Сялец


Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён

Каардынаты: 52°58 N 24°91 E

Плошча: 19500 гектараў

Нацыянальны статус аховы: частка тэрыторыі з плошчай 7936 гектараў уваходзіць у біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Буслаўка”, які быў створаны ў 1990 годзе

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY011, крытэрыі А1, В2, В3)

 

Тэрыторыя ўключае вадасховішча “Сялец”, буйнейшы комплекс сажалак аднаймённага рыбгаса (2500 гектараў), і лясы Ружанскай Пушчы, якія прылягаюць да гэтых штучных вадаёмаў з усходняга боку. Па плошчы пераважаюць хвойныя і яловыя лясы, даволі значную частку тэрыторыі займаюць забалочаныя алешнікі, часам сустракаюцца дубравы. Вялікая колькасць паніжэнняў, сухіх грыў, малых рэчак надае лясам Ружанскай Пушчы надзвычайную мазаічнасць. Нізінныя балоты і забалочаныя лугі размешчаны, у асноўным, у поймах рэк. Частка тэрыторыі балот пакрыта драбналессем.

Вадасховішча і сажалкі рыбгаса пабудаваны на месцы буйнага балота ў пойме ракі Ясельда. На вадасховішчы засталося некалькі вялікіх адкрытых астравоў, вусцевая зона моцна зарасла трыснягом. Праз лясны масіў працякаюць дзве невялікія, з вельмі звілістымі рэчышчамі і павольнай плынню, ракі – Хотава і Радагошч. Акрамя іх тэрыторыю дрэніруюць прытокі Хотавы і, у значна меншай ступені, сістэма каналаў, якая была пракладзена 90-110 гадоў таму назад.

Для прамысловага рыбаводства адведзена 25% тэрыторыі, астатняя частка выкарыстоўваецца лясгасам і мясцовымі калгасамі.

На сажалках, дзякуючы наяўнасці вялікіх плошчаў надводнай расліннасці, мноству рыбы і штучных кармоў, склаліся выключна спрыяльныя ўмовы для гнездавання вадаплаўных птушак. Тэрыторыя рыбгаса з’яўляецца месцам гнездавання буйных папуляцый чаплі-бугая Botaurus stellaris, нырка-сівака Aythya ferina, звычайнага рэмеза Remiz pendulinus. У паслягнездавы перыяд тут канцэнтруецца больш за 20000 водна-балотных птушак. Найбольш шматлікімі ў гэты час з’яўляюцца лыска Fulica atra, качка-крыжанка Anas plathyrynchos, вялікі баклан Phalacrocorax carbo, шэрая Ardea cinerea і вялікая белая чаплі Egretta alba.

Спалучэнне сажалак рыбгаса і вялікага ляснога масіву стварае выключна спрыяльныя ўмовы для арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla і пугача Bubo bubo. Вялікае значэнне для птушак мае рыбгас і ў перыяд міграцыі. У гэты час на спушчаных сажалках спыняюцца на кармленне тысячныя чароды розных відаў кулікоў, да 20 арланаў-белахвостаў, ад 5 да 15 асобін скапы Pandion haliaetus.


Від / Species

Ацэнка колькасці, пар / Population estimates, pairs

Крытэрый ТВП / IBA Criteria

Botaurus stellaris Чапля-бугай / Большая выпь / Bittern

20-40 самцоў / males

В2

Anas strepera Качка-неразня / Серая утка / Gadwall

15-25

В2

Aythya ferina Нырок-сівак / Красноголовый нырок / Pochard

200-300

B3

Haliaeetus albicilla Арлан-белахвост / Орлан-белохвост / White-tailed Eagle

4-6

A1

Bubo bubo Пугач / Филин / Eagle Owl

3-6

B2


Флора заказніка вылучаецца вялікай відавой разнастайнасцю і наяўнасцю каштоўных у навуковых і практычных адносінах відаў. З сасудзістых раслін, якія тут сустракаюцца, 6 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, 14 патрабуюць прафілактычнай аховы, а 16 – рэдкія для гэтай тэрыторыі.

З млекакормячых неабходна адзначыць барсука Meles meles і наяўнасць пасялення баброў Castor fiber. Акрамя іх у заказніку сустракаюцца лось Alces alces, алень Cervus elaphus, казуля Capreolus capreolus, янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides і выдра Lutra lutra.

 Неспрыяльныя фактары

Рыбная гаспадарка. У сувязі са змяненнем рэжыму эксплуатацыі сажалак, выкліканым цяжкім эканамічным становішчам гаспадаркі, умовы пражывання вадаплаўных птушак пагоршыліся. Асноўнымі прычынамі зніжэння колькасці птушак з’яўляюцца:

  • змяншэнне колькасці штучнай падкормкі;
  • вельмі познія тэрміны запаўнення сажалак;
  • ачышчэнне сажалак ад надводнай расліннасці без уліку экалагічных патрабаванняў;
  • нестабільнасць ўзроўню вады на вадасховішчы “Сялец” у перыяд гнездавання, якая прыводзіць да масавага знішчэння гнёзд.

 Неабходныя меры аховы

Неабходна правесці спецыяльныя работы па распрацоўцы плана кіравання.