Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як звяры нюхаюць вясну?
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы ад 6 красавіка 2015 года
Сакавік вачамі камер-фотапастак запомніўся нам безрогімі аленямі, 10-кілаграмовым барсуком і «завісшым» кажаном! Як жыццё ў лесе прачынаецца і як звяры нюхаюць вясну?Сакавік — час шчырых віншаванняў з вясной ад “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! На развітанне з зімой мы хочам паказаць вам 2 цікавых яшчэ снежных лютаўскіх відэа пад кодавай назвай “нюх”. Справа ў тым, што пахі адыгрываюць у жыцці жывёл куды больш адчувальную ролю, чым у жыцці чалавека. Добрае абанянне – гэта шанец знайсці ежу, адчуць побач драпежніка ці іншую небяспеку. Толькі ўявіце: нос ваўка ў 14 разоў большы за нос чалавека, а абанянне ваўка ў 100 разоў лепш, чым наша з вамі! Звер можа адчуць здабычу на адлегласці да 3 км. Гэтым і займаюцца героі нашага сюжэту: вынюхваюць сляды патэнцыйнай “вячэры”. І, думаецца, ужо чуюць пах хуткай вясны! Хто яшчэ шукае пад снегам вясну?
Абяцаны працяг сюжэта “нюх”! Рудая лясная прыгажуня старанна штосьці вышуквае па снезе. І гэта не толькі ежа. Бо хутка – час выбіраць сабе пару, тэрыторыю і нару для будучай сям’і. Нюх у гэтых справах – добры памагаты.
Хто
Хто гэта прачнуўся? Добрай раніцы і добрай вясны вам, барсукі! Гэты від кладзецца на зімовы час у спячку, а сакавік – час выпаўзаць з нары, што мы і бачым дзякуючы камерам-фотапасткам і “Каналу дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”. Канкурэнты барсукоў за норы і ежу – янотападобныя сабакі – больш эфектыўна выкарыстоўваюць зімовыя пацяпленні і выходзяць з сваіх “бярлог”, а вось барсукі невылазна сядзяць у норах. Гэта невялікая “кропачка” на фота насамрэч важыць 8-10 кіло! Яшчэ больш цікавых лічбаў – на старонцы барсука ў Чырвонай кнізе.
Ізноў разглядаем вясновых аленяў праз вока камеры-фотапасткі! На гэты раз прапануем параўнаць два “экземпляры”. Адзіц самец ужо развітаўся з рогамі, аб чам сведчаць невялікія плямы на ілбе. Але рогі даволі хутка растуць, таму хадзіць аленю так нядоўга. А вось другі самец яшчэ ў сваім звычайным выглядзе, з рогамі на месцы. У чым несправядлівасць наяўнасці/адсутнасці рогаў і калі насамрэч час развітвацца з імі? Адказ даволі просты: моцныя самцы скідваюць рогі першымі, а слабыя – пазней. Таму рогі вясной – гэта характарыстка моцы жывёлы. Ці ўбачым мы яшчэ рагатых аленяў? Сочым за “Каналам дзікай прыроды” разам!
Ці баіцеся вы кажаноў? А кажаноў, якія не проста спяць на дрэвах ці наводзяць шорах на паддашку, а самі фагаграфуюцца ў лесе і выкладаюць свае ўдалыя здымкі на “Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”? Перад вамі – першае фота кажана ў 2015 годзе. Варта сказаць, што кадр даволі рэдкі: напрыклад, у 2014 годзе быў усяго адзін такі сюжэт. Зімой кажаны спяць, а калі адчуваюць цеплыню – прачынаюцца. Наш герой зацікавіўся камерай-фотапасткай і “завіс” разглядаць невядомую рэч. А мы, у сваю чаргу, цяпер маем магчымасць разглядаць яго сілуэт!
Віншуем кажаноў з вясной і жадаем удалага сезона 2015!
Разам, але розныя! Камера-фотапастка падаравала нашаму “Каналу дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” вечаровых аленяў! Самцы, як можна заўважыць, даволі розныя: першы – з маленькімі новымі рожкамі, якія называюцца панты. А вось другі носіць упрыгожанне мінулага сезона. Рогі – паказчык моцы аленя: чым хутчэй жывёла іх мяняе – тым лепш не толькі кармавая база, але і агульны фізічны стан. Дарэчы, рогі – самы хутка растучы орган аленя! Да сярэдзіны лета яны адрастуць і будуць важыць да 10 кіло, а то і болей. Новыя дужыя рогі спатрэбяцца аленям восенню, у час рова. Будзем чакаць новых “рагатых” фотаздымкаў на нашым канале!
Чакаем разам красавіцкі агляд і сочым за "Каналам дзікай прыроды" штотыдзень у сацыяльных сетках АПБ ВКонтакте і Facebook!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: