Рэквіем “Вусцю Лані”

ад 3 жніўня 2007 года

Цішыня… Нязвыклая для гэтых мясцін, таму варожая, палохаючая! Так напэўна можа цяпер сустрэць вядомая ня толькі ў Беларусі калонія чапель і бакланаў – Вусце Лані! Яшчэ колькі тыдняў таму, яна была самай вялікай у Беларусі і адной з найвялікшых ў кантынентальнай частцы Еўропы. Больш за 1000 птушыных семьяў выводзілі тут сваіх нашчадкаў (нават па мерках чалавека, даволі вялікае паселішча) – таму на пачатку лета колькасць жыхароў тут павялічвалася да 4000-5000 тысяч птушак. Рэквіем “Вусцю Лані”

Цішыня… Нязвыклая для гэтых мясцін, таму варожая, палохаючая!

Так напэўна можа цяпер сустрэць вядомая ня толькі ў Беларусі калонія чапель і бакланаў – Вусце Лані!
Яшчэ колькі тыдняў таму, яна была самай вялікай у Беларусі і адной з найвялікшых ў кантынентальнай частцы Еўропы. Больш за 1000 птушыных семьяў выводзілі тут сваіх нашчадкаў (нават па мерках чалавека, даволі вялікае паселішча) – таму на пачатку лета колькасць жыхароў тут павялічвалася да 4000-5000 тысяч птушак.
Уявіце, які гоман стаяў над гэтым месцам і ў наваколлі, яго было чуваць здалёк – і раптам яна зруйнавана!

Многім з нас, паважаныя сябры, няма патрэбы нават уяўляць гэты гам і шум, бо самі там былі, і бачылі жыццё калоніі на ўласныя вочы. Многія беларусы ведаюць яе па вядомаму відэафільму Ігара Бышнёва – “У царстве бакланаў і чапель”. Але больш, можа і не убачым, і могуць не ўбачыць нашы нашчадкі!
Месца гэтае знаходзіцца ў Лунінецкім районе – былы біялагічны заказнік “Вусце Лані”, сёння рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае угоддзе, ТВП (тэрыторыя важная для птушак) – Сярэдняя Прыпяць – патэнцыяльны аб’ект Сусветнай спадчыны – усё гэта, за некалькі гадзін было варварскі знішчана!

Калонія размяшчалася на беразе р.Прыпяць ў пойменнай дуброве. Тут, на велізарных дубах, таўшчынёй у некалькі абхватаў, як у гарадскіх шматпавярхоўках, безклапотна жылі побач шэрыя чаплі і бакланы, нават па некалькі дзесяткаў сем’яў на дрэве. Ніжэй, у вербалозе, вялікія белыя чаплі і чаплі-кваквы, у невялічкіх дуплах магутных дубоў — белыя сініцы, сваю даніну з калоніі збіраў і арлан-белахвост (дарэчы, віды — занесеныя ў чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і шмат іншага птаства.
Калонія ў вусце Лані — гэта адначасова і следства, і прычына. Яе існаванне тут — следства добрага стану захавання прыроды, і адна з прычын утварэння ААПТ (асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыі). Адначасова індыкатар стану навакольля і, як высветлілася, адносінаў людзей да гэтага самага навакольля, да дзяржаўных законаў, агульна чалавечай маралі і прынцыпаў.

Калонія амаль знішчана!

Магутныя дубы пасечаны, гнёзды разбураны, птушкі забітыя!

А вакол цішыня! І ня толькі ля калоніі, а таксама ў інфармацыйнай прасторы! Здавалася б, вось прыклад, калі ўсе разам: грамадскасць, органы дзяржаўнай улады, СМІ, павінны аб’яднацца і біць ў званы, патрабаваць высветліць ўсё, знайсці і пакараць вінаватых каб іншым, як кажуць, непавадна было, распавесці ўсім аб гэтым злачынстве.

І, пэўна, Ахова птушак павінна была першай ўзняць хвалю абурэння, але мы маўчым…!?

Андрэй Абрамчук, Заходне-Палескае аддзяленне АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: