Жураўлі, зубры і людзі

ад 8 мая 2015 года

Чарговы агляд фотаздымкаў з камер-фотапастак Белавежскай пушчы. Жураўлі, зубры, людзі і ўсё, што вы не паспелі паглядзець на працягу красавіка – тут!

Чарговы агляд фотаздымкаў з камер-фотапастак Белавежскай пушчы. Жураўлі, зубры, людзі і ўсё, што вы не паспелі паглядзець на працягу красавіка – тут! 

Вясна – час змяняць зімовае футра на летні варыянт, але гэтая лісіца не спяшаецца і 20 сакавіка была яшчэ занадта пушыстая! Дзякуй фотапасткам за ўдалае фота: паспеем палюбавацца перад развітаннем з “шубай”! 

Дарэчы, казкі не падманваюць: гэты звер прыстасоўваецца да розных месцаў, можа рабіць набегі на вясковыя двары і на сметніцы. А Белавежская пушча – якраз тое месца, дзе ліса можа пачуваць сябе больш спакойна. 

Як хутка “Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” зноў будзе пафарбаваны ў руды колер? Чакаем разам! 

Вясна ў пушчы – сезон фотаманіторынгу рысі, каб ацаніць колькасць гэтага драпежніка ў Белавежскай пушчы. Падчас сваіх шпацыраў па лесе рысі актыўна карыстаюцца дарогамі, таму большасць камер-фотапастак перанесены ў такія месцы. Фотаздымкі дазваляюць вызначаць візуальныя асаблівасці афарбоўкі і нават рабіць індывідуальныя ідэнтыфікацыі. 

Запрашаем вас далучыцца і адчуць сябе даследчыкам! Уважліва паглядзіце на здымкі: гэта адна і тая ж рысь? (адказ: розныя!) 

Эксперымент працягнецца каля месяца, а потым фотапасткі пераедуць у іншыя месцы, для новага цікавага даследавання… Якога? Хутка раскажам! 

Вясна – гэта птушкі на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! Памятаеце прыгожае відэа “Танцуючы журавель” з мінулага года? У гэтым годзе птушкі вярнуліся на тое ж самае месца! Доказы таму – цэлы шэраг фотаздымкаў, якія выдатна зрабіла фотапастка. Як бачыце, даты здымкаў розныя: птушкам падабаецца шпацыраваць па мосціку і паказываць сябе. Таму – чакаем новыя падрабязнасці з жыцця журавоў у запаведнай зоне! 

*хто не глядзеў відэа "Танцуючы журавель" 2014 года — запрашаем! 

Вас вітае начны выпуск “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! Амаль апоўнач барсук выйшаў на шпацыр акурат каля камеры-фотапасткі. Звер ідзе па мосціку, а потым хутка знікае ў гушчары запаведнай зоны. Але падзеі на заднем плане адцягваюць увагу ад барсука-чырвонакніжніка. Што гэта за НЛА? 

Вось так павук стаў прычынай загадкавых начных падзей у Белавежскай пушчы 🙂 

Зубр вясны 2015 ахвотна пазіруе насупраць камеры-фотапасткі, дзякуючы чаму трапляе на «Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы». Жывёлы нарэшце дачакаліся з'яўлення свежай зеляніны, таму цяпер можна вяртацца з палёў у лясы. 

На здымку можна добра разглядзець рогі. Зубр, у адрозненні ад аленяў, іх не скідвае. Рогі на працягу жыцця растуць. Прычым зімой – не так хутка, і ў гэты час фарміруюцца, так кажучы, “гадавыя кольцы”. Атрымаецца разглядзець? 

Мы даўно не паказвалі аленя! А за гэты час яны паспелі адрасціць даволі заўважныя аксамітныя рогі! Але карыстацца упрыгожваннем яшчэ рана, трэба пачакаць. Дарэчы, рогі – самы хутка растучы орган, таму яны патрабуюць ад свайго ўладальніка шмат рэсурсаў, у першую чаргу бялок. Яго алень запаведнага лесу атрымлівае з маладых парасткаў і зялёнага лісця. 

Смачна есці, рагаты! 

P.S. Чалавек і фотапасткі.

Святочны выпуск «Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы» прысвечаны не звярам, а людзям. А дакладней – чалавеку, які працуе ў прыродаахоўным праекце ў Белавежскай пушчы і дапамагае нам спасцігаць цікавы свет дзікай прыроды. Гэта Мікалай Чэркас, які 18 красавіка спраўляў Народзіны! Часта Мікалай сам трапляе ў камеры-фотапасткі і становіцца іх зоркай.  

АПБ шчыра віншуе Мікалая і жадае натхнення ў працы і цікавых навуковых адкрыццяў у запаведных мясцінах! 

Якія навіны прынясе май? Чакаем разам! 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: