ХХІ З’езд АПБ адбыўся: чым быў знакавы 2017 год?

ад 29 студзеня 2018 года

27 студзеня прайшоў ХХІ З'езд АПБ. На штогадовую сустрэчу завітала сотня ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі.

Праграма З’езду была насычаная: цікавыя справаздачы і даклады пра многае, што было зроблена АПБ у 2017 годзе, узнагароджанне самых актыўных аддзяленняў і валанцёраў АПБ, пераможцаў чэмпіянатаў па фотабёрдынгу і – упершыню ў Беларусі – наданне звання Абаронцы дзікай прыроды тром прыродаахоўнікам. А напрыканцы З’езду адбыліся выбары ў Цэнтральны Савет і Рэвізійную камісію.

Удзельнікаў З’езду віталі Старшыня АПБ Васіль Грычык і Ганаровы сябра АПБ са Скідзеля Фрэдэрык Гушча.

Фрэдэрык Гушча

Перад пачаткам асноўнай часткі З’езду Васіль Грычык абвясціў хвіліну маўчання ў памяць Ганаровага сябра АПБ Георгія Васільевіча Гулеўскага з Гродна, які пакінуў гэты свет летась на 76-м годзе жыцця. “Гэта быў вельмі значны чалавек у гісторыі нашай арганізацыі, — сказаў Грычык. — Ён быў ініцыятарам арганізацыі ланшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння “Азёры”, вядомым фотаанімалістам”.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі выступіў з гадавой справаздачай АПБ.

Аляксандр Вінчэўскі

Сярод многага іншага, ён адзначыў, што будуць працягвацца як акцыя “Выратуй арляня”, так і эстонскі праект па вялікіх арляцах. У Беларусі найбуйнейшая пасля Расіі папуляцыя гэтай птушкі. Каб даследаваць і захаваць гэты від, АПБ летась займалася пошукам новых гнёздаў вялікага арляца – у гэтым дапамагалі валанцёры і ахвярадаўцы. Разам з Эстоніяй распачалі праект па сачэнні за міграцыяй арляцоў – неўзабаве мы зможам назіраць за іх вяртаннем з зімоўкі дадому.

Аляксандр заклікаў усіх удзельнічаць разам з АПБ у народным маніторынгу птушак палёў і падпісваць петыцыю супраць пастак і воднага шляху Е40.

На з’ездзе абвясцілі аб уганараванні  глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыяй BirdLife Internationalзваннем Абаронцы дзікай прыроды Уладзіміра Іваноўскага, Міхаіла Ярмоліча і Мікалая Вараб’я.

Абаронца дзікай прыроды Мікалай Варабей

На З’езд АПБ завітала госця з Кіева – Таццяна Кузьменка, якая прадстаўляла Украінскае таварыства аховы птушак.

Таццяна Кузьменка

Сярод таго, на чым акцэнтавалася дзейнасць гэтага таварыства ў 2017 годзе, яна згадала праект па захаванні Карпацкіх пралесаў і барацьбу з нелегальным продажам дзікіх птушак. Таццяна адсочвае абвесткі аб іх продажы ў інтэрнэце, вядзе перамовы з сайтамі аб кантролі за такімі аб’явамі.

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы расказаў пра Птушку 2018 года – чорнагаловага шчыгла. Асноўныя пагрозы для гэтай птушкі – празмернае абразанне дрэваў у гарадах, каты на вуліцы, люстраныя шыбы, знішчэнне бур’яноў на пустках – асноўнай крыніцы ежы шчыгла зімой.

Сямён Левы

На З’ездзе адбылося галасаванне за Птушку 2019 года. Кандыдатамі сталі вялікі арлец, чайка-рыбачка і абраная інтэрнаўтамі сівая жаўна. Падлік галасоў і абвяшчэнне птушкі года адбудуцца толькі напрыканцы года – пакуль жа інтрыга захоўваецца.

Каардынатар збору інфармацыі для Атласа птушак Беларусі Анастасія Кузьмянкова з в. Сасновы Бор адзначыла, што летась АПБ завяршыла пяцігадовы збор дадзеных па ўсёй Беларусі для Еўрапейскага атласа гняздуючых птушак. Гэта будзе другое, больш поўнае і актуальнае выданне (першае выходзіла 20 гадоў таму). Плануецца, што пасля праверкі і апрацоўкі дадзеных па ўсіх краінах, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы, атлас выйдзе ў 2020 годзе.

Анастасія Кузьмянкова

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў з Мінску расказаў пра ласасёвых Беларусі.

Максім Нямчынаў

Дагэтуль у некаторых рачулках нашай краіны нерастуюць гэтыя рыбы. Стронга застаецца тут увесь год, а кумжа і сёмга штовосень вяртаюцца да нас з мора на нераст. Яны любяць плыткія, халодныя, чыстыя рэчкі з каменьчыкамі на дне. На іх шляху шмат перашкодаў, у тым ліку гідраэлектрастанцый, таму даплываюць адзінкі. Каб захаваць ласосяў, важна, каб людзі ведалі пра іх і акуратна абыходзіліся з месцамі іх жыцця, захоўвалі іх чыстымі і не турбавалі рыб. Такую асветніцкую місію мае Ласасёвы цэнтр у Варнянах, адкрыты летась АПБ на базе мясцовай яслі-сада-сярэдняй школы.

Рэдактар сайта vouk.by Юрась Ускоў падрабязна расказаў пра Воўчы блог і тых ваўкоў, за якімі цяпер можна сачыць штодня. Хтосьці з іх мае зграю, а хтосьці – адзіночка. Хтосьці застаецца ў Белавежскай пушчы, а хтосьці заняты падарожжамі ва Украіну і Польшчу.

Юрась Ускоў

Пра перамяшчэнні ваўкоў інфармацыю даюць адмысловыя ашыйнікі, якія перадаюць СМС-сігналы. І калі ў першы год праекта ваўкі ніколы не пакідалі Беларусь, то цяпер адразу два “карыстаюцца роўмінгам”.

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Мікалай Чэркас з в. Лядскія расказаў падрабязнасці пра “воўчы праект” у Белавежскай пушчы, які АПБ праводзіць сумесна з гэтым нацпаркам і Франкфурцкім заалагічным таварыствам з 2015 года. Вывучаюцца іх паводзіны, харчаванне, роля ў экасістэме. Трэба сказаць, што мараторый на адстрэл ваўкоў, які дзейнічаў у нацпарку, вельмі спрыяў паўнавартаснаму правядзенню даследавання.

Мікалай Чэркас

У Белавежскай пушчы Мікалай займаецца і іншымі пытаннямі. Напрыклад, кальцаваннем вялікіх арляцоў (дарэчы, летась мы атрымалі вестку з Ізраіля пра акальцаванага намі арляца).

Мікалай звярнуў таксама ўвагу на інвазіўны від, які стварае небяспеку для пушчы: амерыканскі чырвоны дуб, які пасадзілі тут упершыню ў ХІХ стагоддзі. Цяпер ён займае тэрыторыю ў амаль паўтары тысячы гектараў. АПБ разам  з вучонымі распрацавала адмысловы план па барацьбе з гэтай раслінай для нацпарка. Жалуды гэтага дуба ніхто не есць, а распаўсюджваюцца яны сойкамі на тры кіламетры. Гэты дуб можа расці на ўсіх тыпах глебы і блакуе рост іншых дрэваў. З ім цяжка змагацца, бо на пні хутка з’яўляецца мноства новых парасткаў. Гэта барацьба на дзесяцігоддзі, нават калі не марудзіць з яго вынішчэннем.

Андрэй Абрамчук

Андрэй Абрамчук, сябра ЦС АПБ з Брэста, расказаў, як летась разам з Дзянісам Кіцелем знайшоў больш за 30 участкаў, дзе жыве палятуха. Гэты начны звярок унесены ў міжнародную Чырвоную кнігу і ў Беларусі сустракаецца толькі на паўночным усходзе на мяжы з Расіяй, часцей за ўсё ў асінніках, ельніках, бярозавых гаях і змяшаных лясах.

Палятуху ўдалося зняць за момант да таго, як батарэя камеры разрадзілася

Дзмітры Вінчэўскі расказаў пра цікавосткі леташніх назіранняў за птушкамі ўдзельнікаў Клуб200 АПБ. Ён спадзяецца, што кандыдаты ў новыя віды птушак (у “чарзе” іх шэсць!) неўзабаве будуць зацверджаныя Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй і унесеныя ў афіцыйны спіс.

Зміцер Вінчэўскі

Напрыканцы З’езду сябры АПБ зацвердзілі фінансавую справаздачу і справаздачы Старшыні ды Рэвізійнай камісіі, пераабралі Старшынём АПБ Васіля Грычыка, абралі ў члены Цэнтральнага Савета на трэці тэрмін Ірыну Самусенка, а таксама прагаласавалі за тое, каб у склад Рэвізійнай камісіі ўвайшоў Генадзь Міндлін.

Спадзяемся, што гэты год таксама пройдзе плённа. Далучайся да сяброў АПБ і дапамагай нам захаваць родную прыроду. Разам мы можам зрабіць болей!

Фота Марыі Вінчэўскай, Даната Ермаковіча, Андрэя Абрамчука.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: