Ніжняя Прыпяць


Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Хойніцкі, Брагінскі і Нараўлянскі раёны

Каардынаты: 52°10 N 29°00 E

Плошча: 52350 гектараў

Нацыянальны статус аховы: Палескі радыа-экалагічны запаведнік

Міжнародны статус аховы: Патэнцыяльная ТВП (крытэрыі А1, В2). Патэнцыяльнае Рамсарскае ўгоддзе (крытэрыі 1а, 3а, 3с)

 

Запаведнік знаходзіцца ў так званай “трыццацікіламетровай зоне”, ўтворанай пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе. Вядзенне любой гаспадарчай дзейнасці і знаходжанне людзей на тэрыторыі зоны забаронена.

Прыкладна трэцюю частку тэрыторыі запаведніка займае пойма ракі Прыпяць, для якой характэрныя працяглыя веснавыя паводкі. У адкрытай частцы поймы разам з забалочанымі, паніжанымі ўчасткамі шырока распаўсюджаны сухія лугі, якія па сваёй структуры нагадваюць стэпы. Драўнінная расліннасць прадстаўлена разрэджанымі дубравамі, участкамі старых вербалознікаў, якія часта складаюцца з магутных векавых дрэў, а таксама ўзбярэжнымі лазовымі хмызнякамі, якія на працягу доўгага часу вясной і ў пачатку лета бываюць заліты вадой. Лясы, якія растуць за межамі поймы, мазаічныя і фрагментаваныя. У паніжэннях пераважаюць шырокаліставыя і хваёва-шырокаліставыя насаджэнні, на ўзвышшах і пясчаных дзюнах – сухія хвойнікі. Значную долю складаюць паўторныя асінава-бярозавыя лясы, па найбольш вільготных месцах растуць чорнаалешнікі і лазнякі.

Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС большая частка адкрытых тэрыторый уяўляла сабой сельгасугоддзі на месцы асушаных балот. Пасля аварыі для прадухілення пажараў былі перакрыты ўсе магістральныя каналы меліяратыўных аб’ектаў. Гэта прывяло да затаплення і паўторнага забалочвання вялікіх прастораў. Вясной у выніку слабага сцёку талай вады большая частка такіх тэрыторый ператвараецца ў вялікія мелкаводныя вадаёмы са шматлікімі невялікімі астраўкамі і мазаічна размешчанымі курцінамі рагозу і трыснягу. Да сярэдзіны лета яны мялеюць, высыхаюць і густа зарастаюць водна-балотнай расліннасцю. Па краях поймы і вялікіх забалочаных масіваў нярэдка цягнуцца грады пясчаных дзюн. Звычайна яны пакрыты сасновымі насаджэннямі, але месцамі захаваліся адкрытыя ўчасткі з незамацаванымі пяскамі. У сувязі са спыненнем сенакашэння і апрацоўкі глебы адбываецца паступовае зарастанне адкрытых пойменных лугоў і былых палёў хмызнякамі. Акрамя таго, у апошнія 3-5 гадоў на пустэчах і ўчастках былых сельгасугоддзяў, якія не затапляюцца вадой, усё шырэй практыкуецца пасеў лясных культур.

Асаблівыя біятопы ўтвараюца на месцы пакінутых вёсак і сельгаскомплексаў. Тут яшчэ захоўваюцца зараснікі здзічэлых культурных раслін і сінантропнага пустазелля, але з кожным годам усё шырэй распаўсюджваюцца абарыгенныя віды дзікіх раслін. Спалучэнне такіх зараснікаў з паўразбуранымі пабудовамі стварае спецыфічныя ўмовы пражывання і прыводзіць да фарміравання своеасаблівых фауністычных комплексаў.

Поўнае спыненне гаспадарчай дзейнасці і адсутнасць фактару неспакою, а таксама паўторнае забалочванне тэрыторый, якія раней былі асушаны, значна палепшылі ўмовы пражывання і прывялі да хуткага павелічэння колькасці шэрагу відаў жывёл і птушак, у тым ліку і рэдкіх для Беларусі.

Так, на гнездаванні ў запаведніку з’явіўся вялікі арлец Aquila clanga (3-5 пар) – від, які знаходзіца пад пагрозай глабальнага знікнення. Павялічылася колькасць чорнага бусла Ciconia nigra (30-50 пар), арла-вужаеда Circaetus gallicus (10-15 пар), поплаўнага луня Circus pygargus (40-60 пар), малога арляца Aquilla pomarina (20-30 пар), арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla (8-10 пар), сокала-кабца Falco subbuteo (20-30 пар) і сокала-пустальгі Falco tinnunculus (5-10 пар). Пясчаныя дзюны з’яўляюцца, верагодна, апошнім і адзіным месцам гнездавання знікаючага ў Беларусі віда – паляніка Burhinus oedicnemus. У пойме Прыпяці на сухіх лугах гняздуецца найбольш шматлікая ў Беларусі групоўка садовай стрынаткі Emberiza hortulana, вакол пакінутых населеных пунктаў сустракаецца чарналобы грычун Lanius minor, даволі высокая колькасць і вялікага грычуна Lanius excubitor.

На тэрыторыі запаведніка ўтварылася ўнікальнае для Беларусі месца зімоўкі буйных драпежных птушак – арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla (40-60 птушак) і арла-маркута Aquila chrysaetos (5-10 птушак). Узнікненне такіх згуртаванняў драпежнікаў абумоўлена наяўнасцю спрыяльнай харчовай базы (асноўнай іх ежай з’яўляюцца рэшткі ахвяр ваўка).

Ранняй вясной на затопленых тэрыторыях збіраюцца вялікія згуртаванні гусей і качак, а ў асобныя гады улетку – вялікіх белых чапляў Egretta alba і чорных буслоў Ciconia nigra. За апошнія некалькі гадоў усё часцей рэгіструюцца такавішчы дубальта Gallinago media.

Пры адсутнасці антрапагеннага фактару надзвычай узрасла шчыльнасць капытных млекакормячых (дзіка Sus scrofa, казулі Capreolus capreolus, лася Alces alces) і ваўка Canis lupus. На тэрыторыі запаведніка стала высокай колькасць і некаторых іншых, больш дробных, драпежных млекакормячых (звычайная ліса Vulpes vulpes, янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides, каменная куніца Martes foina). Акрамя таго, тут сустракаюцца барсук Meles meles, рысь Felis linx і арэшнікавая соня Muscardinus avellanarius – віды, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У 1995 годзе ў Палескі запаведнік быў завезены белавежскі зубр Bison bonasus. Зараз статак гэтых велічных жывел існуе ў натуральных умовах.

 Неспрыяльныя фактары

Зарастанне адкрытых тэрыторый лесам і развіццё хмызняковых зараснікаў, якое ўсё больш прагрэсіруе, можа прывесці да знікнення многіх відаў птушак (у тым ліку і рэдкіх), якія выкарыстоўваюць гэты біятоп для гнездавання альбо як паляўнічыя ўгоддзі.

Высокая колькасць драпежнікаў і відаў-канкурэнтаў перашкаджае аднаўленню папуляцый некаторых відаў (палянік Burhinus oedicnemus і вялікі грычун Lanius excubitor), якія знаходзяцца ў прыгнечаным становішчы.

Празмернае знішчэнне ваўка прыводзіць да неабмежаванага павелічэння колькасці дзіка, які адмоўна ўплывае на ўзнаўленне некаторых рэдкіх відаў птушак, што гняздуюцца на зямлі.

 Неабходныя меры аховы

Неабходна распрацаваць план кіравання тэрыторыяй. Асаблівая ўвага павінна быць нададзена мэтанакіраванаму рэгуляванню ўзроўню грунтовых вод. Правесці функцыянальнае занаванне тэрыторыі, уключаючы найбольш каштоўныя ўчасткі ў зону абсалютнай запаведнасці. Распрацаваць і ажыццявіць праграмы аднаўлення папуляцый некаторых каштоўных і знікаючых відаў жывёл.