Птушка года   right_line


На змену глушцу ляціць ляляк! Сустракай птушку 2021 года.

Звычайны ляляк (рус. Козодой обыкновенный) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду. Руская назва, як і ў многіх іншых еўрапейскі мовах, — калька з лаціны. Яно паказвае на сувязь гэтага віду з пашамі і свойскай жывёлай, вакол якой птушкі лавілі насякомых.

Козодой

Ляляк — геній маскіроўкі. Фота Мікалая Вараб’я

Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях:

— Пакуль леляку не пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35 000 —  50 000 пар на гнездаванні. Нярэдкія выпадкі гібелі ад аўтамабіляў, бо лелякі чамусьці любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе ў першую чаргу. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, лелякі пакутуюць ад знішчэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі.

Ляляк памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г.

Убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія пальцы не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ляляк, напэўна, адзіны від у нас, які сядае ўздоўж галіны!

Козодой сидиит на ветке

Ляляк сядае ўздоўж галіны. Фота Валера Дамброўскага

Ляляк мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер’ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў.

Ляляк не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць леляка можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла.

На зімоўку ў верасні нашыя лелякі адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка.

СПАМПАВАЦЬ 10 ФАКТАЎ ПРА ЛЕЛЯКА

СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ ПРА ЛЕЛЯКА

Конкурсы кампаніі «Ляляк — птушка 2021 года»

Конкурс калажоў і малюнкаў «Ляляк супергерой»

Выяві птушку года на малюнку або калажы ў вобразе персанажа-супергероя, дзе яго здольнасць (здольнасці) заснаваныя на рэальным факце з жыцця леляка (маскіроўка, незвычайнае ўменне сядзець уздоўж галінкі, надзвычай вялікія вочы і здольнасць глядзець праз шчыліну ўдзень, здольнасць вельмі шырока адкрываць дзюбу, каб лавіць насякомых ды адпужваць ворагаў і інш.). На конкурс прымаюцца добрыя фота або сканы малюнкаў/калажоў*.
У конкурсе могуць удзельнічаць дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту.

*Даслаць на электронны адрас АПБ ptushkahoda@ptushki.org да 15 чэрвеня 2021 года з пазнакай тэмы “Ляляк – супергерой”.

Конкурс масак «Ляляк-2021″

Упрыгож маску, якая дапамагае прафілактыцы распаўсюду COVID-19, выявай птушкі года 2021. Нанясі выяву любым даступным спосабам: намалюй спецыяльнымі фарбамі, зрабі вышыўку або прыдумай свой спосаб.
Для ўдзелу ў конкурсе трэба даслаць фота ўдзельніка ў масцы з выявай птушкі 2021 года на электронную пошту ptushkahoda@ptushki.org з пазнакай тэмы “Ляляк-2021”* да 31 траўня 2021 года.

*У e-mail абавязкова пазначыць:

  • назву конкурсу;
  • імя і прозвішча аўтара;
  • узрост;
  • дакладны адрас і тэлефон адказнага;
  • імя і прозвічша кіраўніка клуба АПБ “Крылаты дазор” ці іншага гуртка (калі аўтар – удзельнік якога-небудзь гуртка).

Digital конкурс-чэлендж «Як гучыць ляляк»

Зрабі кароткае відэа з гукам для TikTok або VK, у якім ты пяеш як ляляк. Гук можна імітаваць або выкарыстаць запіс голасу леляка.
Для ўдзелу ў конкурсе да 1 траўня 2021 года апублікуй відэа ў TikTok або VK, адзнач нашу старонку і пастаў #ЯЛЯЛЯК.

Акцыі ў абарону леляка

Дом для леляка

Каля лецішчаў смецце часцяком выкідваюць проста ў лес. Паўдзельнічай у акцыі “Дом для леляка” – зрабі плакат пра захаванне чысціні ў сасновых лясах, у якіх жывуць лелякі. Напішы, чаму нельга пакідаць у лесе смецце.

Павесь плакаты ля дарог на ўскрайку найбліжэйшага лесу. Фота плаката на дрэве з хэштэгам #домлеляка запосці ў сацсеткі.

Увага! Птушкі на дарозе!

Шмат лелякоў і іншых птушак штогод гінуць на дарогах краіны. Дапамажы сабраць звесткі, каб зрабіць дарожны рух больш бяспечным для людзей і птушак. Зараз мы ствараем карту, на якой можна будзе адзначыць, дзе ты бачыў_ла леляка на дарозе (жывога альбо падбітага), а таксама іншых птушак, якіх падбілі машыны. Спасылка з’евіцца неўзабаве.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!

 

Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя леляку, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Калі ў вас ёсць карысныя ідэі і прапановы, якія можна ажыццявіць у межах кампаніі, дасылай іх, калі ласка, на паштовую скрыню каардынатара кампаніі ptushki.org@gmail.com.

У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц.

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: