Не можаш вызначыць птушку? Спампуй мабільны дадатак!

ад 26 лістапада 2018 года

Вызначыць птушку, якая табе сустрэлася ў прыродзе, цяпер будзе лягчэй. АПБ выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі!

Свиристель

Амялушка. Фота Вольгі Гурскай

Калі пабачаная птушка добра табе запомнілася або ў цябе атрымалася яе сфатаграфаваць – адкрывай мабільны вызначальнік і абірай з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды па гэтых характарыстыках, і з некалькіх здымкаў ты зможаш выбраць пабачаную птушку.

Мобильный определитель птиц от АПБ

Аплікацыя называецца “Ptushki – Определитель птиц Беларуси”.

Спампаваць вызначальнік птушак ад АПБ з Play Market

У спісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць у нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб’іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д.

Мобильное приложение по птицам от АПБ

Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ
Распрацоўка мабільнага дадатку — важная падзея для свету бёрдвочынгу ў Беларусі. Гэта першая версія, яшчэ зусім птушаня, і дзякуючы каментарам, прапановам і заўвагам карыстальнікаў мы плануем яго палепшыць і зрабіць максімальна зручным. Бёрдвочынг – выдатнае хобі для душы і цела — не паспееш азірнуцца, як прайшоў больш за 6 кіламетраў! Спадзяемся, цяпер назіраць за птушкамі будзе крыху прасцей — мабільны вызначальнік дапаможа, калі побач няма дасведчанага бёрдвочара або кнігі-вызначальніка.

 

Гэты мабільны дадатак унікальны для Беларусі, аналагаў яму няма. Ён створаны на базе электроннага вызначальніка florafauna.by, распрацаванага Вольгай Янчурэвіч і Віталём Сахвонам. Фота птушак для яго зрабілі Дзмітры Якубовіч, Аляксандр Вінчэўскі, Дзмітры Вінчэўскі, Аляксей Падалякін і Валер Юрко.

Стварыць мабільны вызначальнік дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ.

Дзяніс Каргін, распрацоўшчык мабільнага дадатку, Senior Experience Designer EPAM: “Я не быў да гэтага бёрдвочарам, але падчас распрацоўкі скончыў Школу бёрдворчара-пачаткоўца і Акадэмію бёрдвочынгу, што мне значна дапамагло: я зразумеў больш, як гэта ўсё працуе, што патрэбна людзям падчас пошуку птушак, як робяцца назіранні за птушкамі. Падчас распрацоўкі аплікацыі я адкрыў для сябе самую цікавую, яркую птушку – мандарынку, здымак якой выкарыстоўваўся для прататыпаў. Самае цікавае ў вызначальніку для мяне — гэта гукі, бо з іх дапамогай можна прывабліваць птушак. Калі ў нас нарэшце атрымалася прывязаць гукі да аплікацыі, самым займальным было паслухаць птушак, і цяпер я чакаю наступнай вясны, каб паспрабаваць зрабіць гэта ўжывую.

Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market. Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў. А мы выказваем падзяку ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб ён пабачыў свет.

Мабільны вызначальнік птушак Беларусі – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У межах ініцыятывы АПБ таксама правяла школы бёрдвочараў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, якія скончылі больш за 300 чалавек, выпусціла кнігу-вызначальнік птушак, запусціла анлайн-курс па асновах бёрдвочынгу “Птушкі горада”.

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: