Як выбраць бінокль?

ад 7 июня 2017 года

Напэўна, адна з найбольш неабходных рэчаў для назіранняў за птушкамі — добры бінокль. Чым добры бінокль для назіранняў за птушкамі адрозніваецца ад кепскага? Што азначаюць лічбы на біноклі? З якой камбінацыяй параметраў бінокль лепшы? На гэтыя пытанні мы паспрабуем адказаць, выкарыстаўшы асабісты досвед аўтара і парады часопіса BIRDS.

binokle

Фота С.Левого

Што азначаюць лічбы на біноклі?

Акрамя назвы кожны бінокль мае камбінацыю з 2 лічбаў, напрыклад: 7х32, 8х40 або 10х50. Першая лічба і «х» пасля яе — 7х, 8х або 10х абазначае, у якой ступені бінокль можа наблізіць для вашага зроку разглядваемы з пэўнай адлегласці аб’ект, або павелічэнне бінокля. Другая лічба — гэта дыяметар (у мм) найбольшай лінзы. Чым ён большы, тым большая лінза і больш яркай карцінка можа назірацца праз бінокль (таму што ўваход для святла большы), а таксама павялічваецца вугал агляду таго, што мы можам назіраць (пры аднолькавым павелічэнні!). Але з павелічэннем дыяметру ўваходнай лінзы звязаныя і не вельмі прыемныя наступствы — павялічваюцца памеры і вага бінокля.

З якой камбінацыяй параметраў бінокль лепшы?

Калі на спектакль або канцэрт падыйдзе практычна любы бінокль, то для назіранняў за птушкамі лічыцца падыходзячай оптыка з тымі камбінацыямі лічбаў, якія ў выніку дзялення дыяметру лінзы (другой лічбы) на павелічэнне бінокля (першай лічбы) дадуць не менш за 4. Такім чынам, для павелічэння 7х другая лічба павінна быць не менш за 28, для 8х — не менш за 32, 10х — 40 і больш і г.д.

Памылковым будзе погляд, што чым большае ў бінокля павелічэнне, тым лепш. На самой справе, для назыранняў у лесе падыходзяць біноклі 7х і 8х, у адкрытай мясцовасці 10х, 11х і 12х.

Універсальнымі можна лічыць біноклі 8х. Біноклі з большым, чым 15х павелічэннем практычна немагчыма выкарыстоўваць для назіранняў у полі: яны цяжкія, вугал агляду ў іх невялікі (цяжка знайсці ў такі бінокль разглядваемы аб’ект), любыя рухі і нават дыханне перашкаджаюць назіранням. Таму з павелічэннем 20х і болей звычайна выпускаюць ужо трубы, дзеля якіх патрэбна падстаўка-штатыў — каб труба не трэслася ў руках падчас назіранняў.

Для назіранняў за птушкамі арнітолагі не рэкамендуюць біноклі з зумам (функцыя zoom азначае, што ў бінокля ёсць магчымасць змяняць ступень павелічэння, напрыклад 8-24х50).

На што яшчэ звярнуць увагу?

Як і ў любой іншый часта выкарыстоўваемай прыладзе, у біноклі важны розныя дробязі, і хаця ўпадабанні карыстальнікаў могуць адрознівацца, агульна кажучы: чым менш у біноклі пласмасы, тым ён паслужыць дольш; зацягнутым у гуму біноклям не так страшна вільгаць і яны прыемней на дотык, чым з пласмасавымі дэталямі; шырокі пас для пераноскі бінокля зручнейшы за вузкі (не так хутка з’язджае з пляча і не так моцна націрае шыю пры пераносцы на ёй).

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Падзяліся артыкулам у сацсетках:

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: