Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Дзікая прырода 2014: лепшыя сюжэты з камер-фотапастак
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы ад 10 студзеня 2015 года
Напярэдадні новага года «Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы» правёў «Марафон цікавых фотаздымкаў з камер-фотапастак». Па просьбах нашых чытачоў мы сабралі марафон ў адзін агляд, каб было зручна яшчэ раз паглядзець непаўторныя сюжэты. Хутка шукайце свежыя фота зімы 2014-2015!“Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” віншуе з зімовымі святамі! І наш падарунак – МАРАФОН цікавых ФОТАЗДЫМКАЎ З КАМЕР-ФОТАПАСТАК! Кожны дзень з 22 па 31 снежня ў сацыяльных сетках АПБ — сюжэты з камер-фотапастак 2014 года, якія мы яшчэ не паказвалі вам. Па просьбах нашых чытачоў мы сабралі марафон ў адзін агляд, каб было зручна яшчэ раз паглядзець непаўторныя сюжэты. Хутка шукайце свежыя фота зімы 2014-2015!
На відэа – шэры журавель, птушка з Чырвонай кнігі. Дарэчы, менавіта гэты від – уладальнік намінацыі “Самая высокая птушка Беларусі”, вышынёй да 130 см. Часцей за ўсё можна ўбачыць гэту балотную птушку недзе ў небе, на пралёце, а вось у лясным гушчары – вельмі рэдка. Таму варта звярнуць увагу на відэа і памятаць, што журавы могуць загняздціцца ў Белавежскай пушчы, бо гэта не проста лес, а леса-балотны комплекс. Захапляемся грацыёзнай птушкай разам і чакаем іх вяртання вясной!
У ліпені перад “вокам” камеры на імгненне “завісла” птушка – чубатая сініца! Прычым як сапраўдная мадэль, з дакланым кампазіцыйным акцэнтам у сярэдзіне здымка. А яе трапяткія крылы адказныя за “экшэн” на гэтым фота. На жаль, невыразна бачна самая значная адметнасць птушкі – востра заканчоны бела-чорны чуб на галаве. Наступным годам чакаем больш “чубатых” здымкаў!
Што гэта за чорна-белая невыразная пляма? І чаму яна мае гонар удзельнічаць у МАРАФОНЕ цікавых ФОТАЗДЫМКАЎ З КАМЕР-ФОТАПАСТАК? Так як гэта, відаць, першае “сэлфі” птушкі на “Канале дзікай прыроды”! Таму ставім заслужанае “like”!
Чаму камера-фотапастка стала цікавым аб'ектам для вялікай сініцы? Хутчэй за ўсяго таму, што яна шукала зручнае месца для гнязда. Падчас пошукаў сініцы вельмі пільна даследуюць мясцовасць, нават камеру не абляцелі бокам! Нажаль, месца для гнязда не падышло, але падаравала нам цікавы здымак.
Есці на хаду могуць не толькі непаслухмяныя дзеці ці занятыя людзі, але і звяры! Паглядзіце, як упарта сілкуюцца маленькія кабанчыкі! Нічога не перашкаджае малым: ні рух самкі, ні высокая трава. Напрыканцы працэсіі мы бачым трэцяга таварыша. Спяшайся і даганяй братоў і сястрычак, маленькі! Малако маці, яно ж самае смачнае ў свеце!
Яшчэ адзін дапытлівы алень хоча зразумець, што такое камера-фотапастка. Жывёла дакладна не баіцца невядомага “аб’екта”, нюхае яго і нават спакойна нешта жуе ў прысутнасці аб’ектыва. Мастацкасці гэтаму сюжэту дадае вечаровае сонца. Так прыемна паглядзець на прамяні, якіх зараз нам так не стае!
Гэты сюжэт выглядае надта сур’ёзна і пагрозліва: бойка аленяў! Кожны год алені такім чынам спрачаюцца і вырашаюць пытанні наконт тэрыторыі. Навошта біцца? Жывёлам важна заняць выгодныя месцы для рова: мацнейшы застанеецца гаспадаром на тэрыторыі, і самкі будуць ісці да яго як да пераможцы. Варта сказаць, што гэта не барацьба на смерць, а толькі спосаб вызначыць месцы рова. Смяротныя выпадкі бываюць, але гэта вельмі рэдкая і хутчэй выпадковая з’ява.
Хто на гэтым здымку? Правільна, вавёрка, занадта папулярная апошнімі днямі. Хочам нагадаць, як выглядае сапраўдная “белка”! Дарэчы, здымак вавёркі на “Канале дзікай прыроды” публікуецца ўпершыню. Гэты звер дзякуючы сваёй спрытнасці — даволі няўлоўны для камер-фотапастак: з 2700 рэгістрацый гэта адзіная. Не пераставайце верыць у цуды! І памятайце: прырода – той капітал, які заўсёды трэба берагчы!
Ці баішся ты аленя так, як алень баіцца камеры-фотапасткі? Мы ўжо паказвалі фота, як алені тыкаюць пыскай у камеры і праяўляюць да іх цікавасць. А вось – супрацьлеглы сюжэт: камера так спужала жывёлу, што яна хутка ламанулася ў гушчар леса ад непазнанага “вока”. У дзікай прыродзе лепш лішні раз не рызыкаваць: а раптам воўк ці іншы драпежнік? Спадзяемся, алень уцёк і адчувае сябе ў спакоі. А мы – пераглядаем відэа зноў і зноў і дзівімся імгненнай рэакцыі жывёлы.
Што за нетыповая для беларускіх лясоў жывёла на фота? Пазнаць у ёй маладога зубра з першага погляду не так проста. Хутчэй за ўсё, зубраня не ходзіць па лесе адно, а разам з маці. Мабыць, яна дзесьці побач. Першы год для зубра – цяжкі, менавіта ў гэты час даследчыкі адзначаюць самую высокую смяротнасць жывёл. Асабліва цяжка прыйдзецца у зімовы час. Таму жадаем герою здымка быць моцным і здаровым, каб мы яшчэ не раз пабачылі яго на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”!
І на развітанне — эксклюзіўная віншавалка ад святочнага аленя! Дарагія сябры, мы завяршаем 2014 год, а разам з ім – МАРАФОН ФОТАЗДЫМКАЎ З КАМЕР-ФОТАПАСТАК. “Канал дзікай прыроды” (дарэчы, навінка 2014 года) віншуе вас з Новым 2015 годам! І падарунак ад нас – адмысловы святочны алень, які нечым нагадвае елку. Упэўнены, што вы ўсміхнецеся гэтаму відэа. І будзеце чакаць новых сюжэтаў з камер-фотапастак у 2015 годзе! Віншуем і да сустрэчы!
P.S. Просім не турбавацца за аленя. Наяўнасць такіх «упрыгожванняў» — нешкодная!
Вікторыя Церашонак, прэс-служба АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: