Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Пра страчаны рог, любімы рапс і коціка
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы ад 6 сакавіка 2015 года
Канец зімы на камерах-фотапастках Белавежскай пушчы выдаўся даволі насычаным: з безрогім аленем, статкамі зуброў і нават коцікам. Агляд апошніх фотаздымкаў зімы 2015 — тут!Віншуем з вясной і запрашаем пасмакаваць апошні месяц зімы ў фотаздымках з камер-фотапастак, якія ўсталяваны дзякуючы сумеснаму праекту АПБ, нацпарка "Белавежская пушча" і Франкфуртскаму заалагічнаму таварыству. Хто не заўсёды сачыў за новымі здымкамі ў сацыяльных сетках АПБ — прапануем наш агляд. Канец зімы ў Белавежскай пушчы выдаўся даволі насычаным: з безрогім аленем, статкамі алянух і нават коцікам.
Што за замаскіраваны дзікі звер на фотаздымку “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”? Гэта ўжо трэцяя рэгістрацыя звычайнай кошкі, якая аказалася ў гушчары пушчы. Адкуль? На жаль, непатрэбных катоў спецыяльна пакідаюць людзі з навакольных вёсак з думкай “гэта нацыянальны парк, тут любой жывёле будзе добра”. Але спецыялісты папярэджваюць: Белавежская пушча – не Ноеў каўчэг! Нельга везці ў лес хатнюю жывёлу! У выніку пакінутыя на “шчаслівае жыццё ў запаведніку” каты ў часы голаду і маразоў прыходзяць да рэзідэнцыі Дзеда Мароза сярод пушчы і жаласліва просяць есці. Вельмі сумна глядзець на такія здымкі. Будзьце адказнымі, людзі!
Камера-фотапастка паказвае нам, як праводзяць люты алянухі. У зімовы час алені аб’ядноўваюцца ў статкі. Цікава, што камеры-фотапасткі фіксуюць асобныя статкі самцоў і самак. У Белавежскай пушчы фіксуюцца статкі алянух каля 20-30 асобін. А статкі самцоў паменей, каля 12-15 асобін. Ці зменіцца сітуацыя вясной? Чакаем адказаў разам з аўтаматычнымі камерамі-фотапасткамі !
Апошнім часам камеры-фотапаскі Белавежскай пушчы сталі радаваць нас здымкамі рысі. Гэта фота можа зруйнаваць адзін стэрэатып. Часцяком мы бачым малюнкі, як рысь ідзе сярод непраходных лясоў. Але насамрэч яна любіць хадзіць па дарогах! Люты ў жыццёвым цыкле рысі – гэта час, калі набліжаецца распад сямей: у пачатку вясны рысята пойдуць у самастойнае жыццё. Дарэчы, дзякуючы якасці гэты здымак вельмі каштоўны не толькі ў мастацкім, але і ў навуковым плане: у спецыяльнай праграме можна ідэнтыфікаваць рысь па плямах на скуры, зрабіць ёй так званы пашпарт і потым сачыць за жыццём асобіны. Спадзяемся яшчэ не раз пабачыць гэту рысь на нашым “Канале дзікай прыроды” і пазнаць па плямах!
Што можа быць такім пушыстым, як ліса? Толькі яе хвост! Трэба адзначыць, што прыгажуня на фотаздымку – у вельмі добрай форме. Звычайна лісу можна заўважыць на ўскрайках лясных масіваў. Прычына простая: менавіта там водзіцца больш мышападобных грызуноў, а вядома, што жывёла там, дзе ежа. Але гераіня нашага фотаздымку абрала іншы шлях і выправілася на шпацыр у глыб ляснога гушчару. Поспехаў у пошуках, рудая!
Фотапастка зноў “шчоўкнула” ваўкоў! Дакладней, частку зграі. Жывёлы пазначаюць тэрыторыю і сочаць, каб яе межы не былі парушаны канкурэнтамі. Бо хутка вясна, і трэба ўжо зараз клапаціцца пра добрыя месцы для сваёй сям’і. А мы будзем чакаць першых фотаздымкаў ваўчанят на “Канале дзікай прыроды”. Цікава, як малыя будуць знаёміцца з гэтым светам і даследаваць пушчу? 🙂
Хто можа паспрачацца з масавымі фотаздымкамі кабанчыкаў? Падаецца, што да спаборніцтва далучыліся зубры! Невядома, на колькі метраў расцягнулася працэсія сімвалаў Белавежскай пушчы, да і ўсёй Беларусі, але камера-фотапастка паспела зрабіць больш за 40 фотаздымкаў! Пацяпленне скіравала зуброў з лясоў у бок палёў. Гэта добры час пашукаць чаго-небудзь смачнага. Адзін з любімых пунктаў іх меню – рапс. Спадзяемся, статак знойдзе дастаткова ежы, і будзем чакаць новых фота!
Пакуль мы сустракалі Масленіцу, алені пачалі “распранацца”! Як бачыце, гэты прыгажун 20 лютага ўжо недзе страціў адзін свой рог. Хутка развітаецца (ці можа ўжо развітаўся?) і з другім! Але, як толькі з’явіцца першая зеляніна, пачнуць адрастаць новыя рогі. Напрыканцы лета яны поўнасцю вернуцца на сваё месца і акасцянеюць. Дарэчы, менавіта рогі – паказчык фізічнага стану: чым яны больш – тым мацней жывёла. Звяртаюць увагу на рогі і самкі: алянуха аддасць перавагу больш рагатаму самцу. А вось «калега» па рогах – лось – страчвае гэтае ўпрыгожванне значна раней, у снежні.
Як хутка ўбачым аленяў з адрастаючымі рогамі? Сачыце за “Каналам дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”!
На выдатным мастацкім фотаздымку з аўтаматычнай камеры-фотапасткі ў Белавежскай пушчы добра можна разгледзець ваўка ў профіль. За апошнія месяцы колькасць гэтых жывёл зменшылася, бо зіма – асноўны час палявання на ваўкоў. Тыя, што здолелі выжыць, напрыканцы зімы пачынаюць пераразмяркоўваць паміж сабой тэрыторыі. Як часта будуць пралягаць сцежкі ваўкоў каля нашых камер-фотапастак?
Сочым за “Каналам дзікай прыроды” разам!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: