Удзельнікі праграмы «Бусел» у гэтым годзе маюць шанец атрымаць каштоўны прыз!

ад 31 ліпеня 2015 года

Што адбываецца ў межах адукацыйнай праграмы «Бусел», як удалося за 3,5 гады аб`яднаць больш за 250 груп-удзельнікаў, якія карысныя веды дае праграма і як можна атрымаць каштоўны прыз?

З 2012 года шмат школьных гурткоў, маладзёвых груп па ўсёй Беларусі праводзяць свае даследванні белага бусла ў межах нацыянальнай Адукацыйнай праграмы «Бусел».  Праграма распрацавана і зараз каардынуецца спецыялістамі АПБ і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах (Інстытут заалогіі). Падрыхтоўка і выданне яе матэрыялаў стала магчымай у рамках праекта Ciconia-Belarus пры фінансавай падтрымцы Фонду «CICONIA» (Ліхтэнштэйн).  

Сама праграма складаецца з кніжкі, дзе можна знайсці цікавыя звесткі пра буслоў, прапановы канкрэтных заданняў або напрамкаў даслеваванняў, іншую карысную інфармацыю, напрыклад, як дапамагаць буслам пры небяспечных выпадках, і г.д. На асобных аркушах дадаюцца матэрыялы для капіравання, што могуць спатрэбіцца ў рабоце па праграме, пры вывучэнні і ахове буслоў, да таго ж іх зручна распаўсюджваць сярод зацікаўленых. 

Бяручы ўдзел у гэтай справе, моладзь набывае новыя веды і даследніцкі вопыт, далучаецца да вывучэння і аховы белага бусла,  знаёміцца з навуковымі падыходамі, якія ўжываюцца не толькі ў нашай краіне. 

Выхаванцы Філіяла Барысаўскага экалагічнагы цэнтра ў вёсцы Карсаковічы клапоцяцца аб бальным бусляняці

У мінулым годзе быў выдадзены першы нумар Інфармацыйнага бюлетэня з вынікамі работы па праграме ў 2013. Зараз рыхтуецца наступны нумар бюлетэня, які плануецца выдаць напрыканцы года. 

Усяго за 3,5 гады існавання Адукацыйнай праграмы «Бусел» кніжкі, інфармацыйныя бюлетэні, налепкі атрымалі больш за 250 груп-удзельнікаў, сярод якіх клубы АПБ «Кралыты Дазор», гурткі «Зялёных школ»  і іншыя.

Удзельнікі праграмы "Бусел"-2014

Трэба адзначыць, што сябры праграмы былі аднымі з самых актыўных ўдзельнікаў 7-га Міжнароднага перапіса белага бусла ў мінулым годзе. Дзякуючы ўлікам на асобных пляцоўках, мы дазналіся, што колькасць буслоў у нашай краіне павялічылася за апошнія 10 год амаль на 4%! Па папярэдніх дадзеных, атрымалася, што на Беларусі гняздуе каля 22-22,5 тысяч пар гэтых птушак!  

Вынікі інвентарызацыі небяспечных гнёздаў у Слуцкім раёне

На жаль, у мінулым годзе анкетныя ўлікі ахапілі не ўсе раёны краіны, арганізатары так і не дачакаліся звестак з некаторых з іх. Гэта Полацкі і Расонскі раёны Віцебскай вобласці, Ельскі, Жлобінскі, Лельчыцкі, Лоеўскі і Рагачоўскі раёны Гомельскай вобласці, Ашмянскі раён Гродзенская вобласці, Бярэзінскі, Салігорскі, Старадарожскі і Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці. Таму ў 2015 годзе ўлікі буслоў на Беларусі працягваюцца, бо трэба даведацца пра іх колькасць ва ўсіх кутках краіны. Удзельнікі праграмы і ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у дадатковым зборы матэрыялаў аб колькасці буслоў у бягучым годзе.

Прыняць удзел у падліках белых буслоў можа кожны жадаючы!

Мы шчыра ўдзячныя ўсім педагогам, навучэнцам, усім без выключэння ўдзельнікам, якія ўжо далучыліся да праграмы «Бусел» і штогод дасылаюць нам справаздачы аб сваёй працы. Атрыманне сабраных на працягу выканання праграмы дадзеных, а таксама разнастайнай інфармацыі аб працы вучняў і настаўнікаў мае важнае значэнне.  Усе, нават невялікія ініцыятывы, з'яўляюцца важным унёскам у рэалізацыю, развіццё і пашырэнне праграмы, таму варта іх апісваць і дзяліцца з іншымі. 

 Малюнкі з серыі “Год белага бусла” Кацярыны Кузняцовай з Беліцкай школы Сенненскага раёна

Таму пасля праведзенай на працягу года работы мы заклікаем дасылаць вынікі працы і звесткі аб буслах  на адрас ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (а/с 306 г. Мінск, 220050) ці непасрэдна каардынатару праграмы. Матэрыялы просім накіроўваць да нас не пазней за 15 кастрычніка 2015 г.

Дасылая гадавую справаздачу, калі ласка, не забудзьцеся пазнычыць наступныя пункты:

1) Поўная назва і адрас школы ці іншай установы, гуртка.

2) Імя і прозвішча настаўніка (кіраўніка групы).

3) Кантактая інфармацыя для сувязі (тэл., е-mail, паштовы адрас)

4) Якія заданні праграмы выконвалі (можна праставіць нумары, згодна з прыведзеным у кнізе, ці назвы заданняў)?

5) Колькі асоб бралі ўдзел у праграме, у тым ліку настаўнікаў, вучняў, іншых?

6) Вынікі выканання некаторых заданняў:

а) Колькасць гнёздаў, за якімі праводзіліся назіранні – лічба;

б) Колькасць кармавых тэрыторый, за якімі праводзіліся назіранні – лічба.

7) Ці падрыхтаваны ўласныя інфармацыйныя матэрыялы? Калі так, пазначце, якія — буклет, плакат, насценгазета або іншае.

8) Анкеты інвентарызацыі гнёздаў, назірання за гняздом ці апісання кармавой дзялянкі можна знайсці ў дадатках да праграмы. Калі вы выконвалі гэтыя заданні, просім іх запоўніць і даслаць каардынатарм. 

9) Калі выконваліся іншыя заданні, не пазначаныя ў нашай праграме, просім падрабязна апісаць іх. 

Удзельнікі экскурсіі “Шляхам белага бусла” са Слуцкай школы №9

Усе атрыманыя намі звесткі, незалежна ад аб’ёму інфармацыі ці мастацкага афармлення, аднолькава важныя для нас. Бо за кожным радком ці лічбаю стаяць гадзіны крапатлівай працы і шчырыя маладыя сэрцы, напоўненыя любоўю да буслоў і турботамі аб іх долі. Таму будзем ўдзячныя за далучэнне выразак з газет, буклетаў, фатаграфій, малюнкаў вучняў і інш. Інфармуем, што ўсе дасланыя звесткі могуць быць вольна выкарастаныя куратарамі ў інфармацыйных матэрыялах праграмы, што папулярызуюць праграму: у навінах, інфармацыйным бюлетэні, на сайце і г.д. Самі матэрыялы не вяртаем! 

Прыклад прадстаўлення вынікаў работы па праграме са справаздачы клуба Беліцкай школы Сенненскага раёна

І яшчэ адна важная абвестка! У гэтым годзе ўпершыню вырашана адзначыць лепшых удзельнікаў праграмы «Бусел». У конкурсе аўтаматычна будуць прымаць удзел усе групы, што дашлюць свае гадавыя справаздачы аб працы па праграме ў 2015 годзе (можна дадаць таксама і ранейшыя вынікі). Тая група, што пераможа ў конкурсе, атрымае каштоўны прыз і Сертыфікат ад Фонду «CICONIA»!!! Пераможцы будуць мець магчымасць прапанаваць свае варыянты прыза і пажаданні з улікам таго, што больш патрэбна іх камандзе для працы па праграме. 

Ірына Самусенка, каардынатар адукацыйнай праграмы “Бусел”                                           

ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», вул. Акадэмічная, 27, Мінск, 220072, e-mail: s.irina@tut.byтэл.: +17 284 25 04 (служб.), +375 29 192 29 58 (маб., Velcom)

Даведка: нагадваем, што электронная версія праграмы размешчана на сайце АПБ у спецыяльным раздзеле, дзе яе можна спампаваць, раздрукаваць ці іншым чынам выкарыстоўваць у адукацыйнай, прыродаахоўнай і асветніцкай дзейнасці:

‘Асобныя матэрыялы Адукацыйнай праграмы «Бусел»:

Інфармацыйны бюлетэнь па праграме Бусел

Прэзентацыя адукацыйнай праграмы "Бусел" 

Адукацыйная праграма Бусел 

Дадатковыя матэрыялы для капіравання

  



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: