Вясна-2015: кабанчыкі, рысі ды казулі

ад 11 чэрвеня 2015 года

Маленькія кабанчыкі, грацыёзны самец рысі і рэдкая госця камер-фотапастак — казуля… Так мы завяршаем даволі ўдалы сезон вясна 2015 і пачынаем публікаваць фотаздымкі лета 2015 на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы».

Маленькія кабанчыкі, грацыёзны самец рысі і рэдкая госця камер-фотапастак — казуля… Так мы завяршаем даволі ўдалы сезон вясна 2015 і пачынаем публікаваць фотаздымкі лета 2015 на "Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы"! 

1 траўня, пакуль сябры АПБ праводзілі час на Фестывалі кулікоў у Тураве, каля камеры-фотапасткі ў Белавежскай пушчы прабягаў воўк. Гэта, імаверна, самец, бо самкам зараз не да шпацыраў па запаведным лесе. Травень – час нараджэння ваўчанят, таму маці зараз у логаве. У наступным месяцы будзем чакаць першых фотасесій малых на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! 

Мы даўно не паказвалі аленя на “Канале дзікай прыроды”. А за гэты час яны паспелі адрасціць даволі заўважныя аксамітныя рогі! Але карыстацца упрыгожваннем яшчэ рана, трэба пачакаць. Дарэчы, рогі – самы хутка растучы орган, таму яны патрабуюць ад свайго ўладальніка шмат рэсурсаў, у першую чаргу бялок. Яго алень запаведнага лесу атрымлівае з маладых парасткаў і зялёнага лісця.  Смачна есці, рагаты! 

Мы так хацелі паказаць вам парсючкоў, і камера-фотапастка як быццам пачула нас! 10 траўня ў Белавежскай пушчы маці і яе як мінімум 4 дзіця даслевавалі навакольны свет акурат насупраць адной з камер. Афарбоўка малых замілоўвае нас, а для жывёл гэта добрая маскіроўка, каб быць незауважнымі на зямлі і сярод лісця. 

Звычайна самка нараджае шмат, да 10 парсюкоў. Але да наступнай вясны дажывае ўсяго некалькі. Дарэчы, гэта самка на фотаздымку – даволі маладая, магчыма, мінулага году нараджэння. Таму гэта могуць быць яе першынцы. Як нашы кабанчыкі стануць дарослымі дзікамі і як сустрэнуць восень? Сочым разам!

Даўнія гледачы “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” памятаюць, што гэтае дрэва ўжо станавілася месцам фотасесіі ваўкоў. На новым здымку траўня 2015 – самец рысі, які грацыёзна шпацыруе па бервяну. Як усе прадстаўнікі сямейства каціных, рысь не любіць ваду, і таму карыстаецца пераправамі. 

На жаль, колькасць гэтага драпежніка ў Белавежскай пушчы скарачаецца. Гэта звязана с колькасцю казулі – асноўнай здабычы рысі. Зараз у Белавежскай пушчы ўпершыню вядуцца работы па паспартызацыі рысі з выкарыстаннем нашых камер-фотапастак. З вынікамі даследавання мы пазнаёмім сябраў АПБ восенню. 

Па вясновым “Канале дзікай прыроды” бяжыць казуля! Гэта адзін з самых рэдкіх капытных у Белавежскай пушчы. Жывёла аддае перавагу больш адкрытым мясцінам і палям. А вось хадзіць па запаведнай зоне, дзе размешчаны камеры-фотапасткі, ёй не па нораву. За ўвесь час праекта ў нашых архівах збярэцца хіба што дзесятак здымкаў. Таму уважліва разглядаем рэдкую госцю! 

Наперадзе  амаль цэлае лета: шмат цёплых дзён і шмат новых фотаздымкаў. Чакаем нашых звяроў на фоне зеляніны дрэваў на "Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы"!  



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: