Запрашаем на XXIІ З’езд АПБ – 9 лютага!

ад 1 лютага 2019 года

Запрашаем на штогадовую сустрэчу сябраў АПБ! Раскажам пра зробленае за год, паслухаем цікавыя выступы, пабачымся з паплечнікамі і завядзем новыя знаёмствы.

Калі: 9 лютага 2019 г.

Дзе: актавая зала, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, вул. Макаёнка, 8, г. Мінск (ст.м. Маскоўская).

Пра што сёлета раскажуць дакладчыкі?

Мы запрасілі вельмі цікавых замежных гасцей. Легендарны заолаг, прафесар Ясон Бадрыдзэ з Грузіі, які амаль два гады правёў побач з ваўкамі ў прыродзе, раскажа, як маладыя ваўкі вучацца паляваць і пра многае іншае. А супрацоўніца АПБ з Германіі Элені Вендрас раскажа пра Гвінейскія лясы Заходняй Афрыкі.

Съезд АПБ 2018 год

Пра вялікага арляца – птушку 2019 года – раскажа арнітолаг Валер Дамброўскі, які амаль 20 гадоў назад і адкрыў буйную папуляцыю арляца ў Беларусі і ведае пра яго больш, чым які яшчэ чалавек у свеце.

Пра таямнічае жыццё куліка-слонкі і чорнага бусла раскажуць вучоныя-арнітолагі Эдуард Монгін і Марына Дзмітранок з Паўлам Пакулем. Палюбавацца найлепшымі апошнімі здымкамі беларускай прыроды і дзікіх жывёл можна будзе падчас слайдшоў цудоўнага фотаанімаліста Паўла Лычкоўскага. Дзмітры Вінчэўскі раскажа пра самыя цікавыя сустрэчы з рэдкімі птушкамі ў 2018 годзе, пра якія паведамілі сябры Клуб200 АПБ. Славуты фотаанімаліст, лаўрэат мноства нацыянальных і міжнародных фестываляў Ігар Бышнёў пакажа новы фільм пра Курыльскія астравы прыватнай фільм-студыі Aves, які ўжо адзначаны найвышэйшай узнагародай Расійскага геаграфічнага таварыства “Крышталёвы компас”.

Спампаваць праграму З’езду

Што яшчэ будзе на сустрэчы?

На З’ездзе сябры АПБ змогуць прагаласаваць за Птушку-2020, якая будзе абірацца з трох птушак-кандыдатаў. Аднаго з гэтых кандыдатаў вызначыць анлайн-галасаванне – свой голас можна аддаць да 7 лютага ўключна.

Рыхтуйцеся да вызначэння птушак падчас з’езду, вас чакаюць прызы. Дарэчы, падаруначкі чакаюць і тых, хто прыйдзе ў вопратцы з птушкамі!

Светлана Зинкевич в одежде с птицами

Святлана Зінкевіч. Фота Вікі Мяховіч, CityDog.by

Мы ўзнагародзім усіх найлепшых: прызёраў акцый і конкурсаў за 2018 год, а таксама самых актыўных валанцёраў, найлепшыя мясцовыя аддзяленні.

Публікуй свае ўражанні і фота са З’езда з хэштэгам #apbmeeting2019.

Сёлета трохгадовыя паўнамоцтвы сканчваюцца ў трох сябраў Цэнтральнага савета АПБ Алены Арцёменка, Ігара Бышнёва, Уладзіміра Іваноўскага і ў сябры Рэвізійнай камісіі АПБ Ларысы Мартынавай. Але ўсе яны маюць права балатавацца на наступны тэрмін на тую самую пасаду.

Згодна з п. 4.8. Статута АПБ “Кандыдатуры Старшыні, а таксама сяброў Савета для галасавання на З’ездзе могуць вылучацца ЦС, альбо не менш чым 10 сябрамі АПБ, якія маюць актыўнае* выбарчае права”.

У апошнім выпадку заявы з намінацыямі на гэтыя пасады з подпісамі сябраў АПБ павінны быць атрыманы Сакратарыятам не пазней за 7 лютага 2019 г., каб паспець падрыхтаваць працэдуру галасавання.

Кандыдатуры ў ЦС і РК павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, старэйшымі за 18 гадоў. (*Актыўнага выбарчага права на З’ездзе не маюць асобы да 16 гадоў, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства. Яны не маюць права ўдзельнічаць у такіх выбарах згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь).

Съезд АПБ 2018

Арганізацыйныя пытанні

Звяртаем увагу, што на вуліцы Макаёнка ідуць рамонтна-будаўнічыя працы, і ўваход у РЦЭК, дзе пройдзе З’езд, цяпер з іншага боку.

Пасля З’езду адбудзецца ўрачыстая вячэра ў тракціры «Жылі-былі» на праспекце Незалежнасці, 71 (для сяброў АПБ, якім ужо споўнілася 18 год). Кошт вячэры складае 35,00 руб. 

Да 04 лютага паведамі аб сваім удзеле Настассі Кісялёвай з АПБ (пры гэтым удакладні, ці ёсць у цябе якія-небудзь абмежаванні ў ежы, напрыклад, веганства альбо алергія): тэлефон і Вайбер 8 029 1648616, е-мэйл famfrut@tut.by; a.kisialiova@gmail.com.

Таксама маецца магчымасць пражывання

— у гасцініцы Мінскага абластнога інстытута развіцця адукацыі  (г. Мінск, вул. П. Глебкі, 88). Кошт месца – ад 6,50 да 15,00 руб.

— у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства: вул. Лук’яновіча, 18 (кошт аднаго месца у двухмясцовым нумары – 21,31 рубля, у трохмясцовым – 16,70, у чатырохмясцовым – 14,75 рублёў, у васьмімясцовым – 13,1 рублёў за ноч). 

Калі ласка, паведамі ў Сакратарыят да 04 лютагакалі табе патрэбная гасцініца: якая і на якія дні.

Запрашаем!

Каб натхніцца, паглядзі відэа з мінулага З’езду.

 

Валанцёрства на З’ездзе

Кожны год на З’ездзе працуюць валанцёры, якія вельмі дапамагаюць правесці яго добра.  Калі ты гатовы дапамагчы – то: 

  1. Шчыры дзякуй!
  2. Звяжыся з намі: (8 017) 369 76 13, (8 029) 223 06 13, (8 029) 101 68 87, sarakavik@ptushki.org (кантактная асоба – Наталля Саракавік).

Волонтеры на съезде АПБ

Да сустрэчы 9 лютага!

 

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: