Выдрыца
Месцазнаходжанне:Гомельская вобласць, Светлагорскі і Жлобінскі раёны.
Каардынаты: 52°46 N 29°40 E
Плошча: 21292 гектараў
Нацыянальны статус аховы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік.
Міжнародны статус аховы: ТТВП, (Крытэрыі: А1: вялікі арлец; В2: арол-вужаед, палявы лунь, малы арлец).
ТВП уключае ў сябе буйны леса-балотны масіў у поймах рэк Ола і Бярэзіна. Па форме рэльефу тэрыторыя ўяўляе сабой паката-хвалістую раўніну з густой сеткай лагчын стоку талых ледніковых вод, скразнымі далінамі і згладжанымі марэннымі павышэннямі.
Аснову расліннасці ўгоддзя складаюць забалочаныя лясы і парослыя сасняком балоты. Тут сустракаюцца фрагменты шырокалісцёвых лясоў, у складзе якіх прысутнічаюць дуб, ясень ліпа, граб і клён. У шэрагу з імі па сухадолах растуць сухадольны лясы з сасны, елкі, ясеня і дуба з багатым падлескам і наглебавым покрывам, у складзе якога сустракаецца шмат рэдкіх і знікаючых відаў раслін.
Асноўнымі вадатокамі ўгоддзя з’яўляюцца рэкі Бярэзіна і яе левыя прытокі – Ола і Выдрыца. Даліна Бярэзіны на тэрыторыі заказніка шырынёй 2-8 км, пойма забалочаная, большай часткай левабярэжная (шырынёй 1,5-5 км), утворана пясчана-глеістымі і тарфяна-глеістымі глебамі, зарослая хмызнякамі і часткова лесам. У веснавую паводку і пры асенніх дажджах затапляецца на тэрмін да 1,5 месяца з вышынёй узроўню вады 0,2-3,5 м. У пойме Бярэзіны ў межах праектуемай ТВП ёсць каля 30 старычных азёр плошчай ад 0,001 да 0,2 км2.
У паніжэннях рэльефу і ў поймах рэк размешчаны 23 балотныя масівы, у асноўным нізіннага тыпу. Іх агульная плошча складае каля 6500 га. Самыя буйныя з іх Макушкі, Уюноў, Гачава, Сакаловічы, Доўгі, Антонаўскае і Дзедна.
Асноўнай формай выкарыстання тэрыторыі з’яўляецца лесагаспадарчая дзейнасць (83% ад агульнай плошчы). Усе астатнія землі выкарыстоўваюцца ў сельскагаспадарчых мэтах. Сенажаці і выганы размешчаны ў асноўным у пойме Бярэзіны. Урадлівасць сельскагаспадарчых земляў вельмі нізкая, і выкарыстоўваюцца яны малаэфектыўна.
Каля 2,2 тыс. га лясоў заказніка ўваходзіць у склад зялёнай зоны горада Светлагорска, з іх 213 га – у яе лесапаркавую частку. Нягледзячы на тое, што большая частка гэтых лясоў пераўвільготненая, і акрамя таго, забруджаная радыянуклідамі, яны нясуць адчувальную рэкрэацыйную нагрузку. Рака Бярэзіна і шматлікія пойменныя азёры выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі для летняга адпачынку і рыбнай лоўлі.
Арніталагічная каштоўнасць тэрыторыі вызначаецца, перш за ўсё, гнездаваннем глабальна пагражаемага віду птушак – вялікага арляца Aquila clanga. Усяго на тэрыторыі ТВП сустракаецца 146 відаў птушак. З ахоўваемых у Беларусі відаў тут адзначаны вялікі бугай Botaurus stellaris, чапля-лазянік Ixobrychus minutus, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, сокал-пустальга Falco tinnunculus, сокал-шулёнак Falco vespertinus, сокал-кабец Falco subbuteo, шэры журавель Grus grus, звычайны зімародак Alcedo atthis, зялёная жаўна Picus viridis і садовая стрынатка Emberiza hortulana.
Залітая веснавой паводкай пойма Бярэзіны служыць месцам адпачынку і кармёжкі для шматлікіх пралётных гусей і качак.
|
|