Сэрвач


Месцазнаходжанне: Віцебская вобласць, Докшыцкі і Глыбоцкі раёны

Каардынаты: 55°00 N 27°30 E

Плошча: 9268 гектараў

Нацыянальны статус аховы: гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння

Міжнародны статус аховы: патэнцыяльная ТВП (крытэрый А1)

 

Тэрыторыя заказніка ўключае возера Сервеч і частку поймы ракі Сервеч. Плошча возера – 450 гектараў, сярэдняя глыбіня – 2,8 метра. Возера моцна зарасло трыснягом, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці вар’іруе ад 15 да 120 метраў. Берагі на захадзе і поўначы сплавінныя, пераходзяць у нізіннае балота.

Паўднёва-заходняя частка возера вельмі забалочана, з яе выцякае рака Сервеч. Шырыня яе рэчышча ў межах заказніка варіруе ад 2-5 да 15-25 метраў. Шырыня поймы 1-2,5 кіламетры. Пойма возера і ракі ўяўляюць сабой нізіннае асаковае балота, на якім сустракаюцца як адкрытыя, так і моцна зарослыя хмызнякамі ўчасткі. У некаторых месцах нізіннае балота змяняецца пераходным. З паўночнага захаду да балотнага масіву прылягаюць хваёва-шыракаліставыя і змешаныя лясы.

Тэрыторыя заказніка знаходзіцца непадалёку ад водападзела паміж басейнамі рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Днепр. Рака Сервеч упадае ў Вілейскае водасховішча і з’яўляецца адной з важнейшых крыніц, якія фарміруюць баланс Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

На тэрыторыі заказніка ажыццяўляюцца наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: торфаздабыча (тут сканцэнтраваны вялікія запасы гідролізнай сыравіны), лесакарыстанне, выпас жывёлы, сенакашэнне, вырошчванне прапашных культур.

Фауна і флора заказніка вывучаны недастаткова. Толькі ў 2001 годзе ў выніку экспедыцыйных работ было выяўлена пражыванне ў заказніку двух відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola і дубальта Gallinago media. Гэта крайняя паўночная кропка распаўсюджання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі. Сустракаюцца тут і іншыя рэдкія віды: чапля-бугай Botaurus stellaris, шэры журавель Grus grus.

З рэдкіх раслін на тэрыторыі заказніка адзначана бяроза каржакаватая Betula humilis.

 Неспрыяльныя фактары

Забруджванне вады возера стокамі з узараных схілаў.

Выпальванне расліннасці ў веснавы перыяд, асабліва ў сухое надвор’е, наносіць істотную страту біялагічнай разнастайнасці.

Асушэнне тэрыторыі для здабычы торфу.

 Неабходныя меры аховы

Неабходны дадатковыя даследаванні па інвентарызацыі флоры і фауны заказніка, а таксама больш падрабязнае вывучэнне неспрыяльных фактараў.