўзнаўлення энергіі, бо на гэтым шляху пралёту была больш даступная здабыча.

Крыніца:

Briedis et al. 2018 Loop migration, induced by seasonally different flyway use, in Nothern European Barn Swallows. J. of Ornithology 159: 885-891 https: doi.org/10.107/s10336-018-1560-1

 

Паводле www.link.springer.com (тэкст і мапыпадрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскі для birdwatch.by

Здымак Мікалая Вераб’я

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: