У Беларусі адзначаны новы від птушкі – стрынатка-рэмез

ад 2 кастрычніка 2018 года

У Беларусі адзначаны новы від птушак: стрынатка-рэмез можа стаць 333-й у спісе нашай арнітафаўны. Птушку злавілі і закальцавалі на Віцебшчыне арнітолагі Дзяніс Кіцель і Юры Янкевіч.

Стрынатка-рэмез - новы від у Беларусі

Стрынатка-рэмез. Фота Юры Янкевіча

Як расказаў Дзяніс Кіцель, пры адлове птушак на запіс голасу ў сеткі трапілася стрынатка-рэмез. Птушку злавілі 2 кастрычніка ў Вехнядзвінскім раёне Віцебшчыны, у пойме рэчкі Свольны. Арнітолагі вырашылі праверыць патэнцыял новага месца на новыя віды – і, як бачым, удала.  

Магчыма, стрынатка-рэмез была ў Беларусі і раней, — лічыць Дзяніс. — Яна ў 1990-х гадах гнездвалася вельмі блізка да нашай мяжы. Напэўна, арнітолагі таго часу прапусцілі яе. Як мы прапусцілі залёт сібірскай завірушкі ў мінулым годзе: гэтая птушка была ў Еўропе ўсюды, але не ў нас.

Гэта ўжо трэці новы від, зарэгістраваны супрацоўнікамі станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” для Беларусі. Раней на самай поўначы Расонскага раёна, дзе размяшчаецца станцыя, былі адлоўлены і закальцаваныя першая пячураўка-зарнічка (у 2014) і стрынатка-крошка (у 2017).

На рахунку Дзяніса Кіцеля ўжо 5 новых для Беларусі відаў птушак: акрамя ўжо згаданых трох відаў — горная пліска і чайканосая крычка.

Цяпер ён спадзяецца прывабіць на запіс голасу і злавіць каральковую пячураўку, якой пакуль няма ў спісе птушак Беларусі.

Стрынатка-рэмез (Emberiza rustica) – таёжны від, распаўсюджаны шырокай паласой ад Паўночнай Еўропы праз поўнач Усходняй Еўропы, Сібір да Камчаткі і Алеуцкіх астравоў. З канца ХІХ стагоддзя адзначана пашырэнне распаўсюджання віду на захад – у Эстонію, Латвію, Швецыі і Нарвегію. Падчас  сезонных міграцый залятае ў многія краіны Еўропы.

Віншуем арнітолагаў і чакаем афіцыйнага ўнясення новага віду ў спіс арнітафаўны Беларусі!

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: