|
|
Сярэдняя Прыпяць
Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Столінскі, Лунінецкі, Пінскі раёны; Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён
Каардынаты: 52°15 N 27°00 E
Плошча: 90447 гектараў
Нацыянальны статус аховы: ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” утвораны ў 1999 годзе
Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY017, крытэрыі А1, А4, В1, В2, В3). Рамсарскае ўгоддзе заснавана ў 2001 годзе (крытэрыі 1а, 1с, 2а, 3а, 3с, 4b)
Сярэдняя Прыпяць – гэта буйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, які захаваўся ў натуральным стане. Заказнік створаны ў сярэдняй плыні галоўнай воднай артэрыі Палесся – ракі Прыпяць (ад вусця Ясельды да вусця Сцвігі). Працягласць участка каля 120 кіламетраў, шырыня вар’іруе ад 4 да 14 кіламетраў.
Плошчы, занятыя натуральнай расліннасцю, складаюць каля 92% тэрыторыі. Каштоўнасць заказніка заключаецца ў захаванасці некранутых пойменных лясоў і лугоў. Сярод лясоў пераважаюць дубравы і чорнаалешнікі з тыповай для Палесся флорай і фаунай. Заліўныя лугі поймы Прыпяці могуць служыць эталонам натуральных лугоў Палесся. У заказніку прадстаўлены ўсе тыпы лугоў ад вельмі забалочаных да сухіх, блізкіх па структуры да стэпаў. Захаваліся ў пойме і тыповыя нізінныя балоты, біятопы, якія знаходзяцца ў Еўропе пад пагрозай знікнення. Асабліва вялікія балоты сканцэнтраваны ў вусцях прытокаў Прыпяці – рэк Ясельда і Стыр. З іншых біятопаў, якія заслугоўваюць увагі, трэба адзначыць вялікую колькасць прыгажэйшых пойменных азёр і старыц і, безумоўна, рэчышча самой Прыпяці. У даліне гэтай ракі сканцэнтраваны самыя вялікія плошчы натуральных алювіяльных ландшафтаў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.
Прыпяць і яе прытокі належаць да раўніннага тыпу рэк і характарызуюцца параўнальна невысокай і распрасцёртай веснавой паводкай, нізкай летняй межанню, якая амаль штогод парушаецца навадненнямі. Працягласць паводак вар’іруе ад 40-45 дзён на малых рэках да 3,5-4 месяцаў на Прыпяці. Сярэдняя вышыня веснавой паводкі над ніжэйшым летнім ўзроўнем складае 3,5-4,5 метры. Пад’ёмы ўзроўняў вады ў перыяд дажджоў, у адрозненне ад веснавых паводак, узнікаюць нерэгулярна і часам перавышаюць іх. У час паводак і навадненняў вада затоплівае пойму разам з населенымі пунктамі, грамадскімі збудаваннямі і камунікацыямі.
Пойменныя землі выкарыстоўваюцца ў асноўным для сенакашэння і выпасу жывёлы (14% тэрыторыі), лясной гаспадаркі, палявання і рыбалоўства. У пойме Прыпяці да цяперашняга часу захаваўся такі традыцыйны від дзейнасці як бортніцтва. Акваторыя ракі выкарыстоўваецца для суднаходства.
За ўвесь перыяд назіранняў у пойме сярэдняй плыні ракі Прыпяць адзначана 182 віды птушак, 52 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. На гнездаванні зарэгістравана 155 і 52 віды адпаведна. Пойма ракі Прыпяць мае міжнароднае значэнне для захавання шэрагу відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola, вялікага арляца Aquila clanga, драча Crex crex, дубальта Gallinago media, белавокага нырка Aythya nyroca і гусі-піскулькі Anser erythropus.
|
|
|
Від / Species
|
Ацэнка колькасці, пар / Population estimates, pairs
|
Крытэрый ТВП / IBA Criteria
|
|
Ciconia nigra Чорны бусел / Черный аист / Black Stork
|
50-70
|
А4i, B1i
|
|
Ciconia ciconia Белы бусел / Белый аист / White Stork
|
300-500
|
B2
|
|
Anser fabalis Гусь-гуменніца / Гуменник / Bean Goose
|
2000-10000 асобін на міграцыі / birds on migration
|
А4i, B1i
|
|
Anser albifrons Белалобая гусь / Белолобый гусь / White-fronted Goose
|
10000-30000 асобін на міграцыі / birds on migration
|
А4i, B1i
|
|
Anser erythropus Гусь-піскулька / Пискулька / Lesser White-fronted Goose
|
50-250 асобін на міграцыі / birds on migration
|
B1i
|
|
Anser anser Шэрая гусь / Серый гусь / Greylag Goose
|
200-500 асобін на міграцыі / birds on migration
|
B1i
|
|
Anas penelope Качка-свіцьва / Свиязь / Wigeon
|
10000-20000 асобін на міграцыі / birds on migration
|
А4i, B1i
|
|
Anas strepera Качка-неразня / Серая утка / Gadwall
|
600-800
|
А4i, B1i
|
|
Anas platyrhynchos Качка-крыжанка / Кряква / Mallard
|
10000-15000
|
B1i
|
|
Anas querquedula Качка-чырка / Чирок-трескунок / Garganey
|
6000-10500
|
А4i, B1i
|
|
Aythya ferina Нырок-сівак / Красноголовый нырок / Pochard
|
1500-2000
|
B1i
|
|
Aythya nyroca Белавокі нырок / Белоглазый нырок / Ferruginous Duck
|
50-150
|
A1
|
|
Circus pygargus Поплаўны лунь / Луговой лунь / Montagu’s Harrier
|
50
|
B3
|
|
Aquila
clanga Вялікі арлец / Большой подорлик / Greater Spotted Eagle
|
13-20
|
А1
|
|
Porzana porzana Звычайны пагоніч / Погоныш / Spotted Crake
|
700 самцоў / males
|
B3
|
|
Porzana parva Малы пагоніч / Малый погоныш / Little Crake
|
300 самцоў / males
|
B3
|
|
Crex crex Драч / Коростель / Corncrake
|
500-2000 самцоў / males
|
A1
|
|
Gallinago media Дубальт / Дупель / Great Snipe
|
1000 самцоў / males
|
А1
|
|
Limosa limosa Вялікі грыцук / Большой веретенник / Black-tailed Godwit
|
500-1000
|
B2
|
|
Tringa totanus Кулік-случок / Травник / Redshank
|
1000
|
А4i, B1i
|
|
Larus minutus Малая чайка / Little Gull
|
50-100
|
B2
|
|
Sterna albifrons Малая крычка / Малая крачка / Little Tern
|
150-250
|
B1i, B2
|
|
Chlidonias Чорная рыбачка / Черная крачка / Black Tern
|
500-1000
|
А4i, B1i
|
|
Chlidonias leucopterus Белакрылая рыбачка / Белокрылая крачка / White-winged Black Tern
|
3000-7000
|
А4i, B1i
|
|
Bubo bubo Пугач / Филин / Eagle Owl
|
10-20
|
B2
|
|
Strix aluco Шэрая кугакаўка / Серая неясыть / Tawny Owl
|
300
|
B3
|
|
Asio flammeus Балотная сава / Болотная сова / Short-eared Owl
|
30-60
|
B2
|
|
Coracias garrulus Сіні сіваграк / Сизоворонка / Roller
|
30
|
B2
|
|
Picus viridis Зялёная жаўна / Зеленый дятел / Green Woodpecker
|
100
|
B2
|
|
Riparia riparia Ластаўка-зямлянка / Береговая ласточка / Sand Martin
|
20000-30000
|
B1i, B2
|
|
Acrocephalus paludicola Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка / Aquatic Warbler
|
150-400 самцоў / males
|
A1
|
|
Акрамя гэтага, у пойме Сярэдней Прыпяці гняздуецца значная частка еўрапейскай папуляцыі чаплі-бугая Botaurus stellaris (100 самцоў), і больш 1% беларускіх папуляцый 27 відаў птушак. Пойма Прыпяці мае міжнароднае значэнне для шэрагу водна-балотных відаў птушак і ў перыяд веснавой міграцыі. Агульная колькасць мігруючых уздоўж Прыпяці гусей складае па папярэдніх падліках каля 50 тысяч асобін, качак-свіцьваў Anas penelope – каля 20 тысяч
У межах заказніка выяўлена 11 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, а таксама шэраг унікальных, раней невядомых для Прыпяцкага рэгіёна, відаў. Да такіх знаходак можна аднесці каменяломнік трохпальцавы Saxifraga tridactilis, фіялку сажалкавую Viola stagnina, буйміну мелкакветкавую Cardamine parviflora.
Пойма Прыпяці мае вялікае значэнне для падтрымання папуляцый каляводных відаў млекакормячых. Тут знаходзяцца буйнейшыя ў Беларусі рэпрадукцыйныя цэнтры бабра Castor fiber, выдры Lutra lutra, вадзяной палёўкі Arvicola terrestris, ляснога тхара Mustela putorius. Забалочаныя лясы і хмызнякі з’яўляюцца для рэгіёна асноўным месцам канцэнтрацыі лася Alces alces і дзіка Sus scrofa.
Спрыяе гэты ўчастак поймы і для пражывання шматлікіх (16 відаў) земнаводных і паўзуноў. Сярод іх адзначаны і рэдкія для Беларусі: балотная чарапаха Emys orbicularis, чаротная рапуха Bufo calamita, звычайная квакша Hyla arborea.
Прыпяць з’яўляецца адной з асноўных рыбапрамысловых рэк Беларусі. У ёй і ў пойменных вадаёмах сустракаецца 37 відаў рыб. На тэрыторыі заказніка ў 1974 годзе ўпершыню ў Беларусі быў знойдзены ёрш Балона Gymnocephalus baloni, від, які дагэтуль лічыўся дунайскім эндемікам. Рака Прыпяць іграе важную ролю для захавання запасаў сома Silurus glanis.
|
|
Неспрыяльныя фактары
Парушэнні гідралагічнага рэжыму. Большасць праблем заказніка “Сярэдняя Прыпяць” вызвана асушэннем значнай часткі балот на тэрыторыі водазбору Прыпяці і звужэннем поймы ў выніку яе абвалавання для папярэджання навадненняў. Звужэнне поймы і павышэнне ўзроўню вады прывялі да знікнення шэрагу каштоўных біятопаў, падтопліванню лясоў, скарачэнню месцаў, прыдатных для нерасту рыб, змене відавога складу флоры і фауны.
Вясновае выпальванне расліннасці ў пойме, асабліва ў гады, калі адсутнічаюць паводкі, аказвае крайне негатыўны ўплыў на жывёл і расліны.
Высечка лясоў без уліку іх значнасці для захавання біялагічнай разнастайнасці.
У выніку перавыпасу жывёлы на многіх участках поймы адбываецца парушэнне структуры натуральных раслінных супольнасцей. Гэта выражаецца ў змяненні складу расліннасці лугоў, знішчэнні падросту ў лясах.
Змяненне гаспадарчай дзейнасці. У апошнія дзесяцігоддзі адбылося істотнае скарачэнне сенакосных плошчаў у пойме. Гэта выклікала хуткае зарастанне балот і адкрытых заліўных лугоў лазняком.
Забруджванне вады. Асноўнымі крыніцамі забруджвання ў басейне Прыпяці з’яўляюцца прадпрыемствы цеплаэнергетыкі, дрэваапрацоўчай, цэлюлоза-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасці, сельскагаспадарчая вытворчасць (земляробства, жывёлагадоўля) і камунальная гаспадарка. Тэндэнцыя пагаршэння якасці вады наглядаецца практычна па ўсіх паказчыках.
|