Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Лета ў Белавежскай пушчы-2015: ад калектыўных да індывідуальных «фотасесій»
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы ад 4 жніўня 2015 года
Лета ў Белавежскай пушчы — гэта кабанчыкі, злёткі ды ваўкі. Прапануем паглядзець чарговы агляд фотаздымкаў, атрыманых дзякуючы камерам у запаведным лесе!Каму не спіцца ў ноч глухую? Да яшчэ і каля камеры-фотапасткі? На гэты раз “Каналу дзікай прыроды” удалося “выхапіць” з цемры барсука! Што жывёла рабіла ў запаведнай зоне сярод ночы? – Пераходзіла дарогу: навошта ісці ў ваду, калі ёсць адмысловы мост, які, як сведчаць фотапасткі, карыстаецца папулярнасцю ў самых розных жывёл. Барсук звыйчайна ходзіць па лесе адзін, а з сям’ёй сустракаецца ў нары.
Нагадваем: паляванне на “чырвонакніжніка” забаронена, сярод галоўных пагроз яго жыццю – транспарт: часцяком ноччу фары асляпляюць жывёлу. Таксама басукам пагражаюць кароста і іншыя “норныя” хваробы.
Кіроўцы, будзьце ўважлівымі!
Колькі-колькі? Адразу 9 кабанчыкаў на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! Малыя заўважна падраслі, таму разглядаць іх палоскі стала яшчэ зручней. Надвор’е спрыяе прыемным шпацырам па запаведным лесе, а стаяць на мосціку – сапраўднае шчасце: тут караткалапым не перашкаджае трава. Нашы “каларады” дакладна не адны: маці недзе побач з фотапасткай. Магчыма, з ёй і астатнія брацікі і сястрычкі: самка можа нарадзіць і 15 малых.
Пакуль лета – расціце, баўцеся на сонцы і не забывайце “фатаграфавацца” для нас!
…а адзін вырашыў, што індывідуальнае фота — лепш, чым калектыўнае 🙂
“Ну паглядзіце на мае рогі!” – як быццам заклікае алень! Нават схіліўся, каб гледачам “Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” было зручней. Карыстаемся мажлівасцю!
Рогі яшчэ крыху аксамітныя, але насамрэч амаль закасцянелі. З такімі рогамі наш герой і будзе хадзіць па лесе аж да вясны. Пяць парасткаў на рогах сведчаць, што жывёла даволі маладая, узрост – прыкладна 6 год. Але ўжо зараз бачна, што гэты самец даволі моцны і праз некалькі год мае ўсе шанцы насіць куды больш парасткаў. Ці заўважаць і ці адзначаць такога “Рамэо” самкі? Будзем сачыць разам праз “вочы” камер-фотапастак!
На «Канале дзікай прыроды» — час летніх трафеяў: ліса нясе ў логава вячэру для малых! На жаль для аматараў птушак, у кіпцюрах рудой паляўнічай – птушка. Але гэта закон прыроды: летам птушаняты вучацца лятаць і яшчэ не дастаткова моцныя, таму становяцца лёгкай здабычай для іншых драпежнікаў. Не супраць адшукаць маладых птушанят і рысь: з гэтай нагоды, як сведчаць даследчыкі, жывёла “патрулюе” лясныя дарогі: там часцяком можна сустрэць забітых ці параненых ад сутыкнення з аўтамабілем птушанят. Суровыя законы прыроды ў запаведным лесе.
Акурат перад камерай-фотапасткай “завіс” рэдкі крылаты госць! Вялікія вочы, жаўцізна – верагодней усяго, гэта злётак. Можа, птушаня пераблытала дупло і спрабавала ўціснуцца ў “вока” камеры, дзякуючы чаму падаравала “Каналу дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” такі здымак.
А вы бачылі ў гэтым годзе злёткаў? Чым вас здзівілі малыя?
Гэты самец выглядае ў самым росквіце сіл: якая поўсць, які хвост! Летам ваўкі ў клопатах за ваўчанятамі, і трымаюцца ў сем’ях. У залежнасці ад таго, наколькі ўдалы год, у сям’і можа нарадзіцца да 5 ваўчанятаў. На жаль, у свеце дзікай прыроды апынуцца не ўсе з іх. Дадзеныя з камер-фотапастак мінулага года адзначаюць не больш чым па 2 падросшых ваўчанят з вывадка. Некаторыя сведкі бачылі ў лесе па 3 маленькіх ваўка, якія трымаюцца маці.
Мы па-ранейшаму чакаем “сямейныя” фотаздымкі ваўкоў на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”! Але пакуль на такія фота ў запаведнай зоне не шчасціць.
Да новых летніх аглядаў!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: