Пойма Сажа
Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Веткаўскі і Чачэрскі раёны
Каардынаты: 52°66 N 31°08 E
Плошча: 13400 га.
Нацыянальны статус аховы: не мае.
Міжнародны статус аховы: ТВП ўтворана ў 1998 годзе (код – BY021, крытэрый А1, В2)
Тэрыторыя ўяўляе сабой найбольш значны для захавання біялагічнай разнастайнасці ўчастак поймы ракі Сож ад вусця ракі Бесядзь да горада Ветка. Шырыня поймы на гэтым участку дасягае 5-6 кіламетраў. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная альбо чаргуецца па берагах. З пойменных біятопаў па плошчы пераважаюць стэпавыя і забалочаныя лугі. У паніжэннях знаходзяцца нізінныя балоты з нязначнымі запасамі торфу. Рэчышча ракі вельмі звілістае, яго шырыня 50-90 метраў. Па пойме раскіданы нешматлікія, часта моцна зарослыя воднай расліннасцю, старыцы. Пойменныя лясы прадстаўлены толькі адной невялікай дубравай. З усходняга боку да поймы прымыкае буйны лясны масіў – Чачэрскі заказнік.
Водны рэжым тыповы для раўнінных рэк Палесся. Высокая вясновая паводка пачынаецца ў канцы сакавіка, сярэдні ўзровень пад’ёму вады каля 4-5 метраў. Летне-асенняя межань перарываецца частымі дажджавымі паводкамі. На гэтым участку асноўнымі прытокамі Сожа з’яўляюцца рэкі Бяседзь і Ліпа.
Раней тэрыторыя поймы інтэнсіўна выкарыстовалася для сенакашэння і выпасу жывёлы. У 1986 годзе, пасля аварыі на ЧАЭС, гэты ўчастак поймы быў забруджаны радыануклідамі, у выніку чаго на некаторай яе частцы гаспадарчая дзейнасць спынена.
У веснавы перыяд пойма цалкам заліваецца вадой, сухімі застаюцца толькі шматлікія дробныя астраўкі. Гэта стварае выключна спрыяльныя ўмовы для кармёжкі і адпачынку мігруючых гусей і кулікоў. У красавіку-маі тут спыняецца больш за 20 тысяч гусей і каля 30 тысяч кулікоў, самыя шматлікі з якіх белалобая гусь Anser albifrons і баталён Philomachus pugnax.
Пойменныя лугі з’яўляюцца месцам гнездавання буйных папуляцый драча Crex crex і дубальта Gallinago media – птушак, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Высокую колькасць у гнездавы перыяд маюць таксама качка-чырка Anas querquedula, чорная рыбачка Chlidonias niger, кралька Luscinia svecica.
|