Вынікі акцыі «Выратуй арляня!» у 2018 годзе і планы на наступны сезон

ад 26 лютага 2019 года

Расказваем, як разам з вамі мы ратавалі вялікіх арляцоў у 2018-м і дзелімся планамі на 2019 год.

У 2018 годзе мы падрыхтавалі дакументы для аховы пяці гнёздаў арляцоў. Цяпер дакументы праходзяць неабходныя працэдуры для легалізацыі ў Брэсцкім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Спадзяемся, што ў пачатку 2019 года Столінскі, Івацэвіцкі і Ганцавіцкі лясгасы возьмуць гнёзды пад ахову.

Падчас акцыі АПБ “Выратуй арляня!” па захаванні вялікага арляца летась мы абследавалі 22 гнездавыя тэрыторыі.

Учет большого подорлика в Березинском биосферном заповеднике

Вясной дзякуючы вашай падтрымцы мы здолелі праверыць арліныя тэрыторыі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, найбольш значнай тэрыторыяй для вялікага арляца на поўначы Беларусі. І вынікі добрыя. Дзякуючы падтрымцы адміністрацыі запаведніка і яе супрацоўнікаў Аляксандра Рака, Таццяны і Юрыя Багуцкіх мы знайшлі 7 пар. Для іх у межах запаведніка няма пагроз ад чалавека, але тут пакрыху павялічваецца колькасць арланаў. А дзе з’яўляюцца арланы, вялікія арляцы знікаюць. Таму трэба сачыць за сітуацыяй. 

Птенец большого подорлика. ТВП Велута

Птушаня вялікага арляца. ТВП Велута

Экспедыцыі па пошуку новых і праверцы знойдзеных раней гнёздаў вялікіх арляцоў пачаліся летам з тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) “Велута”. І адразу ў першым гняздзе было птушаня вялікага арляца. Як і годам раней, у гэтым гняздзе ляжала некалькі прынесеных дарослымі птушкамі грызуноў. Гэта значыць, што арляцы з гэтай пары вельмі добрыя паляўнічыя і ў грызуноў у гэтым годзе ўсё добра. Другая пара за некалькі кіламетраў адтуль гняздо заняла, але ў ім на жаль не было птушанятаў. Трэба нагадаць, што гэтае гняздо мы знайшлі з дапамогай валанцёраў зімой.  

У заходняй часцы ТВП “Выганашчанскія балоты” назіралі адразу 4 пары арляцоў. Гэта добрая навіна, таму што годам раней тут было толькі дзве сям’і. Але толькі адна пара насіла корм у невядомае нам гняздо. Яшчэ адно гняздо было жылым, з свежымі галінамі альхі, але зноў без птушанятаў. У 2019 годзе плануем знайсці, дзе зрабілі свае гнёзды гэтыя дзве новыя пары.

Выратуй арляня

Праверка гнязда

На ТВП “Хаваншчына” мы праверылі знойдзеныя раней гнёзды. Адно з іх было занятае малым арляцом, а другое – канюхом-мышаловам. Пара вялікіх арляцоў насіла корм у цэнтр масіву. Праверка тэрыторыі пазней ў снежні паказала, што тут з’явілася вялікая свежая высечка і гэтае гняздо маглі знішчыць. Верагодна, пара ў 2019 годзе перасунецца ў іншае месца і трэба будзе яе знайсці, зрабіць неабходныя дакументы для аховы. У пачатку 2019 года гэтая ТВП атрымала статус заказніка мясцовага значэння. Гэта, вядома, добрая навіна.

Знойдзеныя ў 2017 годзе два гнязды каля Вілейкі ў 2018 годзе былі занятыя канюхамі. Але пара вялікіх арляцоў трымалася на гэтай тэрыторіі. Таму ў бягучым годзе і тут трэба знайсці іх гняздо.

На ТВП “Бярэзіна — Гайна” застаюцца гнездавацца дзве пары. Адно з гнёздаў пакуль не знойдзена. Магчыма, у 2019 годзе нам нарэшце пашанцуе.

ТВП “Выдрыца” цяпер знаходзіцца пад пагрозай, таму што тут плануецца будаванне дарогі для лесанарыхтоўкі ў цэнтральную частку масіву, дзе старыя альховыя лясы. Менавіта там гняздуецца адна з пар вялікага арляца. Але для гэтых лясоў, дзякуючы старшыні Лясной рабочай групы АПБ Андрэю Абрамчуку, падрыхтавана 15 пашпартоў для месцаў пражывання чырвонакніжных відаў. Цяпер дакументы знаходзяцца на разглядзе ў Жлобінскім райвыканкаме. Калі іх прымуць, то будаваць тут дарогу будзе забаронена. Другая пара вялікіх арляцоў на гэтым ТВП змяніла свою “прапіску”. Праверанае намі гняздо было занята малымі арляцамі. А гняздо вялікіх трэба знайсці ў 2019-м.

Волнтеры на ТВП Пойма Птичи

Валанцёры на ТВП «Пойма Пцічы»

ТВП “Пойма Пцічы”. Праверылі дзве тэрыторыі. У гняздзе змешанай пары было вялікае птушаня. Яго акальцавалі і ўзялі пяро для генытычнага аналізу. На другім участку, на жаль, вядомае раней гняздо знікла. Трэба будзе ладзіць пошук.

ТВП “Пойма Львы” – гэта цяжкадаступны лесабалотны комлекс на захадзе ад Альманскіх балотаў. Яна цікавая тым, што тут жывуць мінімум 5 пар вялікага арляца. Але пакуль не было знойдзена ніводнага гнязда гэтага віду. У вось у студзені 2018 года дзякуюцы валанцёрам і ахвярадаўцам мы знайшлі 5 гнёздаў, якія могуць быць арлінымі! Праверыць, якія з іх належаць нашаму “герою”, патрэбна ў гэтым сезоне.

Увогуле, сезон-2018 для вялікіх арляцоў можна назваць няўдалым. У адрозненне ад 2017-га, дзе ўсе 10 правераных гнёзд былі з птушанятамі, у 2018-м толькі адна з чатырох пар стала бацькамі. Усяго знайшлі тры жылыя гнязды вялікага арляца, адно — змяшанай пары, два гнязды малога арляца.

Шчыры дзякуй нашым валанцёрам – Любе Дударэвіч, Ксеніі Панюціч, Ірыне Філіпковай, Ксеніі Саргавец, Дзянісу Кліменку, Андрэю Чараднічэнку і Яўгену Папову — за іх дапамогу ў пошуках вялікіх арляцоў сярод беларусікіх лясоў і балотаў. Часам умовы былі вельмі жорсткія. Але летняя спякота ці зімовы холад, дрыгва балотаў, непралазныя лясныя зараснікі, тысячы камароў іх не змаглі стрымаць.

Асаблівая падзяка Стасу Верталю за шматгадовую дапамогу ў праверцы гнёздаў. Стас – наш галоўны дрэвалаз.

Стас Верталь на дрэве з гняздом вялікага арляца

Стас Верталь на дрэве з гняздом вялікага арляца

Давай азірнемся і паглядзім, што ўдалося зрабіць разам з вамі за чатыры гады, цягам якіх мы праводзім акцыю “Выратуй арляня!”

Выратуй арляня - инфографика

 

Планы на 2019 год

2019 – год вялікага арляца.

Мінулы сезон паказаў, што нам патрэбна шмат чаго зараз зрабіць: знайсці зніклыя пары, праверыць новыя гнёзды і падрыхтаваць дакументы для іх аховы, адрамантаваць гняздо Дзянісы.

Охотники под гнездом большого подорлика

Скрозь прарэх у разбураным гняздзе Дзянісы бачна, як адразу пад гняздом ідзе група паляўнічых

Трэба праверыць ТВП “Выдрыца” і даведацца, дзе падзеліся дзве пары тамтэйшых арляцоў. Пашукаць гнёзды чатырох пар на захадзе Выганашчанскіх балот. Застаюцца пытанні, куды “пераехалі” арляцы з ТВП “Чырвонае”. Яшчэ плануем знайсці арляцоў каля Глуска, Вілейкі, Барысава і Лунінца.

Спадзяемся, што 2019 год будзе больш паспяховым для птушкі года.  

 

Выратуй арляня – зрабі ахвяраванне!

Каб арлы адчувалі сябе ў Беларусі спакойна, ім трэба твая дапамога.

Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ
Для арляца існуе шмат пагроз. Гэта і знішчэнне беларускіх балотаў, дзе птушкі харчуюцца, і забойства браканьерамі птушак падчас міграцыі і на зімоўцы, гібрыдызацыя з малым арляцом і шмат іншых.  Сёння самае галоўнае, што мы можам разам зрабіць для вялікіх арляцоў і на што мы можам уплываць – гэта пошук новых гнёздаў і перадача іх землекарыстальнікам для аховы тэрыторый ад высечкі. Нават адно захаванае гняздо – гэта вялікі поспех. Арляцы змогуць у ім спакойна гняздзіцца не адзін год.

 

Зрабіць ахвяраванне вельмі лёгка, і ЛЮБЫ ўнёсак сапраўды каштоўны. Як ты можаш пералічыць грошы:

Зрабіць ахвяраванне  можна трыма спосабамі:

  • сістэма ЕРИП,
  • смс-паведамленне (для абанентаў МТС),
  • банкаўскі перавод.

Ахвяраваць можна любую суму! Падрабязней пра тое, як гэта зрабіць.

 

ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ АД ВЯЛІКАГА АРЛЯЦА

  • 25 рублёў – за такое ахвяраванне ты атрымаеш сертыфікат “Ратавальніка арлянятаў”.
  • 50 рублёў – за такое ахвяраванне ты атрымаеш кубак з вялікім арляцом.
  • 100 рублёў – за такое ахвяраванне ты атрымаеш кнігу – вызначальнік птушак.
  • 200 рублёў — за такое ахвяраванне мы запросім цябе ў сапраўдную экспедыцыю*, дзе разам са спецыялістамі ты будзеш шукаць арліныя гнёзды ў забалочанных лясах Беларусі і зможаш пабачыць вялікіх арляцоў на свае вочы!

Лоты акции "Спаси орленка"

Важна: калі ты хочаш зрабіць ахвяраванне, але пры гэтым табе не патрэбныя пералічаныя бонусы, напішы пра гэта на info@ptushki.org 

*Расходы па ўдзеле ў экспедыцыю аплачваюцца ўдзельнікам самастойна.

 

“Выратуй арляня!” для сябра

Зрабі падарунак не толькі дзікай прыродзе Беларусі, але і сваім сябрам. Як? Пералічы ахвяраванне на акцыю ад імя сваіх сяброў! Яны атрымаюць падарункавы сертыфікат, а мы будзем ратаваць арлянятаў ад іх імя.

eagle4

 

 

 

Падарункавы сертыфікат зробіць чалавеку прыемнае і будзе выдатным прэзентам на любое свята.  

 

Мне не ўсё адно!

Раскажы сябрам пра арляцоў і папрасі іх далучыцца да акцыі. Чым больш людзей адгукнецца – тым болей у віда шанцаў выжыць у нашай краіне.

Пішы нам на  info@ptushki.org і дзяліся, чаму і як ты вырашыў дапавагаць арляцам. Магчыма, твой аповед падштурхне іншых звярнуць увагу на праблемы гэтых птушак.

Пазначай свае пасты ў сацсетках хэштэгам #выратуйарляня або #спасиорленка .Так мы ўсе будзем бачыць маштабы акцыі і тых, хто нам дапамагае.

Захаваем разам нашых арлоў!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: