Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Лісіцы, карагоды аленяў і «трыпціхі»
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы ад 4 лютага 2015 года
Мы сабралі разам усе фотаздымкі «Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы», якія размяшчалі ў сацыяльных сетках у студзені. Ці бачылі вы наш «трыпціх» і карагод аленяў?Пачынаем 2015 год на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” снежными фотаздымками з лісіцай! У часы, калі пушча была дзяржаўным запаведнікам (1944-1957 гг.), лісы рэдка сустракалася ўнутры ляснога масіву. Гэты звер аддаваў перавагу перыферыйным ўчасткам, якія лепш забяспечвалі харчаваннем. Са з’яўленнем запаведна-паляўнічай гаспадаркі былі пабудаваны пляцоўкі для падкормкі капытных, праведзены меліярацыйныя працы. Павялічылася колькасць падранкаў і рэшткаў здабытых звяроў. Усё гэта стварыла прывабныя ўмовы для пражывання лісіцы і ўнутры пушчы. Цяпер яна так асвоілася, што ў некаторыя гады ўнутры ляснога масіву сустракаецца часцей, чым на ўскраінах! Спадзяемся, лісам спадабалася і апошняе пашырэнне запаведнай зоны.
Пры першым праглядзе мы назвалі гэты фотаздымак “Вожыкі ў тумане”. Напярэдадні новага года дзікі ходзяць па снезе: шукаюць ежу, аглядаюць тэрыторыю ці можа проста любуюцца, які снег бялюткі… Зараз снега ў лесе ўсё менш і ён не замінае кабанчыкам выходзіць на шпацыры, так ім зручней. У залежнасці ад прагнозаў сіноптыкаў чакаем новых снежных ці не вельмі фота! Сачыце за “Каналам дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” кожны тыдзень у сацыяльных сетках і кожны месяц – на сайце АПБ! На развітанне – загадка без адгадкі (бо хто ж ведае?): колькі кабанчыкаў на фота?
Адны з самых любімых герояў нашага “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” – гэта янотападобныя сабакі. Напрыканцы восені мы развітваліся з імі, бо яны кладуцца ў спячку да вясны. Але адпачывае гэты звер (у адрозненні ад свайго чырвонакніжнага брата — барсука) не заўсёды, і пры пацяпленнях выходзіць з нары “падышаць паветрам”. Нават каля фотопасткі прайшоў! Дзякуй, што нагадаў пра сябе, сабака! Мы разам з табой чакаем вясны і новых фота!
Ці святкуюць жывёлы Новы год? Камеры-фотапасткі з Белавежскай пушчы даюць станоўчы адказ на гэтае пытанне :)! Мы вырашылі пацікавіцца, які здымак стаў апошнім у 2014 і першым у 2015 годзе. І знайшлі адказ! Хоць фота не вельмі якасныя, але гістарычныя, на мяжы гадоў. Аказалася, што фотасесію ў навагоднюю ноч “заказалі” алені. Жывёла на фота выглядае сумна (можа застаўся без смачнай ежы ці святкуе ў адзіноце). А вось другі алень (гэта не адзін і той жа!) ідзе ў новы 2015 год куды больш упэўнена. Ці ходзяць алені ў святочны час толькі паасобку? Адказ на гэтае пытанне шукайце на наступным здымку!
Карагод дзяцей – звычайная з’ява падчас зімы. А вось ці бачылі вы карагод аленяў? Мы – бачылі на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! У зімовы час алені збіраюцца ў статкі. Чаму? Так яны памнажаюць сваю ўважлівасць, каб лягчэй было заўважыць драпежніка ці іншую пагрозу. Статак – тыповая форма існавання на тэрыторыях, дзе шчыльнасць аленяў высокая. У Белавежскай пушчы бачылі статкі па 10 і больш асобін. Чым яшчэ будзе радаваць зіма? Сочым за камерамі-фотапасткамі разам!
У студзені камера-фотапастка “шчоўкнула” рысь! Рысь не кладзецца ў спячку зімой, але фотаздымкі драпежніка у гэты час даволі рэдкія. Уся справа ў харчаранні. Здабыча рысі (казулі, зайцы) сустракаюцца часцей на перыферыі, таму шляхі рысі таксама змяшчаюцца туды. А вось нашы камеры-фотапасткі сканцэнтраваны ў запаведнай зоне ў цэнтры пушчы. Даволі папулярнае месца – гэты мост праз невялікую лясную рачулку. Нягледзячы на халады, лёд на рацэ не стаў. Хто яшчэ не захацеў мачыць лапы? Мы прэзентуем так званы “трыпціх на мосце”! Шукайце яшчэ 2 фота ўнізе!
Працяг “трыпціха на мосце”, атрыманага дзякуючы аўтаматычным камерам-фотапасткам у Белавежскай пушчы. На гэтым кампазіцыйна прыгожым здымку мы бачым аленя, які яшчэ носіць рагі. Убычыць аленя ў такім выглядзе можна яшчэ месяц, а вось у сакавіку яны скінуць сваё упрыгожанне. Потым адрозніць самца ад самкі можна будзе не па наяўнасці рогаў, а толькі па агульным знешнім выглядзе.
І яшчэ адзін герой “трыпціха” з заснежанага маста на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” – воўк! Паляванне на ваўкоў у Беларусі не забаронена, і зіма, на жаль, час актыўнага палявання. Колькі з іх дажыве да вясны, калі прыйдзе час размнажацца? – задаюцца пытаннем абаронцы прыроды. Ваўкі патрэбныя лесу, яны – частка экасістэмы. У чарговы раз заклікаем вас перайсці з палявання да фотапалявання! Няўжо нашы камеры-фотапасткі не натхняюць на гэта?
Чакайце новых аглядаў праз месяц!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: